«Я не мог стрымаць слёз». Дзмітрыеў расказаў пра сваё вызваленне і верагодных жаданнях Лукашэнкі ад Еўропы
Андрэй Дзмітрыеў даў інтэрв'ю нямецкаму выданню, у якім закрануў магчымае аднаўленне дыялогу паміж беларускімі ўладамі і ЕС, а таксама роль Беларусі на перамовах па Украіне.
Экс-кандыдат у прэзідэнты, былы кіраўнік грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў у лістападзе наведаў Германію. Там ён меў сустрэчы ў Бундэстагу, а таксама даў інтэрв'ю выданню Tagessspigel. Яно выйшла на гэтым тыдні. Наша Ніва знаёміць з асноўнымі момантамі.
Як вядома, у студзені 2023 года палітык быў затрыманы і пасля асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Ён быў прызнаны палітвязнем. Цалкам адбыўшы тэрмін, Дзмітрыеў выйшаў на волю 20 красавіка 2024 года.
Нямецкім журналістам мужчына расказаў, што ў дзень вызвалення яго забралі сябры на сваёй машыне.
«Трэба было як мага хутчэй пакінуць Віцебскую вобласць, дзе размяшчаецца калонія, — такім было патрабаванне ўладаў. Мы спыніліся адразу на першай запраўцы за Віцебскам, я выпіў кавы і патэлефанаваў дзецям па відэасувязі.
Я не мог стрымаць слёз. У лагеры мне дазвалялася размаўляць з сям'ёй толькі два-чатыры разы на месяц — па дзесяць хвілін кожны раз. Цяпер мы раптам маглі размаўляць так доўга, як нам хацелася. Гэта было самае цудоўнае», — згадвае былы палітвязень.
За час у калоніі Дзмітрыеў двойчы трапляў у ШІЗА.
Чым цяпер займаецца?
Дзмітрыеў расказаў журналістам, што цяпер ён разам са сваёй камандай «інтэнсіўна працуе на мясцовым узроўні»:
«Мы падтрымліваем, напрыклад, праекты, якія тычацца беларускай гісторыі, культуры і мовы. Карацей кажучы, гэтыя ініцыятывы накіраваны не на тое, каб быць супраць чагосьці, а на тое, каб знайсці спосабы падтрымаць людзей і прасоўваць нашы агульныя каштоўнасці».
Пра што прасіў Дзмітрыеў?
Па словах Дзмітрыева, «ЕС занадта шмат засяроджваецца на санкцыях супраць сілавога апарату».
«Беларусь — гэта значна больш, чым Лукашэнка. (…) Еўропе важна менш засяроджвацца на пакаранні аднаго чалавека, а больш на падтрымцы дзевяці мільёнаў беларусаў, якія жывуць у краіне. Цяпер усё наадварот: з кожным днём мы ўсё больш губляем сувязь з Еўропай», — выказвае свой пункт гледжання палітык.
Дзмітрыеў заклікаў Еўропу «трымаць каналы сувязі адкрытымі, інакш Беларусь будзе ўсё больш скочвацца ў залежнасць ад Расіі — палітычную, эканамічную і сацыяльную».
«Мая вялікая занепакоенасць тым, што ў Беларусі аднойчы зноў з'явіцца шанец на змены, але краіна будзе ўжо настолькі ізаляваная ад Захаду, што толькі Крэмль будзе мець на яе ўплыў».
Дзмітрыеў лічыць, што асноўным напрамкам павінен быць культурны абмен. Ён нагадвае, што такая форма супрацоўніцтва была яшчэ за савецкім часам. Акрамя гэтага яму б хацелася больш прапаноў з боку еўрапейскіх партнёраў, арыентаваных на мясцовае насельніцтва, а таксама адукацыйных праграм.
Па словах Дзмітрыева, цяпер Лукашэнка спрабуе знізіць грамадскае напружанне, вызваляючы частку палітвязняў, але пры гэтым захаваць кантроль над сітуацыяй. А таксама праверыць, ці магчыма аднавіць дыялог з Захадам.
«Я думаю, што ён хоча даведацца, ці можна аднавіць некаторыя каналы сувязі — асабліва з улікам магчымых будучых перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне», — адзначае палітык.
«Для Беларусі таксама многае пастаўлена на карту. Гэтыя перамовы пакажуць, ці будзе Беларусь удзельнічаць як самастойны суб'ект ці ў складзе Расіі. Адносіны Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным зусім не простыя; поўная залежнасць ад Масквы не ў яго інтарэсах», — даводзіў ён.
Дзмітрыеў лічыць, што «на магчымых перамовах Беларусь павінна быць прадстаўленая як сувярэнная дзяржава — незалежна ад таго, як вы [Еўропа] ставіцеся да Лукашэнкі».
«Цяпер важна не дапусціць поўнага спаўзання краіны ў зону ўплыву Масквы. Тады не было б больш шанцаў на дэмакратычныя перамены».
Читайте еще
Избранное