Лица

Як беларускія пратэсты змянілі лёсы акцёраў і спевакоў

Пра гэта піша Наша Ніва.

Анжаліка Агурбаш

Яшчэ 3 ліпеня 2020 года Анжаліка Агурбаш прыязджала ў Мінск з Масквы, дзе жыве апошнія 20 гадоў і выступала ля стэлы на канцэрце, прысвечаным Дню незалежнасці. Нічога дзіўнага: раней Анжаліка прадстаўляла Беларусь на «Еўрабачанні», была вядучай «Славянскага базару». Лукашэнка нават вылучаў ёй участак у Драздах.

Але ў пачатку жніўня 2020-га, яшчэ да выбараў, Агурбаш падтрымала Святлану Ціханоўскую. А ў верасні асудзіла гвалт сілавікоў і заявіла, што Аляксандр Лукашэнка павінен змірыцца з тым, што прайграў выбары, «папрасіць прабачэння перад людзьмі і сысці».

Яна перапела сваю песню «Наўздагон», якую выконвала яшчэ ў 1990-я гады (кампазіцыя прысвечана гербу «Пагоня») — кліп на YouTube ўжо сабраў 1,5 мільёна праглядаў. У Маскве спявачка хадзіла на акцыі салідарнасці ў Беларусі, яе нават затрымлівалі.

Нядаўна Генпракуратура завяла на яе крымінальную справу за знявагу Лукашэнкі. Але Анжаліка — грамадзянка Расіі, якая не выдае сваіх. Агурбаш звярнулася да Пуціна з просьбай аб дапамозе Беларусі, апошнім часам усё часцей выступае з палітычнымі заявамі.

Іван Трус

Іван Трус — акцёр, які ў літаральным сэнсе слова зрабіў сябе сам. У сярэдзіне 2010-х ён з’ехаў з Мінска ў Магілёў у статусе аднаго з дзясяткаў сталічных акцёраў, не надта запатрабаваных і паспяховых. У інтэрв’ю прызнаваўся, што злоўжываў алкаголем. Праз некалькі гадоў ён вярнуўся ў Мінск у статусе тэатральнай зоркі.

Трус сыграў галоўную ролю ў фільме «Аванцюры Пранціша Вырвіча». Але стужка па рамане Людмілы Рублеўскай, прысвечаная падзеям XVIII стагоддзя, так і не выйшла на шырокія экраны, адбыўся толькі перадпаказ для прэсы.

Адначасова Іван атрымаў запрашэнне ў Купалаўскі тэатр, і за два сезоны бліскуча сыграў некалькі галоўных роляў у спектаклях Мікалая Пінігіна і яго вучняў. Пасля жнівеньскіх падзей акцёр сышоў з тэатра і разам з сям’ёй з’ехаў у Санкт-Пецярбург. Трус стаў акцёрам старэйшага ў Расіі Александрынскага тэатра, дзе яго ролі атрымалі прыхільныя водгукі расійскіх крытыкаў.

Разам з Іванам з тэатра сышла і большая частка трупы. Ніхто з іх не далучыўся да іншых беларускіх калектываў. Яны іграюць спектаклі анлайн у складзе незалежнай трупы «Купалаўцы», але амаль ніхто з іх не афішыруе сваю асноўную працу.

Рыта Дакота

«26 долго. Но пять — еще дольше. Мирные люди не смогли больше терпеть. Кто-то под утро. Домой не вернулся». Так пачынаецца песня «Уходи», якую 16 жніўня 2020-га апублікавала спявачка Рыта Дакота.

Рыта — мінчанка, але вядомасць набыла ў Расіі праз удзел у «Фабрыцы зорак»: там стрэліў яе хіт «Спички», які Рыта пазней праспявала па-беларуску.

Песню «Уходи» беларуска прысвяціла масавым пратэстам пасля прэзідэнцкіх выбараў. У кліпе выкарыстоўваліся відэа, на якіх сілавікі збівалі іх удзельнікаў. Рыта паабяцала: усе грошы ад спампоўкі песні яна адправіць пацярпелым, што ўрэшце і зрабіла.

