История

Андрэй Кныш

Як у Беларусі была прыватызаваная перамога над фашызмам

«Салідарнасць» прыгадвае знакавую падзею 30-гадовай даўніны.

9 мая 1994-га групу ветэранаў не прапусцілі на плошчу Перамогі. Ім давялося чакаць завяршэння афіцыйнай часткі ўрачыстасцяў, пакуль тагачасныя прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч і старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб, а таксама чынавенства рангам ніжэй, не ўскладуць кветкі да вечнага агню.

Групу БНФ не пускаюць да манумента Перамогі. Сяргей Навумчык, Зянон Пазняк, Васіль Быкаў. 9 мая 1994, фота газеты «Свабода»

Сярод ветэранаў быў Васіль Быкаў. Сусветна вядомага пісьменніка, франтавіка «не пазнаў» афіцэр міліцыі, які кіраваў ачапленнем на падыходах па плошчы. «Не пазнаў» ён і іншых дэпутатаў парламента, прадстаўнікоў апазіцыі БНФ.

— Падышла група невядомых асобаў у колькасці прыблізна пяцідзесяці чалавек, — перадаў ён па рацыі і выклікаў на падмогу АМАП.

читайте также

На наступны дзень Васіль Быкаў напісаў для газеты «Свабода» артыкул «Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць». У ім ён правёў паралелі з прамовай Сталіна ў першыя мірныя дні і падзеямі 1994-га. Працытуем:

«Крывавую перамогу над нямецкім фашызмам ён прыпісаў выключна мудрасьці ВКП(б), правільнасьці савецкай вайсковай навукі, адданасьці сацыялістычнаму ладу. На вушы нядаўніх франтавікоў было дзіўнавата слухаць тое. Але яны слухалі і маўчалі: высновы правадыра народаў былі вышэй за вайну, за ісьціну — вышэй за жыцьцё.

Нешта падобнае адбываецца і зараз, напрыканцы ХХ стагодзьдзя, у, здавалася б, зусім новых грамадзка-палітычных умовах. Перамогу над фашызмам імкнуцца прыватызаваць з гэткім жа посьпехам, як прыватызуецца ўсё астатняе».

Тут і далей выкарыстоўваюцца сканы газеты «Свабода», якія захоўваюцца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

Быў у тым артыкуле і прарочы момант. Зважаючы на тое, што адбываецца сёння на нашых вачах, гэты фрагмент можна ацэньваць як папярэджанне пра тое, чым можа скончыцца такая прыватызацыя:

Самы жахлівы на той час вораг быў пераможаны, але застаўся другі, ня меней жахлівы, які цынічна скарыстаў зручны момант узвысіцца на той перамозе.

Ён і да сёньня спрабуе тое, састарэлы, з падарваным здароў’ем, ідэйна збанкрутаваны, матэр’яльна абнішчаны, з выпаўшымі, абкрушанымі ікламі, але поўны ранейшай рашучасьці ня выпусьціць з тых іклаў-абломкаў сваю ахвяру. Ахвяра гэтая — свабода чалавецтва, якое па-ранейшаму ведае адно: усё трываць і ня памятаць сваёй крыўды.

Праз колькі месяцаў Васілю Быкаву давядзецца ізноў прыгадваць свае думкі пра прыватызацыю гісторыі. 3 ліпеня, у 50-ю гадавіну вызвалення Беларусі, дэпутатаў-ветэранаў ізноў не пусцілі на плошчу Перамогі, хоць у іх і быў дазвол ад гарадскіх уладаў.

На плошчу тады не пусцілі нават аўтара манумента Перамогі ў Мінску, архітэктара Георгія Заборскага (у цэнтры), тройчы параненага на фронце. Фота: «Літаратура і мастацтва»

Сапраўдная прыватызацыя перамогі пачнецца неўзабаве. У Кебіча быў таленавіты вучань, які праз лічаныя дні пасля тых ліпеньскіх падзей атрымае прэзідэнцкую ўладу. І не выпусціць яе са сваіх рук да нашых дзён.

Ужо праз год, калі ўвесь свет адзначаў 50-годдзе перамогі міру над вайной, газета «Свабода» пісала пра новую атмасферу памятнага дня ў Беларусі. Пра тое, як прапагандысцкая машына ажыўляла не памяць пра вайну, а сам настрой вайны — варожасць, нянавісць і злосць.

«На вайсковым парадзе ў Менску дзяржава дэманстравала зброю, якая ня мае ніякага дачыненьня да той Перамогі, але якой людзі павінны баяцца сёньня», — пісала «Свабода» ў 1995-м.

І гэта, па вялікім рахунку, таксама былі прарочыя радкі.

А яшчэ праз год на плошчы Перамогі амапаўцы канчаткова перасталі саромецца. У сябраў Дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў яны вырывалі з рук бел-чырвона-белыя сцягі.

Неўзабаве свята Перамогі, ягоная афіцыйная частка, была прыватызаваная канчаткова. Да вечанага агня перасталі пускаць «няправільных» ветэранаў, а «правільныя» канчаткова ператварыліся ў масоўку для Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(16)