Общество

Як міліцэйскі начальнік даставаў з ЦІП сына «ябацькі»: затрымалі за чырвоныя красоўкі

Рэпрэсіўная машына ў Беларусі працуе без разбору, і самі яе выканаўцы гэта бачаць. Такую выснову можна зрабіць з новага зліву, які апублікавалі былыя сілавікі, піша Наша Ніва.

Хірургу вышэйшай катэгорыі Мінскай абласной бальніцы прыйшлося падняць усе свае сувязі, каб вызваліць са следчага ізалятара на Акрэсціна невінаватага сына, якога забралі за чырвоныя красоўкі.

Былыя сілавікі запэўніваюць, што галасы на запісы належаць начальніку ГУКВ МУС палкоўніку міліцыі Свірыду Максіму Аляксандравічу, начальніку УКВ КМ ГУУС Мінгарвыканкама палкоўніку міліцыі Ушакову Сяргею Уладзіміравічу і Купчэню Аляксандру Сцяпанавічу, былому начальніку УАПП МГБ ГУУС, цяпер начальніку ГУАПП МУС.

Вырашае праблему затрыманага хлопца палкоўнік міліцыі Свірыд.

Да яго звярнуўся Мікуліч Андрэй Уладзіміравіч, «ва ўпраўленні горада працаваў». А да Мікуліча прыходзіў доктар, «які дапамагаў маме яго ў Мінскай абласной бальніцы, хірург вышэйшай катэгорыі».

– Кажа: сын вучыцца ў каледжы сувязі. Сёння ў яго абарона дыплома, вучыцца на адныя дзявяткі, ні разу да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся. Да 20-21 сядзеў, рыхтаваўся да здачы. Учора выйшаў на вуліцу ў чырвоных красоўках, яго хапанулі, склалі на яго пратакол. Малы ў шоку, бацька ў шоку, там усе ў шоку, ‒ распавядае Свірыд Ушакову.

– Ну, учора ж ніякіх акцый, нічога абсалютна не было, ‒ дадае Свірыд. Пры гэтым, паводле слоў Ушакова, было затрымана 43 чалавекі.

Ушакоў кажа, што трэба звязвацца з Купчэнем і з Падвойскім, начальнікам МГБ ГУУС Мінгарвыканкама.

Свірыд тэлефануе Купчэню. Распавядае, што хлопец выходзіў увечары з каледжа, яго затрымалі, а «ў малога адзінае што — гэта чырвоныя красоўкі».

– Пачалі яго затрымліваць. Там другі, не ён, не гэты Казлоўскі, а другі, трошкі непрыгожа сябе павёў. Ну і на іх склалі пратакольчыкі. І загналі іх у ЦІП. А ў малога сёння абарона дыплома ў каледжы. І бацька там: «Ды я галасаваў за прэзідэнта, ды я, блін, сумленны, а тут такая сітуацыя». Можа быць, можна нешта дзесьці можна з гэтым малым… Можа да разгляду пад зад нагой, а мы тут ужо са свайго боку пракантралюем яго прыбыццё на разгляд, ‒ просіць Свірыд.

– Я пачуў. Пазначыў я яго, ‒ адказвае Купчэня.

Чым скончылася гісторыя, невядома. Трэба меркаваць, хлопец трапіў на абарону дыплома, паколькі Свірыд гатовы быў і «Грыбу тэлефанаваць» [начальніку ГУУС Мінгарвыканкама].

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(18)