«Я вельмі моцна раззлавалася. І хадзіла на маршы супраць улады, цяжарная трэцім дзіцёнкам»

На што варта спадзявацца, як узрасціць унутраны спакой, і выжыць на эміграцыі ў польскай вёсцы з чатырма дзецьмі, «Салідарнасці» распавяла мастачка і спецыялістка па каліграфіі Мая.

— Мая, прачытала ў вашым інстаграме, што «я часта правальвалася ў нейкі адчай, бо чацвёра дзяцей і да мінулага месяца адсутнасць ўласнага жылля...»

Як увогуле ў вас атрымліваецца выжываць у эміграцыі і што робіце з адчаем, калі накатвае?

— Я звяртаюся па дапамогу. Калі ёсць магчымасць, да тэрапеўта, бо веру ў псіхааналіз. Мне падаецца, што гэта вельмі натхняльная рэч у нашыя часы. Калі можна сапраўды крыху пазмагацца са сваімі прусакамі з дапамогай чалавека, які ў гэтым разбіраецца.

Наконт дзяцей, гэта канешне, цяжка, але ў мяне добрая сям’я. Старэйшыя ходзяць у школу. Сярэдняя — ў садочак. Самаму малодшаму паўтары гады, у яслі пакуль не аддаю.

І ў вольную часіну імкнуся вяртацца да таго, чым займалася, пакуль не нарадзіла дзяцей – да любімай каліграфіі: правяраю працы, якія мне дасылаюць. На жаль не раблю майстар-класы, бо хачу атрымліваць за гэта нармальныя грошы, а ў многіх няма магчымасці іх плаціць. Плюс існуе моўны бар’ер, бо часам людзі хочуць, каб майстар-класы былі менавіта на польскай мове.

Мы з мужам яшчэ да 2020-га і да нараджэння дзяцей спрабавалі эміграваць у Германію. Гэта было такое вялікае і вельмі павольнае падарожжа. Але ў выніку вырашылі, што нас цягне дадому. І вярнуліся ў Беларусь.

У Германіі я адчувала сябе даволі ізаляванай і самотнай. Немцы вельмі асцярожна да сябе падпускаюць, знайсці там сябра вельмі складана. Негледзячы на тое, што мне тады было 26 гадоў, і я ведала нямецкую мову.

А потым здарыўся 2020 год, і мы з’ехалі ў Польшчу. Можна сказаць, што мы бясконца ў падарожжы.

У Польшчы таксама ёсць пытанні з інтэграцыяй, і я сябе адчуваю крыху разгубленай, але мне тут падабаецца. Тут ёсць шчырасць, таму не маю на што скардзіцца. Не магу сказаць, што адчуваю сябе дома, але — на сваім месцы.

— Цяжка далося рашэнне з’ехаць з Беларусі пасля 2020-га? У вас тады было трое дзетак?

— Так, у 2020-м я была цяжарная трэцім дзіцёнкам, нарадзіла яго ў студзені 2021-га, і мы хутка з’ехалі. Рашэнне было эмацыйным, але я была ў стане прадбачыць будучыню. Я ж жыла ў Беларусі і бачыла гісторыі, мо, не такія жорсткія і масавыя, але яны адбываліся і да 2020-га.

Я разумела, што пачнуцца рэпрэсіі, і дабяруцца і да мяне. Для мяне на першым месцы заўсёды бяспека маіх дзяцей, у тым ліку і эмацыйная, і ідэалагічная бяспека.

Я сачыла і ўдзельнічала ў падзеях 2020 года. Апошняй кропляй стала забойства Рамана Бандарэнкі. А яшчэ мой досвед удзелу ў маршах. Я бачыла як людзей хапаюць.Зразумела, што гэта бесчалавечна, і я не магу гэта прыняць.

— Вы ў той час былі цяжарная?

— Так адзін з апошніх маіх маршаў быў на шостым ці сёмым месяцы. І я зразумела, што гэта не проста небяспечна. Да таго часу я была ў ілюзіі, што з таго боку ўсё ж такі захоўваецца нешта чалавечае.    

— Як вы, цяжарная, не баяліся хадзіць на маршы?

— Я вельмі моцна раззлавалася. І сапраўды хацела нешта змяніць.

Раззлавала мяне і тое, што тады я сустрэла людзей, якіх усё задавальняе ў Беларусі. Зразумела, што яны прыстасоўваюцца. А я мару пра нешта большае, бо сапраўды вельмі цаню незалежнасць. І спрыяльныя ўмовы для развіцця маладых людзей, якія хочуць нешта зрабіць у сваёй краіне.

Але ў Беларусі шмат чаго завязана на уладу, вось такую. І мяне гэта таксама не задавальняла, я б не хацела для сваіх дзяцей гэткай будучыні. З такім кантролем развіцця ды і ўсяго жыцця. І не хацела б, каб мае дзеці прайшлі праз тое самае, праз што прайшлі мы.