Пазней Дакота выказвала гатоўнасць арганізаваць бясплатны анлайн-канцэрт для мінскай «Плошчы Пераменаў». Але ў лістападзе 2020-га адмяніла свой сольны канцэрт у Мінску. Яна непакоілася, што пасля прылёту ў Мінск можа трапіць за краты. Таксама яна патлумачыла сваё рашэнне тым, што не жадае «ніводнага рубля прыносіць у казну рэжыму».

NAKA

Актрыса Анастасія Шпакоўская амаль 20 гадоў працавала ў Горкаўскім тэатры. Але найбольшую вядомасць атрымала як лідар музычнага гурта Naka. Першыя песні спявала па-руску. Да беларускай мовы ў сваёй творчасці звярнулася ў 2016-м: захацела праспяваць пра Чарнобыль і зразумела, што лепш за ўсё гэта рабіць на роднай мове. Пазней яна запісала першы беларускамоўны альбом «Мая малітва».

Шпакоўская ніколі не хавала сваёй грамадзянскай пазіцыі і адкрыта казала пра праблемы. Напрыклад, у тым жа 2016-м казала ў інтэрв’ю, што яе зарплата ў тэатры складае каля 250 даляраў.

У жніўні 2020-га Анастасія звольнілася з Горкаўскага. Сваё рашэнне яна патлумачыла тым, што не можа працаваць у дзяржаўнай структуры ў сітуацыі, калі дзяржава аддае загады супраць уласнага народа. «Бывай, мой тэатр, маё сэрца, маё жыццё», — напісала яна ў сацыяльных сетках. Неўзабаве актрыса з’ехала ва Украіну, паколькі непакоілася за бяспеку дзяцей.

Восенню Шпакоўская арганізавала ў Кіеве беларускую анлайн-школу. Па яе словах, юрыдычна ўстанова прымацаваная да дзвюх прыватных украінскіх школ. У ёй будуць сфарміраваныя з 4-10 класы. Прадметы, уключаныя ва ўкраінскую праграму, будуць выкладацца па-руску, таксама ёсць беларуская мова, літаратура і гісторыя. Па заканчэнню дзеці атрымаюць украінскі сертыфікат дзяржаўнага ўзору.

Іскуі Абалян і айчынная рускамоўная эстрада

Да жніўня 2020-га значная частка айчыннай рускамоўнай эстрады была досыць апалітычная і амаль не выказвалася на грамадскія тэмы. Прэзідэнцкія выбары і наступныя падзеі ўсё змянілі.

Сваю пазіцыю супраць гвалту выказалі спявачкі Ганна Шаркунова, Ларыса Грыбалёва і Лера Яскевіч, рэпер ЛСП і Бакей, выканаўца Uzari, вядучы Дзмітрый Кахно, комік Дзмітрый Нарышкін, калектыў Akute.

Моцным ударам стала смерць Рамана Бандарэнкі. Шоўмен Дзяніс Кур’ян прапанаваў абвесціць дзень жалобы. Іскуі Абалян напісала ў сацсетках: «Усё. Жыццё абарвалася. Колькі яшчэ трэба ахвяр гэтаму рэжыму?»

Іскуі больш не запрашаюць на вялікія дзяржаўныя канцэрты. Штогод яна ладзіла канцэрты да дня святога Валянціна. Але сёлета яго ўпершыню давялося арганізоўваць у фармаце анлайн. «Мы доўга думалі з камандай, ці трэба нешта рабіць і запрашаць вас. Ці дарэчы камусьці песня, ці трэба гэта камусьці або не?

Мы зразумелі, што гэта патрэбна, патрэбна як паветра. Захоўваць унутраны аптымізм, цяпло і радасць трэба ў любых умовах для таго, каб жыць, каб дыхаць на поўныя грудзі. Асабліва ў апошні год — мы бачым, як ён узрушыў усё і ўсіх», — сказала спявачка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(36)