История

Андрэй Кныш

Як Albae Russiae стала Беларуссю. Хто і калі даў назву нашай краіне

32 гады таму Беларусь стала незалежнай. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі набыла статус канстытуцыйнага закона. З гэтай нагоды пiшам, хто і калі даў назву нашай краіне: ад міфаў і легендаў — да версій прафесійных гісторыкаў.

Беларусь ці Белоруссия? Пра гэта спрачаюцца між сабой не толькі прадстаўнікі розных пакаленняў нашых грамадзянаў, але і беларусы з гасцямі з Расіі, якія дагэтуль аддаюць перавагу каланіяльнай спадчыне. Зрэшты, і сярод нас ёсць тыя, хто лічыць сучасную назву нашай краіны недарэчнай, навязанай у свой час Кацярынай ІІ. 

У рамках спецпраекта «Неперапісаная гісторыя» «Салідарнасць» расказвае, адкуль пайшла назва Беларусь.

Пачнем з легендаў, якія расказваюць маленькім беларусам у садках і пачатковых класах.

Белаполь і беларусы

Так, родапачынальнікам беларусаў паводле выдадзенай у 1983 годзе кнігі «Легенды і паданні», быў Белаполь — сын Бая, першага чалавека на Зямлі.

Калі бацька перад смерцю надумаў дзяліць зямлю, Белаполь быў на паляванні. Старэйшыя браты пераказалі яму волю памерлага: адпусціць двух сабак, што яму дасталіся ў спадчыну: «Аднаго — у правы бок, другога — у левы. Колькі зямлі абабягуць за дзень, столькі і будзе тваёй».

Белаполь так і зрабіў, але па-свойму. «Злавіў дзвюх птушак: адну, што прыляцела з паўднёвага мора, другую — з мора паўночнага. Выпусціў птушак у розныя бакі, а наўздагон пусціў сабак. Тыя з такім імпэтам кінуліся за птушкамі, што аж пыл закурэў. I па сённяшні дзень іх няма. А па іх слядах дзве рэчкі пацяклі: у адзін бок — Дзвіна, у другі — Дняпро».

Паводле легенды, на гэтых абшарах Белаполь і пасяліўся. Ад розных жонак у яго пайшлі розныя плямёны, што стали звацца беларусамі.

Беларусы-лебедзі

Любіў спасылацца на легенды і Уладзімір Караткевіч. У ягоным апавяданні «Лебядзіны скіт» вядзецца пра часы мангольскіх нашэсцяў на нашыя землі. Адзін старац, каб уратаваць суайчыннікаў ад людзей хана Батыя, ахвяраваў сабой.

Паводле ўмовы з ханам, ён мог выратаваць ад палону і смерці толькі тых, хто змесціцца ў ягоны скіт. Змясціліся ўсе, бо трапіўшы ў яго, людзі — і стары, і малады — ператвараліся ў лебедзяў і выляталі на волю праз вакно.

— Кажуць, з таго часу Белая Русь і празываецца «белай». Ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей. А кажуць і другое: быццам таму яна «белая», што пад татарамі не пабыла, — пісаў некалі славуты пісьменнік.

Як росы сталі белымі

У папулярнай савецкай кінакамедыі «Белыя росы», якую здымалі ў аднайменнай вёсцы на ўскрайку Гродна, таксама прыгадваецца легенда. Яе аднавяскоўцам расказвае галоўны герой стужкі Фядос Ходас.

Спачатку ён прыгадвае гісторыю паходжання назвы вёскі і яе насельнікаў, а потым тлумачыць, што даўней увесь тутэйшы край меў назву Рось, а яго насельнікамі былі белыя росы. Белыя — таму што «чыстыя, адданыя, свае».  

Цікава, што іншы герой «Белых росаў», сусед і сябрук Фядоса Цімох, у гэты момант абвінавачвае яго ў скажэнні гісторыі. Маўляў, уся справа ў восеньскай расе на мясцовым балоце. 

Слова гісторыкам

Беларускі гісторык у Польшчы Алег Латышонак у адным з інтэрв’ю нагадвае, што першая згадка пра Белую Русь была адшуканая ў геаграфічным трактаце «Апісаньне зямель», датаваным XIII стагоддзем.

Пры гэтым у трактаце няма прывязкі да нейкага канкрэтнага месца, таму ўсе спрачаюцца і па сёння, пра якую Белую Русь там вялося, і дзе яна знаходзілася.

Самая старая згадка, блізкая да Беларусі, была зробленая падканцлерам Польскага каралеўства Янам Чарнкоўскім. Гаворка пра Вялікапольскую хроніку, надрукаваную напрыканцы XIV стагоддзя на лацінскай мове, піша гісторык Сяргей Абламейка.

У ёй гаворыцца пра тое, як князь Кейстут закаваў свайго пляменніка Ягайлу ў жалеза і пасадзіў яго разам з маці ў турму ў Полацку («in quodam castro Albae Russiae, Poloczk dicto»).

Прафесар Латышонак нагадвае, што дзякуючы ягонаму калегу гісторыку Генадзю Сагановічу ў асяродку беларускіх навукоўцаў запанавала яснасць наконт паходжання назвы «Белая Русь» —  усе першыя згадкі вядомыя з заходняй літаратуры — лацінскай ці нямецкамоўнай.

Фрагмент французскай мапы 1700 года

Па версіі Латышонка, хоць у латыні стагоддзі таму белым колерам азначалі кагосьці прыязнага, сяброўскага, у дачыненні да ўсходніх тэрыторый тагачаснай Еўропы назва мела іншы сэнс:

— Я спрабую яе растлумачыць тым, што ва ўсіх індаэўрапейскіх мовах белае азначае высокае, нейкі пік. Гэтая назва прыжылася на тэрыторыі, якая раней называлася проста верх, там, адкуль цякуць рэкі.

Паводле гісторыка, гэтую назву ў дачыннені да нашых земляў доўгі час ужывалі толькі чужаземцы. Найперш палякі, якія так называлі тэрыторыі, што ў ВКЛ мелі назву Русь — сучасныя ўсходнія раёны Беларусі.

Потым гэтую назву падхапілі мясцовыя інтэлектуалы, пасля чаго яна стала пашырацца сярод насельніцтва краю.

У часы панавання Расійскай імперыі назва Беларусь была замацаваная за тэрыторыяй кампактнага пражывання баларускага этнасу. Здарылася гэта ў 1890-м. А праз няпоўныя тры дзесяцігоддзі паўстала Беларуская Народная Рэспубліка. Дзякуючы чаму неўзабаве на мапе свету з’явілася БССР, а ўслед за ёй і сённяшняя Беларусь.