«Гэта падобна на птушку, якая ляцела-ляцела і ў якую стрэлілі»

— Вы зараз жывяце ў польскай вёсцы. Чаму?

— Калі ты маці чацвярых дзяцей, то важна і свежае паветра, і добрыя кошты на прадукты, і на  жыллё. Рэнта паловы дома 70 метраў нам абыходзілася ў 700 эўра ў месяц, пакуль мы яго не набылі ў крэдыт.

Але галоўнае, што і школа побач, у якую мае дзеці ходзяць самі. Тут добрая інфраструктура, не такая, як у Беларусі. Людзі прыязджаюць у польскую вёску, каб нарадзіць і выгадаваць дзяцей, некаторыя, наадварот, з'яжджаюць з горада, бо яны ўжо выгадавалі дзяцей.

Я ў Польшчы ўжо тры гады і адчуваю, што людзі тут адкрытыя. І ніколі не ківалі мне на маё паходжанне.

— Вы займаецеся каліграфіяй 13 год…

— У Польшчы я пакуль на паўзе, і для мяне гэта самае цяжкае. Я ж працую з кірыліцай, а тут лацінка, ёсць свае майстры, і я выкінута з уласнага культурнага асяроддзя, да якога прызвычаілася. Таму зараз больш думаю пра простае жыццё, як зарабіць грошы, чым буду карміць дзяцей.  

Праца, якой займалася ў Беларусі, адышла на другі план. І для мяне, насамрэч, гэта вялікі ўдар. Гэта падобна на птушку, якая ляцела-ляцела, і ў якую стрэлілі. І ёй спачатку трэба прызямліцца, а потым зноўку паціху спрабаваць ляцець.

Але я атрымала шмат падтрымкі ад бацькоў дзяцей, якія хадзілі з маімі ў адзін садочак і ў адну школку. І яшчэ вялікую справу для мяне зрабілі польскія бабці. Жартую, што я вывучала польскі, дзякуючы мясцовым бабулям. Бо яны былі да мяне вельмі адкрытыя, я ж з вазочкам і з дзецьмі.

— Па вашаму інстаграму здаецца, што ў вас так ладненька ўсё атрымліваецца. Што каліграфія і ёсць ваш заробак-праца.

— (усьміхаецца) Тое толькі здаецца, насамрэч каліграфіяй, наогул мастацтвам, сёння зарабіць вельмі цяжка. Гэта не прадукт першай патрэбы. Так, перыядычна людзі просяць нешта для іх зрабіць. Плюс я правяраю працы, бо зрабіла два курсы: каліграфічнага малюнка і пісьма, літар.

— Мне здавалася, каліграфія — гэта такі эксклюзіўны занятак, медытатыўны, сваеасаблівая псіхатэрапія. І што для вас гэта не толькі праца, але і выратаванне ад цемры.

— Вось мы і падыходзім да майго любімага пытання: «ці ўсе мастакі – вар’яты?» (смяемся)

Так, усе мастакі – вар’яты. Я абрала каліграфію, як мастацтва, бо, на мой погляд, яна максімальна шчырая. Яна звязана з сэнсам, хоть ёсць і каліграфія, якую немагчыма прачытаць.

Усе словы, якія мы пішам, уключаюць у сябе нейкі сэнс. Тое, што мне падабаецца і ўтрымлівае ў каліграфіі, — гэта магчымасць дасягнуць пэўнага ўзроўня, назіраючы за самой сабой. І гэтая штука мяне ўратоўвае.

Бывае, саджуся пісаць — а не атрымліваецца. Спрабую яшчэ і яшчэ, аналізую свае памылкі. Потым спрабую яшчэ.

І праз некаторы час (гэта доўгі працэс, можа займаць гады) бачу, што па гэтай лесвіцы можна падняцца. Што магчыма дамагчыся ад сябе вось гэтай лініі, чыстай, прыгожай – і адначасова ўладкаваць парадачак у галаве.

Каліграфія яшчэ і мысленне ставіць. Але ж часамі яна вельмі бесіць (смяецца). Канешне, я псіхую, але ўжо ўсё менш і менш. І разумею ўжо, што для мяне ў гэтым ёсць пэўны кантроль. Ужо не правальваюся ў адчай, калі не атрымліваецца.

А калі разумею, што «зараз буду псіхаваць» — трэба зрабіць паўзу і вярнуцца ў іншы дзень, калі настрой палепшыцца. Вось гэтае захаванне ўнутранага пакою — без самаабвінавачвання, без жудаснай самакрытыкі — гэта галоўнае.

Усе, хто да мяне прыходзілі, казалі, што ў дзяцінстве іх упэўнілі: «ты пішаш, як кура лапай». И ўсё — людзі паверылі, і нічога з гэтым не рабілі. Гэта такі падыход савецкіх настаўнікаў: трэба прынізіць чалавека. Сказаць, што ў яго няма таленту, здольнасцяў. А калі ў яго ёсць моцнае жаданне?

