Беседка
Ганна Трубачова, budzma.org, фота Наста Сергіеня, 34MAG

«Я б перасяліў Міністэрства культуры ў сквот, бо мастацтва — гэта весела»

Складана назваць яго аглядальнікам свецкай хронікі: пад выглядам нейкага Міці Тарпішчава ён пракраўся ў святое месца, дзе цынічна, але таленавіта станцаваў «Яблычак» і ўсяго толькі, кажуць, атрымаў за гэта ў вока.

Ён далей за ўсіх зайшоў у закуліссе беларускай афіцыйнай культуры, паручкаўся з «зоркамі» і выведаў у іх усё, пра што вы баяліся даведацца, не тое што спытаць. Каму ж, як не яму, ведаць усё пра беларускіх знакамітасцяў? Спецыяльна для серыі інтэрв’ю праекту «Захапленні» мы пагутарылі з Антонам Кашлікавым, журналістам і пісьменнікам (які тыдзень таму выпусціў чарговы раман).

— Антон, што сёння адбываецца ў культурным жыцці Беларусі. Кажуць, што яно застойнае. Гэта так?

— З нашым культурным жыццём усё нармальна. Ёсць чым ганарыцца і ёсць ад каго плявацца. Магло быць, вядома, і лепш, але магло быць і наадварот. Тое, што адбываецца ў беларускай культуры, — гэта рэальны працэс у прапанаваных абставінах. Ёсць шмат людзей, якія гэтую культуру складаюць і так ці інакш рухаюць наперад. Ад стрыт-артыста «УРА!» у Віцебску да «Свабоднага тэатра» ў Лондане. Ад людзей, якія перакладаюць на беларускую мову Жадана да гурта Wasp’n'Hornet з іх магутным саўндам і неймаверна стыльнымі кліпамі. Карацей, я наогул не бачу падставаў для смутку.

— Раз дзеячы культуры ёсць, значыць, павінныя быць і мясцовыя «зоркі». Дарэчы, як бы ты растлумачыў паняцце «зорка» ў дачыненні да чалавека? Гэта толькі пытанне яго публічнасці ці, можа, таксама якасці і папулярнасці яго творчасці?

— «Зорка» — паняцце медыйнае і толькі. Не думаю, што Вікторыя Азаранка або Святлана Зелянкоўская, калі раніцай чысцяць зубы (спадзяюся, не ў адной ваннай), адчуваюць сябе «зоркамі». Але як толькі побач з імі ўключаецца камера — запускаецца нейкі іншы механізм. І ўсё: у іх не застаецца выхаду — трэба граць нейкі вобраз. А наогул, мне здаецца, цяпер значна слушней (не хачу гаварыць слова «трэндавей») быць сціплым, не пафасным, ездзіць у метро і не вылузвацца. Можа, таму так кожны раз перакручвае, калі чарговы “божественный Зураб”, абсалютна не трапляючы ў дзесяцігоддзе, фатаграфуе сваё пуза на фоне тачкі і расказвае, як прыгожа ён тусуецца ў Вільні з сябрамі-наркабаронамі…

— Хто сказаў, што гэта слушней? Хтосьці ў Беларусі ўжо рушыў услед гэтаму трэнду? І чаму варта было б?

— Ёсць рэчы, якія адчуваеш хрыбтом. Няўжо хтосьці не згодны з тым, што танныя панты — гэта даўно маветон і стыдоба? Кіану Рыўз ездзіць у метро, Шаўчук і Noize MC ходзяць разам з усімі на мітынгі, Алег Скрыпка асабіста ўдзельнічае ў акцыях па абароне кіеўскіх помнікаў архітэктуры. Паглядзіце на тое, як выглядае Марк Цукерберг, або пачытайце, як жывуць дзеткі, якія прыдумалі Instagram і Pinterest.

— Бясспрэчна. Але давай вернемся да «зорак» у самым шырокім і агульнапрынятым сэнсе. Ці ёсць яны ў Беларусі? «Зоркі» музыкі, літаратуры, кіно, тэатра, моды — няважна.

— Я б сказаў так: у Беларусі шмат людзей, якія робяць цікавыя, таленавітыя і натхняльныя рэчы і таму цалкам могуць кімсьці лічыцца «зоркамі», але асаблівая атмасфера тутэйшага медыясвету ў цэлым заніжае іх узровень. Якія б таленавітыя рэчы ты ні рабіў, калі ўбогай мовай журналістаў-няздараў пра цябе раскажа дзяржаўны канал, ты тут жа апынешся на адным узроўні з нашым прапагандысцкім балаганчыкам, які дастаюць раз на некалькі гадоў з нафталінавай шафы і катаюць па гарадах і вёсках.

