Як склаліся лёсы дэпутатаў БНФ, што абвясцілі незалежнасць

У 1990 годзе беларусы ўпершыню выбралі сапраўдны парламент — Вярхоўны Савет 12 склікання. Туды трапілі 28 дэпутатаў, якія аб’ядналіся ў апазіцыю Беларускага народнага фронта.

Як склаўся лёс гэтых людзей, якія абвясцілі незалежнасць краіны?

Памерлі

З часу выбараў прайшло ўжо больш за трыццаць гадоў, парламент таго склікання скончыў працу чвэрць стагоддзя таму. Не дзіўна, што не ўсе дэпутаты БНФ з намі. Памерла ўжо амаль траціна: дзевяць чалавек.

Першым у іншы свет у 1999-м адышоў Ігар Пырх. Яму было ўсяго 50. «Наколькі я памятаю, рак», — сцісла каментуе Сяргей Навумчык. Палкоўнік міліцыі з Гомеля, Пырх узначаліў камісію па ГКЧП і спрабаваў прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія падтрымалі путчыстаў. Безвынікова.

Як кажа Сяргей Навумчык, Пырх хацеў удзельнічаць у знакамітай галадоўцы 1995-га (каб не дапусціць рэферэндум па змене сімволікі і статуса дзяржаўнай мовы), але мусіў класціся ў шпіталь, і Пазняк параіў яму не рызыкаваць здароўем.

Ігар Гермянчук, фота Радыё Свабода

У 2002-м адышоў таленавіты журналіст Ігар Гермянчук. Яму было ўсяго 41 год. У колішняга галоўнага рэдактара газеты «Свабода» і заснавальніка часопіса «Кур’ер» была анкалогія.

У 2011-м памерла Галіна Сямдзянава. Менавіта яна пасля жнівеньскага путча разам з калегамі сагнала з трыбуны тагачаснага кіраўніка БССР Анатоля Малафеева, што забяспечыла псіхалагічны пералом у зале парламента — і ў выніку паспрыяла абвяшчэнню незалежнасці.

Галіна Сямдзянава, фота Радыё Свабода

Пасля сыходу з парламента Сямдзянава засталася ў палітыцы. Пасля расколу БНФ яна выбрала партыю, якую ўзначальваў Вінцук Вячорка, з’яўлялася адной з яе кіраўніц.

У 2014-м ад раку крыві памёр Генадзь Грушавы, вядомы як стваральнік фонда «Дзеці Чарнобыля». Цікава, што ён быў адзіным дэпутатам БНФ, які быў абраны ў наступны Вярхоўны Савет 13 склікання (хоць ішоў ад іншай партыі). Але яго перамога супала з рэферэндумам 1996-га, пасля якога стары парламент спыніў сваё існаванне.

Генадзь Грушавы, фота Радыё Свабода

У наступныя гады Грушавому давялося пэўны час жыць у Германіі, хаваючыся ад пераследу.

У тым жа годзе сышоў у іншы свет і Барыс Гюнтар. Пасля сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў ён пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна».

У 2019-м ад анкалогіі памёр Алесь Шут. Яшчэ да дэпутацтва ён з’яўляўся намеснікам галоўнага доктара Лагойскай бальніцы, але працаваў практыкуючым хірургам.

Алесь Шут

«Хірургам ён працаваў да дэпутацтва, падчас яго і пасля — і часам да яго па дапамогу прыходзілі пэнсіянеры, якія калісьці цкавалі яго за палітычныя погляды. Алесь лячыў і іх», — пісаў Сяргей Навумчык

У 2020-м сышлі ў іншы свет Уладзімір Заблоцкі, кіраўнік ценевага кабінета міністраў Апазіцыі БНФ, пазней прадпрымальнік і адзін з галоўных экспертаў у галіне энергетычнай бяспекі Беларусі.

У тым жа годзе памёр таксама Уладзімір Станкевіч, які з’яўляўся ў парламенце намеснікам старшыні камісіі па заканадаўстве.

У лютым 2021-га праз каранавірус памёр Лявон Дзейка, які застаўся ў палітыцы і пасля сыходу з парламента.

Лявон Дзейка, фота Радыё Свабода

У адным з інтэрв’ю ён прызнаваўся, што найбольш любіць рэдагаваць сайт Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адным са стваральнікам якой ён з’яўляўся.

