Общество
Ігар Карней, ”Радыё Свабода”

Хто заплаціць за сочынскі адпачынак прэзыдэнцкай масоўкі?

Сёньня з Сочы вяртаецца вялікая група спартоўцаў і артыстаў, якія забясьпечвалі сьвяточны фон падчас адкрыцьця беларускага гарналыжнага комплексу ў Краснай Паляне блізу Сочы. У мінулую суботу першае беларускае спартовае збудаваньне, узьведзенае за межамі краіны, адкрываў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

На адкрыцьцё новага гарналыжнага комплексу ў Краснадарскім краі прэзыдэнцкім самалётам вылецела дэлегацыя ў складзе вышэйшых чыноўнікаў, вядомых спартоўцаў і, за выключэньнем Ірыны Дарафеевай, малавядомых артыстаў. Пра падзею шмат паведамлялі афіцыйныя СМІ; казалі, як мудра зрабіў беларускі прэзыдэнт, калі вырашыў укласьці дзяржаўныя сродкі ў нерухомасьць, што расьце ў кошце літаральна кожную хвіліну,— Сочы адзін з кандыдатаў на прыём Алімпіяды-2014.

Гарналыжны комплекс належыць санаторыю “Беларусь”, але непасрэдна падпарадкоўваецца кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Менавіта ў элітнай сочынскай здраўніцы тыдзень жыла прэзыдэнцкая сьвіта, у шэрагах якой — алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка з мужам-кансультантам, біятляністка Алена Зубрылава, першы тэнісны трэнэр Лукашэнкі Сяргей Цяцерын, а таксама артысты Тэатра эстрады Васіля Раінчыка: Жанэт, Шыр, Дзьмітрый Сяргееў, Вольга Змуршчык, Дьмітрый Крэндзель ды іншыя.

Лідэр гурту “Нэйра Дзюбель” Аляксандар Кулінковіч такія падарожжы за дзяржаўны кошт параўноўвае зь гісторыяй, якая здарылася на францускім курорце Куршавель:

“Лічу, што ніводзін чыноўнік (а прэзыдэнт — гэта чыноўнік) ня можа дзяржаўным коштам ладзіць свой адпачынак. Вельмі паказальная гісторыя, якая мне падабаецца. Ня так даўно Тоні Блэр быў заўважаны ў самалёце кампаніі “Брытыш Эйруэйз”. Ён ляцеў сваім коштам, бо яму трэба было сумясьціць афіцыйную сустрэчу і паездку з сям’ёй. Натуральна, брытанскі ўрад ня будзе аплачваць пералёт ягонай сям’і дзяржаўным самалётам. Таму ён набыў сабе квіток за асабістыя грошы і паеляцеў. І гэта, на мой погляд, дэмакратыя, — буржуазная, прагнілая дэмакратыя. А ў нас што? Паехаць адпачыць за дзяржаўны кошт, альбо паехаць на Алімпіяду ў Нагана? Для кагосьці гэта вельмі здорава. Шкада, што гэтыя грошы, якія трацяць нашы чыноўнікі, уключна з прэзыдэнтам, ня лічаць пэнсіянэры, не зьвяртаюць увагу на гэтыя грошы. То бок, грошы на пабудову лядовых палацаў знойдуцца заўсёды, а вось грошы на пабудову шпіталяў —наўрад ці”.

Лукашэнка ў пэўным даўгу перад беларускай эстрадай. Напярэдадні мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў бальшыня поп-выканаўцаў агітавалі за кіраўніка краіны падчас акцыі “За Беларусь” (менавіта тады зьявіўся недвухсэнсоўны хіт “Слушай Батьку”).

Гаворыць музычны крытык Сяргей Будкін:

“Цяжка сказаць, паводле якіх крытэрыяў адбіраў на Сочы артыстаў Васіль Раінчык. Але, натуральна, стос заслугаў Ірыны Дарафеевай за сваю шчырую любоў да прэзыдэнта, якую яна выказвае паўсюдна, дзе толькі можна, улічваўся. Наконт астатніх маладых? Ну дык, мяркую, што паслалі тых, хто проста быў у наяўнасьці. Цяжка казаць, каб кагосьці не абразіць, але ў тэатры Лукашэнка, прынамсі, асабліва заўважаны ня быў. А на поп-канцэртах быў неаднойчы”.

Наўрад ці выдаткі на падарожжа сваім ходам прывялі б у Сочы адразу столькі беларусаў. 10-дзённы адпачынак у Краснай Паляне, паводле турыстычных прэйскурантаў, каштуе блізу тысячы даляраў на чалавека.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)