Таму калі ты сапраўды шануеш уласную творчасць, то, вядома, варта мінімізаваць кантакты з гэтай часткай СМІ і прасоўваць сябе нармальнымі, партызанскімі, незалежнымі, «з вуснаў у вусны», метадамі. Тым больш што толькі яны і працуюць. Вось, напрыклад, Святлана Бень расказвала, што іх з’яўленне (і неаднаразовае, дарэчы) на нашых тэлеканалах зусім ніяк не адбілася на папулярнасці «Серебряной свадьбы».

Ці аднойчы я ўбачыў выдатны гурт Akute на нейкім “Зорным рынгу”. Я фізічна адчуваў сорам, калі пасля іх выступу ім ставілі ацэнкі “члены журы”, сярод якіх была гэтая дзіўная цётка з часопіса «Пінгвін». І кожны раз гэта стварае менавіта такі эфект недарэчнасці і сораму. Сваім з’яўленнем на дзяржаўным ТБ таленавітыя хлопцы і дзяўчаты не толькі легалізуюць існаванне гэтага зборышча маркотных далдонаў, але і самі апускаюць сваю планку.

— Што трэба, каб таленавітыя людзі годна падаваліся публіцы? Грошы, прадусары, прафесіяналы з ведамі і пачуццём густу? Ці гатовая публіка да чагосьці больш тонкага і высакаякаснага, чым чарка-шкварачны рэпертуар? З чаго пачынаць, каб змяніць сітуацыю: з гледача або з прадукту, які яму прапануюць?

— Тут як у анекдоце пра сантэхніка, якога пасадзілі за фразу “Трэба мяняць усю сістэму”. Безумоўна, парадыгма безгустоўшчыны закладзеная ў самой сутнасці цяперашняй беларускай палітычнай сістэмы. І справа, на жаль, не толькі ў музыцы — паглядзіце, як у нас рэканструююць архітэктурныя помнікі, і ўсё будзе ясна. А каб з’явілася нешта вартае і яркае, трэба менш баяцца і больш рабіць. Не публіка нараджае цікавых музыкаў, таленавітых пісьменнікаў і яркіх рэжысёраў, а творчыя людзі гэтую публіку выхоўваюць і ствараюць.

Пры гэтым не трэба думаць, што ў нас няма для каго тварыць. Паглядзіце — любы годны культурны прадукт з лёгкасцю знаходзіць свайго спажыўца. Выстава «Радыус нуля» або фэст «Вольнае паветра» збіраюць велізарную колькасць гледачоў проста таму што гэта добра зроблена.

— Чаму ў нас няма СМІ, якія спецыялізаваліся б на свецкай хроніцы? Ці ёсць наогул у нас свецкае жыццё? І ці было б цікава беларусам чытаць пра яго?

— Пра нашых «селебрыці» нешта недзе пішуць, існуюць нейкія сайты, рубрыкі ў газетах, праграмы на ТБ… Іншае пытанне, што да гэтага сапраўды няма вялікай цікавасці. Мне здаецца, гэта таксама вынікае з самой сістэмы медыяў. Любое глупства можна паказаць прыгожа. Але афіцыйныя медыі гэтага рабіць не ўмеюць, і таму з «зорак» хочацца больш смяяцца, чым цікавіцца імі.

А калі гаворка ідзе пра людзей, вядомых у нашай неафіцыйнай культуры, то тут працуе іншы механізм. Яны даступныя, яны побач, мяжа паміж кумірамі і гледачамі размытая, тут усе сябры, таму і публіка ставіцца да іх як да «сваіх». А вы ж не будзеце шукаць інфармацыю пра «сваіх» у таблоідах. Вы і так пра іх усё ведаеце.

— Чаму беларуская музыка прадстаўленая менавіта эстрадай? Якім чынам сфармаваўся выбар менавіта гэтага музычнага напрамку як даміноўнага?

— Тут можа быць некалькі версій. Па-першае, трахаць рок-зорак не так займальна, як поп-пявічак: рок-зоркі — яны мужчыны, п’юць гарэлку, і многія ўвогуле не трахаюцца. Па-другое, на тое яна і папса галімая, каб, так бы мовіць, абслугоўваць інтарэсы кіроўнага класа. Ну і я б паспрачаўся з тым, што эстрада — даміноўны напрамак. У маім айподзе дамінуюць іншыя жанры, а тэлік я ўключаю рэдка.

— Якія жанры? Ці ёсць сярод гэтай музыкі беларуская?