Эмігранты

Пяцёра былых дэпутатаў ад БНФ зараз знаходзяцца ў эміграцыі.

Першымі Радзіму давялося пакінуць лідару арганізацыі Зянону Пазняку і яго паплечніку Сяргею Навумчыку. У 1996-м стала вядома, што іх жыццю пагражае небяспека. Неўзабаве яны атрымалі палітычны прытулак у ЗША.

Зянон Пазняк, фота Радыё Свабода

Наступныя тры гады Зянон Пазняк кіраваў арганізацыяй дыстанцыйна. У 1999-м у ёй адбыўся раскол. Зянон узначаліў Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю БНФ, якой кіруе дагэтуль. Перыядычна Пазняк выказваецца па актуальных палітычных пытаннях, крытыкуючы як старую, так і новую апазіцыю.

Сяргей Навумчык. Фота Сяргея Гудзіліна

Сяргей Навумчык стаў супрацоўнікам «Радыё Свабода». Адначасова ён з’яўляецца своеасаблівым летапісцам Фронта, аўтарам некалькі кніг — ад «Дзевяноста першага» да «Дзевяноста пятага», а таксама соцен публікацый.

Сяргей Слабчанка стаў адным з нешматлікіх прадстаўнікоў апазіцыі, які заняў дзяржаўную пасаду: узначаліў Дзяржзнак Беларусі і працаваў над стварэннем першых грошай незалежнай краіны. Пазней Слабчанка з’ехаў у Канаду.

Сяргей Слабчанка

«Тое, што я раблю цяпер у Канадзе, падобна да таго, што я рабіў у Беларусі. Я віцэ-прэзідэнт па выпрацоўцы палітыкі партыі. У нас тут у правінцыі ўжо 36 гадоў ва ўладзе адна кансерватыўная партыя. Мы цяпер стварылі новую, і я спадзяюся, што яшчэ пару гадоў, і яна таксама прыйдзе да ўлады. Трошкі дэмакратыі хочацца дадаць і гэтай краіне», — расказваў Слабчанка дзесяць гадоў таму. Зараз ён па-ранейшаму жыве ў гэтай краіне.

Юрась Беленькі — як, дарэчы, і некаторыя іншыя яго калегі — спрабаваў зноў стаць дэпутатам парламента. Паводле яго слоў, для перамогі яму не хапіла ўсяго 30 галасоў (хоць колькасць выбаршчыкаў на ўчастку складала 31 тысячу).

У дзевяностыя і нулявыя Беленькі, эканаміст па адукацыі, працаваў на розных прадпрыемствах, часта ў якасці намесніка дырэктара). З 1999-га, у адсутнасць Зянона Пазняка, адначасова выконваў абавязкі кіраўніка КХП-БНФ. Запомніўся фразай «Калі ты размаўляеш па-руску — ты ў арміі акупанта і страляеш у свой народ».

Юрась Беленькі на перапахаванні Каліноўскага ў Вільні ў лістападзе 2019 года. Фота Надзеі Бужан

Летась палітык з’ехаў у ЗША, у паўночны штат Мінесота. Першапачаткова ён ехаў туды ў госці да родных (у Штатах жывуць яго сястра і дачка), але ў сувязі з каранавірусам і выбарамі вырашыў пакуль не вяртацца.

Вольга Галубовіч адышла ад апазыцыі прыкладна ў 1993-м, калі яе накіравалі на вучобу ў Дыпламатычную акадэмію. «Шушкевіч бачыў у ёй пасла. Мы паставіліся да гэтага з разуменнем, — кажа Сяргей Навумчык. — Потым яна ўжо пры Лукашэнку паехала на нейкую трэцяразрадную пасаду ў амбасаду ў Вялікабрытаніі. Калі мы з Пазняком былі ў Лондане ў 1996-м, яна там працавала, але жадання сустрэцца з намі не выказала, да чаго мы таксама паставіліся з разуменнем». Па словах Навумчыка, потым Галубовіч выйшла замуж за валійца і жыве ва Уэльсе.

Засталіся ў беларускай палітыцы і па-за ёй

Удалую кар’еру зрабіў Уладзімір Новік. Ён рана адышоў ад апазіцыі, доўгі час з’яўляўся намеснікам старшыні Беларусбанка. На афіцыйным сайце гэтай арганізацыі ён апошні раз згадваўся ў гэтым статусе ў 2014-м.

