История

Андрэй Кныш

Як, калі і адкуль з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг

У рамках спецпраекта «Неперапісаная гісторыя» «Салідарнасць» працягвае расказваць пра нацыянальныя сімвалы Беларусі. Гэтым разам — пра бел-чырвона-белы сцяг.

Легенды і сучаснасць

«Ёсць легенда пра тое, як узнік наш сцяг. Быццам жыў у Беларусі разумны і мужны князь, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Калі ж нападалі чужынцы — смела ішоў у бой, сам ваяваў ды іншымі камандаваў так, што непрыяцель у жаху ўцякаў. Ды неяк у сечы князя паранілі: чужы рыцар мечам рассек яму лоб. Верныя сябры вынеслі князя з поля бітвы і перавязалі рану белым палатном».

Гэта радкі з надзвычай папулярнай у пачатку 90-х кнігі «Пра герб і сцяг» аўтарства Вінцука Вячоркі, ілюстраванай шыкоўнымі малюнкамі Пятра Драчова.

Ілюстрацыя з кнігі «Пра герб і сцяг»

Цяпер у гэта цяжка паверыць, але ў 1993-м выдавецтва «Беларусь» надрукавала 90-тысячны наклад гэтай кнігі, прызначанай для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Працяг легенды кажа пра тое, што войска князя пачало адступаць, пабачыўшы яго скрываўленым. Што было далей, яскрава апісаў бард Сяржук Сокалаў-Воюш:

І тады падняўся князь з зямлі,

Белыя павязкі зняў чала.

Як штандар, яны ў руках былі,

Як прамені зыркага святла.

 

Кроў лягла чырвонай паласой

Цераз палатна сляпучы снег —

І схапіўся зноў за зброю вой,

І чужак заснуў у кургане.

Праз лічаныя гады пасля выхаду кнігі Вячоркі і Драчова апісаная ў ёй легенда атрымала сучаснае ўвасабленне. Драматычная вясна 1996-га, краіна апынулася на гістарычным раздарожжы. У Мінску адбываліся шматтысячныя дэманстрацыі супраць інтэграцыі з Расіяй.

Фоты Георгія Ліхтаровіча, Вытокі (злева), Сяргея Брушко

«Чарнобыльскі шлях-96» запомніўся жорсткімі сутычкамі з міліцыянтамі. Адна са сцэнаў стала сімвалам тых падзей: перад шчытамі міліцыі з’явіўся мужчына з разбітай галавой, які дэманстраваў людзям у форме скрываўленае белае палатно.

На іншым здымку той жа чалавек трымае бел-чырвона-белы сцяг у плямах крыві.

Пад якімі сцягамі нашы продкі біліся пад Грунвальдам і Воршай

У папулярнай літаратуры часта сустракаюцца згадкі па тое, што нашыя продкі біліся з ворагамі пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў часы ВКЛ. У якасці прыкладаў прыводзяцца славутыя бітвы пад Грунвальдам і Воршай.

Даўней бел-чырвона-белыя сцяжкі развяваліся на дзідах у ваяроў, якія баранілі незалежнасць нашай краіны.

Уладзімір Арлоў, «Адкуль наш род»

Даследчыкі мяркуюць, што ў выпадку з Аршанскай бітвай гаворка ідзе пра выкарыстанне вялікалітоўскай конніцай сцяга Святога Юр’я (чырвоны крыж на белым палотнішчы), які ў тыя часы лічыўся нябесным абаронцам тагачасных беларускіх земляў. Гэты сцяг мог стаць прататыпам бел-чырвона-белага.

Зрэшты, на карціне «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.» (1520) можна пабачыць і сем уласна БЧБ-сцяжкоў без вертыкальнай чырвонай рысы.

Ёсць сумневы ў некаторых гісторыкаў і пра выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў у якасці дзяржаўных (у сучасным значэнні) войскамі Вітаўта пад Грунвальдам у бітве з тэўтонцамі. Гэта мог быць уласны сімвал вялікага князя.

Значэнне і сімволіка колераў

Гісторык Міхась Ткачоў меркаваў, што белы колер стаў для нашых продкаў «знакам дабра, знакам чысьціні, крынічнай вады, шляхетнага серабра». Чырвоны ж колер — «знак жыватворнага агню, сімвал адвагі і ваяўнічасці, храбрасці, доблесці і праведнай крыві, пралітай за Айчыну».

Спалучэнне белага і чырвонага колераў найбольш пашыранае ў беларускім арнаменце, яно было адной з адметнасцяў у гатычным дойлідстве на беларускіх землях.

Бел-чырвона-белая стужка ад 12 ст. аздабляе адзенне беларускіх царкоўных іерархаў. Гэта агульнахрысціянская традыцыя: чырвоны колер на белым фоне сімвалізуе знак Хрыстовай пакуты, пралітай за род людскі крыві.

Нараджэнне сцяга

Сцягі ў якасці дзяржаўных сімвалаў сталі з’яўляцца толькі ў 16 стагоддзі. Гэты працэс расцягнуўся не на адну сотню год. У Еўропе масавае стварэнне афіцыйных сцягоў дзяржаваў прыпадае на канец 18-га — пачатак 19 ст.