— Дастаю айпод і гляджу, што з беларускага ў мяне там ёсць. «Ляпісы», Wasp’n'Hornet, The Blackmail, Clover Club, «Петля Пристрастия», «Серебряная свадьба», «Разбітае сэрца пацана».

— А хто для цябе асабіста з’яўляецца «зоркай»? Ці ёсць хто-небудзь з беларусаў, з кім табе хацелася б пазнаёміцца, пагутарыць, дакрануцца да «зоркі», так бы мовіць?

— Я пазбавіўся юнацкага імкнення дакрануцца да людзей, ад якіх святло ідзе. Гэта як радыяцыя, трэба быць асцярожнейшым! Наконт маіх асабістых «зорак»? З радасцю пералічу. Мяне натхняе тое, што робіць «Свабодны тэатр». Іх рэжысёр Уладзімір Шчэрбань — неверагодна таленавіты, вельмі глыбокі, творча падступны і небяспечны тып. Мяне бударажыць тое, што робіць Ілля Чарапко ў «Петле Пристрастия». Ад іх песняў у мяне па спіне мурашкі. Да таго ж, з хлопцамі з «Петли» вельмі весела піць каньяк.

З электронных музыкаў цешаць Дзіма Deech і Рома UFO. Мне падабаецца тое, што адбываецца ў сучасным беларускім арце — Сяргей Шабохін, Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава, Руслан Вашкевіч, А.Р.Ч., іншыя хлопцы. Гэта стопрацэнтныя «зоркі». Ну і Міця Тарпішчаў для мяне таксама «зорка», чаго ўжо там саромецца.

— Ці змянілася штосьці ў тваім жыцці з тых часоў, як ты стаў Міцем Тарпішчавым? Ці прыйшла слава з моманту з’яўлення тваёй фізіяноміі на старонках інтэрнэт-рэсурсаў? Ты задаволены пераменамі? Ці пачалі нашыя «зоркі» ставіцца да цябе па-свойску?

— Мяне пачалі пазнаваць у кабаках і ў грамадскім транспарце. Падыходзяць, як правіла, прыемныя маладыя людзі і выказваюць усялякія рэспекты. Але радуе тут не сам факт пазнавання, а тое, што мы адгадалі патрэбныя вібрацыі і павесялілі нейкую колькасць людзей. Манетызаваць сваю пазнавальнасць я не планую. А на «агульнапрынятых зорак» мне начхаць.

— Хацеў бы ты стаць «зоркай» тут, у Беларусі? Чаму не? Ты ўжо засвяціўся ў тусоўцы. Такім чынам, ты «зорка»: шчаслівы шлюб з Люсяй Лушчык, спартыўная тачка пад акном і модны фітнэс-клуб з сябрам Лёшам Хлястовым у пятніцы? Хацеў бы?

— Вось бачыце, мы зноў згадваем людзей, на якіх хіба што махавікі яшчэ не растуць. Разумееце, гэта наша журналісцкая задача — вышукваць новых цікавых герояў і расказваць пра іх нашай аўдыторыі, а не пастаянна тасаваць адну і тую ж пацёртую калоду. Кшталту “калі папса, то Хлястоў”, “калі рок, то Памідораў”.

Дазволю сабе з гэтай высокай трыбуны звярнуцца да сваіх калег-журналістаў: братва, давайце ставіцца да ўласнай прафесіі з любоўю і натхненнем, давайце менш удзельнічаць у гэтым кругавароце лухты, давайце памятаць пра тое, што нас часам сапраўды чытаюць і слухаюць людзі.

— Ну, не хочаш быць «зоркай», тады спытаю, ці хочаш быць міністрам культуры. Прадчуваючы адказ, спытаю па-іншаму: што б ты змяніў, якія рэформы правёў бы, калі б быў міністрам?

— Для пачатку расфармаваў бы ўсе афіцыйныя саюзы пісьменнікаў, мастакоў і г.д. Заняўся б арганізацыяй сістэмы грантаў для артыстаў. Максімальна падтрымліваў бы любыя творчыя ініцыятывы. Выбіў бы пару закінутых заводаў пад выставачныя пляцоўкі, сквот і арт-прасторы. Само Міністэрства культуры перасяліў бы ў такі ж сквот. Мастацтва — гэта весела.

Але самае шыкоўнае ў тым, што каб рабіць многае з гэтага, зусім не абавязкова быць міністрам культуры. Мая культурная рэформа адбываецца кожны дзень. І тое, напрыклад, што я аддаў свой новы раман чытачам бясплатна, — таксама яе частка. Сістэма — гэта мы самі. Змяняцца да лепшага трэба самім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)