Алег Трусаў быў намеснікам старшыні Апазіцыі БНФ (разам з Уладзімірам Заблоцкім). Але на першых прэзідэнцкіх выбарах яго Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыя (Грамада) падтрымала не Зянона Пазняка, а Станіслава Шушкевіча. Пасля сыходу з парламента Трусаў два гады з’яўляўся дэканам факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм Універсітэта культуры. А ў 1999-м на доўгі час узначаліў Таварыства беларускай мовы.

Алег Трусаў, фота Надзеі Бужан

У асяроддзі беларускіх апазіцыянераў ён мае рэпутацыю палітыка-аптыміста, які быў гатовы да супрацоўніцтва з уладай па пытаннях культуры. У апошнія гады перадаў кіраванне ТБМ Алене Анісім і ў якасці рэктара засяродзіўся на стварэнні Нацыянальнага універсітэта імя Ніла Гілевіча.

Пасля сыходу з парламента Валянцін Голубеў застаўся ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 2011-м абараніў доктарскую дысертацыю (даследаванне прысвечана сельскай абшчыне ў 16-18 стагоддзях). Стажыраваўся ў Жэнеўскім, Беластоцкім, Варшаўскім, Уроцлаўскім, Ягелонскім, Познаньскім, Віленскім педагагічным універсітэтах.

Валянцін Голубеў, фота Радыё Свабода

У 2016-м ён напісаў у суаўтарстве кнігу «Гісторыя Беларусі ад пачатку XIX да 1945 года». Праз год яго суаўтар Ірына Кітурка стала рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2018-м Голубеў выступіў на святкаванні 100-годдзя БНР, якое прайшло каля Опернага тэатра. Яго прамова аказалася адной з самых яркіх.

Паліглот Лявон Баршчэўскі доўгі час заставаўся ў палітыцы. Пэўны час выконваў абавязкі кіраўніка яшчэ адзінага БНФ. Пасля расколу кіраваў партыяй БНФ (перад кадэнцыяй Аляксея Янукевіча), але пасля разам з аднадумцамі выйшаў з партыі.

Лявон Баршчэўскі, фота Надзеі Бужан

Баршчэўскі вядомы як намеснік дырэктара легендарнага Коласаўскага ліцэя, а таксама як перакладчык, аўтар шматлікіх праграм ды распрацовак. Рэгулярна з’яўляюцца яго пераклады з іншых моў. Так, летась дзякуючы Баршчэўскаму па-беларуску загучаў Кафка.

Архітэктар Лявонцій Зданевіч адышоў ад палітыкі і працаваў па спецыяльнасці.

Лявонцій Зданевіч, фота Радыё Свабода

«Я шмат пабудаваў прыватных аб’ектаў, якія прымусілі беларусаў асэнсаваць эстэтыку і філасофію прыватнага дому. А з вялікіх аб’ектаў я зрабіў рэканструкцыю комплексу будынкаў Беларускай чыгункі. Будынак украінскай амбасады — таксама мой аб’ект. Зараз праектую пасёлак Сонечны. Гэта цэлы жылы раён з новай філасофіяй. Ён пабудаваны як сістэма таўнхаусаў — гэта зблакаваныя невялікія дамы», — расказваў Зданевіч у 2011-м «Радыё Свабода». Зараз Лявонцій мае сваю архітэктурную майстэрню. Яго дачка — таксама архітэктар.

Пятро Садоўскі, фота Надзеі Бужан

Мовазнаўца Пятро Садоўскі — пасол у Германіі (1992-1994). Ён працягнуў справу Сяргея Навумчыка — напісаў мемуары «Мой шыбалет». Доўгі час уваходзіў у Сойм БНФ. Два гады таму Садоўскі ўдзельнічаў у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй. На іх ён выканаў патрыятычнаю песню на словы Янкі Купалы «А ў бары-бары тры дарожанькі».

Яе ж Садоўскі выконваў 25 жніўня 1991-га на плошчы Незалежнасці, калі аднаўлялася беларуская незалежнасць. Аднак суддзя не ацаніў паралелі і пакараў Садоўскага штрафам.

У 2001-м Сяргей Антончык спрабаваў вылучацца ў прэзідэнты, але ўрэшце зняў кандыдатуру на карысць Міхаіла Марыніча. Імкнуўся стварыць незалежныя прафсаюзы, неаднаразова затрымліваўся, яму прысуджалі штрафы ды суткі.