Вось як пра стварэнне бел-чырвона-белага сцяга ў кнізе «Адкуль наш род» (2003) піша пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў:

— Спачатку сцяг Вялікага Княства Літоўскага быў чырвоны з вышытымі на ім «Пагоняй» і Багародзіцаю з яе маленькім сынам Ісусам. Іншыя еўрапейскія краіны тады таксама мелі сцягі з рознымі складанымі выявамі. Але прыкладна пяцьсот гадоў таму сталі з’яўляцца сцягі больш простыя і зручныя. Найчасцей яны ўтвараліся так.

Гербавы малюнак змяшчалі на шчыце. Дык вось колер малюнка рабіўся галоўным колерам сцяга, а колер шчыта — дадатковым. Рыцар «Пагоні», як мы ведаем, быў белы, а шчыт, на якім ён намаляваны, — чырвоны.

Гэта навукова-папулярная версія, якая абгрунтоўвае паходжанне сучаснага нацыянальнага сцяга беларусаў. Ён, як вядома, упершыню атрымаў статус дзяржаўнага толькі ў пачатку 20 ст.

Як франтавікі папулярызавалі БЧБ

Лічыцца, што станаўленне бел-чырвона-белага сцяга ў якасці нацыянальнага сімвала беларусаў адбылося не раней за афармленне беларускай нацыянальнай ідэі.

Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга на замову беларускiх арганiзацый Пецярбурга распрацаваў грамадска-палітычны і культурны дзяяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Адбылася гэта не пазней за 1917 год, па іншых звестках — у пачатку 1918-га. У сваёй працы ён прытрымліваўся апісанага Арловым геральдычнага прынцыпу пераносу колераў гербу на сцяг.

— Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сцягам белую Пагоню на чырвоным полі. Рух за незалежнасць хацеў стварыць сабе сцяг больш адрозны ад герба, як было ў іншых, дзяржаўных народаў, — пісаў ва ўспамінах Дуж-Душэўскі.

Створаны ім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917-га на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу.

12 сакавiка таго ж года ў Мінску ўпершыню адзначылі нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона­белыя значкi, кукарды і сцяжкi ў той дзень можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона-белая стужка ў 1917-м стала апазнавальным знакам для вайскоўцаў-беларусаў на франтах Першай сусветнай вайны. Дзякуючы франтавікам бел-чырвона-белы сімвал і замацаваўся.

Першы дзяржаўны

У снежні 1917-га адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, многія з дэлегатаў якога выступалі за незалежнасць Беларусі. Паводле ўспамінаў дзяржаўнага дзеяча Канстанціна Езавітава, адкрыццё кангрэсу «было дужа ўрачыстае»: «Пры дзвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палка, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сцягамі і гербам Пагоня».

А вось што пра агульнанацыянальнае прызнанне сцяга ў кнізе «Флагі Беларусі ўчора і сёння» пісалі гісторыкі Аляксандр Басаў і Іван Куркоў:

— Можна сказаць, што менавіта снежань 1917 года, пэўна, і быў тым перыядам, з якога бела-чырвона-белы флаг стаў успрымацца ў масавай свядомасці як нацыянальны флаг беларусаў. Гэта і не дзіўна. Таму што дэлегатам Першага Усебеларускага з’езда, якія прыехалі сюды з усіх куткоў Беларусі, бела-чырвона-белае палотнішча было прадстаўлена як нацыянальны флаг, як дзяржаўны «штандарт».

Несумненна, што раз’ехаўшыся па сваіх родных месцах, яны паведамлялі аб флагу мясцовым жыхарам. Узнавіць палотнішча было няцяжка — флаг меў просты малюнак, што таксама спрыяла яго хуткаму распаўсюджванню і шырокаму выкарыстанню ў Беларусі.

Бел-чырвона-белы сцяг быў афіцыйным дзяржаўным сімвалам БНР. Але такі статус ён атрымаў толькі 5 жніўня 1918 года, а да таго часу ні ён, ні герб «Пагоня» не былі зацверджаныя, і не мелі стандартнага ўзору для тыражавання.

Забарона-вяртанне-забарона

У часы БССР «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг былі пад фактычнай забаронай. Пры гэтым цягам дзесяцігоддзяў яны актыўна выкарыстоўваліся беларускай дыяспарай — прывітанне змрочным часам сённяшнім.

Напрыканцы існавання СССР нашыя сімвалы сталі з’яўляцца на вуліцах беларускіх гарадоў. Пад імі прайшло першае масавае шэсце ў Курапаты ў 1988-м.

А 19 верасня 1991 года рашэннем Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцягу быў нададзены статус дзяржаўных сімвалаў.

Канстытуцыя 1994-га забараняла выносіць на ўсенароднае абмеркаванне пытанні, што тычацца дзяржаўнай мовы і дзяржаўнай сімволікі. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка пайшоў на прамое парушэнне законаў і зладзіў у 1995-м годзе рэферэндум.

Паводле яго вынікаў у краіне была зацверджаная новая сімволіка, за аснову якой былі ўзятыя герб і сцяг БССР.

Падзеі 2020-га засведчылі, што вяртанне да спрадвечных сімвалаў беларусаў можа быць толькі пытаннем часу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)