«Почырк можна палепшыць, але цела супраць»

— Вы можаце заняткамі каліграфіяй палепшычь чалавеку почырк?

— Ёсць амерыканская школа пісьменнасці, па падручніках якой я займалася, і тады зразумела, што гэта магчыма. Але патрэбна вельмі моцная матывацыя і амаль год.

Са мной гэта адбылося, я стала сапраўды лепей пісаць. Змены невялічкія, і гэтым трэба стала займацца, бо так працуе цела.

— А ўнутраны спакой таксама, як і почырк, можна натрэніраваць каліграфіяй? Ці калі мяне бесіць — то яно і будзе бясіць?

— Дакладна гэта можна паменшыць. Калі чалавек доўга піша, каля гадзіны ў дзень, ён трапляе ў такі псіхічны стан, калі быццам назірае за сабой не знутры, а з нейкай знешняй кропкі. Іншымі вачыма.

Вы як бы самі сябе падтрымліваеце, бо бачыце, з чаго вы пачалі, бачыце куды прыйшлі і разумееце, што паволі рухаецесь наперад. Ёсць нейкае адчуванне, быццам вы ляціце.

І псіхі знікаюць. Проста трэба займацца гэтым рэгулярна. Узнікае пэўная магія, да якой многія цягнуцца.

— У гэтыя змрочныя часы тое, пра што вы распавялі, здаецца сапраўдным выратаваннем ад вар’яцтва. Якіх запытаў на каліграфію ў вас сёння больш?

— Самая частая замова: лісты каханым. У Польшчы замаўлялі верш Поля Дубнара на ангельскай. А ў Беларусі, напрыклад, прасілі напісаць: «Ты найлепшае, што са мной здарылася».

Рэдка былі замовы на нечытэльную каліграфію.

Аднойчы для кіно мяне прасілі зрабіць два амаль аднолькавых лісты, каб адзін чытаўся, другі — не. Быццам у героя памутнеў розум, і ён не здолеў прачытаць.

Яшчэ ў Беларусі я выступала ў ролі Дзеда Мароза. Адказваючы: «Прывітанне, дарагі Мікалай! На жаль мы не можам набыць табе апошнюю версію прыстаўкі для гульні, бо мае гномы яшчэ не распрацавалі праграмнае забеспячэнне».

— Не праца, а цуд! І ведаеце, узнікла думка, што для многіх сённяшняе жыццё вельмі нагадвае нечытэльную каліграфію. Як сымбаль сённяшняга часу. Гэта цяжка і нават страшна: здаецца, бачу, дакладна адчуваю, але — не разумею?

— Гэта сэнсы, прынесеныя ў ахвару пачуццям. Свядомасць чапляецца за гэты сэнс, які мы ўлоўліваем часткова.

Але ў гэтым і ёсць цікавасць для чалавека. Таму мозг імкнецца сабраць нечытэльныя літары ў нейкі сэнс. Не атрымліваецца, і як бы мы не хацелі — усё роўна бачым адныя пачуцці, колер, кампазіцыі. І хутчэй нешта адчуваем, чым разумеем.

Мне таксама падаецца, што сённяшняе жыццё вельмі нагадвае нечытэльную каліграфію.

«Рана ці позна тое зло абарвецца. І нам важна дачакацца»

— Насамрэч у мяне была вера, што ў нас атрымаецца, і мы сапраўды здолеем нешта змяніць у роднай Беларусі. Не гвалтам, а таму, што мы шчырыя, адказныя людзі. Але зараз думаю, што хутка дадому мы не вернемся, што гэта зойме дзесяцігоддзі.

Калі я толькі пераехала ў Польшчу, у 2021-м, мне здавалася, што ў 2025-м я ўжо дакладна буду дома. А потым зразумела, што гэта ва ўсіх «свежанькіх» эмігрантаў ёсць такая надзея-адчуванне.

Зараз у нас няма шанцаў, каб нас не запіхалі пад плінтус, а пачулі ў сваёй краіне. 

Беларусы, на мой погляд, вельмі моцныя людзі. Вельмі добрыя, шчырыя і ўпартыя. Я так нас бачу. І спадзяюся, што мы здолеем.

У мяне ёсць надзея, але падаецца, што зараз нам неабходна трансфармавацца. Для гэтага трэба захоўваць сувязь паміж сабою і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Беларусы пакуль, у эміграцыі, могуць рабіць добрыя бізнэсы, добрыя паслугі. Мы годныя, мы, насамрэч, такія добрыя вар’яты.

На жаль ёсць моманты, калі вельмі цяжка... Зараз нам усім, здаецца, трэба наноў закрываць піраміду Маслоу. Каб потым атрымаць сапраўдны сок жыцця, калі можна было б сабрацца з сябрамі, схадзіць у тэатр, у кіно, абмеркаваць жыццё ці нават літаратуру.

Патрэбен час, каб проста падняцца на ногі і зноўку пачаць жыць. Рана ці позна тое зло абарвецца. І нам важна дачакацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)