Сяргей Антончык

Апошняе па часе затрыманне адбылося сёлета. Міліцыянеры ўбачылі на трох камянях, што ляжаць ля лецішча Антончыка, намаляваныя «Пагоню», бел-чырвона-белы сцяг і сцяг ЕС. Суд аштрафаваў былога палітыка на 30 базавых велічыняў за «несанкцыяванае пікетаванне». На той момант гэта было 900 рублёў. Пенсія Антончыка складала 420 рублёў.

Сяргей Папкоў, фота Уладзя Грыдзіна

Сяргей Папкоў застаўся верным Зянону Пазняку. Ён перайшоў у Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю БНФ, ужо доўгія гады з’яўляецца намеснікам старшыні. Таксама ў КХП-БНФ знаходзіцца і Мікалай Крыжаноўскі.

Мікалай Крыжаноўскі, фота Сяргея Чырыка

84-гадовы палітык пазначаны на сайце арганізацыі як кіраўнік сацыяльна-эканамічнай камісіі Сойму. Дзесяць гадоў таму ён працаваў у адным з аналітычных цэнтраў Акадэміі навук. Зрэшты, старэйшы дэпутат Апазіцыі не ён, а 86-гадовы Павел Холад, які знаходзіцца на пенсіі.

Мікола Маркевіч доўгія гады займаўся журналістыкай, кіраваў гродзенскай газетай «Пагоня». У 2002 атрымаў два з паловай гады хіміі за «паклёп у адносінах прэзідэнта».

Мікола Маркевіч (справа). Фота Надзеі Бужан

Да свайго датэрміновага вызвалення працаваў вахцёрам на лесапілцы ў Асіповічах. Пасля кіраваў газетай «Дзень», якая таксама была закрыта, і аднаўляў «Радыё Рацыя». Апошнім часам займаўся пасажырскімі перавозкамі паміж Гродна і Беластокам.

Пасля сыходу з парламента Мікалай Аксаміт працаваў юрыстам. У 2004-м быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату Прадстаўнікоў і пасля агучвання афіцыйных вынікаў два тыдні трымаў галадоўку.

Мікалай Аксаміт

Пазней пэўны час знаходзіўся за мяжой. Зараз жыве ў Ваўкавыску, разам з жонкай займаецца жывапісам і нават выстаўляецца ў музеях.

Яшчэ тры чалавекі рана адышлі ад палітыкі, зараз яны не надта публічныя асобы. Адзін з іх — Віктар Алампіеў, які ўзначальваў у Вярхоўным Савеце фракцыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, ды падтрымліваў БНФ. У 2000-2001 гадах браў удзел у дзейнасці Кансультацыйнай рады апазіцыйных палітычных партыяў. Пасля адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Таксама не надта актыўны і яго калега па Грамадзе Віталь Малашка.

Віктар Какоўка адышоў ад актыўнай дзейнасці яшчэ падчас працы з парламенце: падчас аднаго з пасяджэнняў з ім здарыўся сардэчны прыступ.

Хоць сваю кадэнцыю Какоўка дабыў да канца. Зараз 72-гадовы былы дэпутат жыве ў Наваполацку.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га склікання Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Алампіеў, Юры Беленькі, Лявон Дзейка, Сяргей Папкоў, кастрычнік 2013 года. Фота: Радыё Свабода

Лёс дэпутатаў БНФ склаўся няпроста.

«Пасля завяршэння паўнамоцтваў іх не бралі на працу, некаторыя нават працавалі на будоўлі звычайнымі рабочымі, — хаця закон гарантаваў ім уладкаванне, як мінімум раўназначнае працоўнаму месцу да абрання дэпутатаў, — кажа Сяргей Навумчык. — Але галоўнае, што аказалася не пры справе катэгорыя — унікальная ў сваім родзе — дзяржаўных дзеячоў нацыянальнага накірунку, якія мелі вопыт нацыянальнай заканатворчай дзейнасці. Такі вопыт не набіраецца за тры месяцы.

Зрэшты, сваю гістарычную місію яны выканалі: дзякуючы дэпутатам БНФ Беларусь у жніўні-верасні 1991 года вярнула сцяг і герб. А таксама, што самае галоўнае — незалежнасць краіны».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)