Комментарии
Аляксандар КЛАСКОЎСКI, ”Наша нiва”

Хто ў лес, а хто на Кангрэс

У аб'яднанай апазыцыі канчаткова разышліся погляды на мясцовыя выбары і 2-і Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Крытыкуючы апазыцыю, заўжды згадваеш сакрамэнтальную фразу: "Не страляйце ў піяніста...". Але на сяньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ейных лідэраў панавала такая какафонія, што ўстрымацца ад рэплікі цяжка.

Памятаеце, як лідэры кааліцыі рэклямавалі "два ў адным фляконе"? Маўляў, падчас мясцовых выбараў правядзем скаардынаваную кампанію з адзіным дэмакратычным мэсыджам, а разам з тым — наладзім сапраўдную канкурэнцыю што да вылучэньня дэлегатаў на свой другі Кангрэс.

Пропускам на форум меліся зрабіць 300 подпісаў, сабраных цягам вылучэньня на мясцовых выбарах. Дзеля ляканізму спрашчаю мудрагелістыя ўмовы, бо зараз ужо і іх зьбіраюцца рэвізаваць. Выглядае на тое, што бар'ер для многіх аказаўся непераадольным.

У якасьці дысыдэнта-выкрывальніка выступае Ўладзімер Навасяд. Ён заяўляе, што адбываецца здрада выбарнікам, і заклікае не праводзіць "кангрэс гультаёў".

Зрэшты, сёньня зь бязьлітаснай заявай выступіў і былы адзіны кандыдат. Натуральна, можна шмат скардзіцца на ўладу, якая на кожным кроку робіць падножкі. Але Мілінкевіч робіць выснову, што кампанію праваліла сама апазыцыя. Яна элементарна не падрыхтавалася. Нават правадыры выглядалі дылетантамі, ня ўмеючы выканаць элемэнтарныя патрабаваньні заканадаўства. Ідэі адзінай палітычнай кампаніі, аднае каманды, аднаго пасланьня, аднаго сцэнару так і не былі ўзятыя на ўзбраеньне.

Сапраўды, хай сабе нават высьветлілася б постфактум, што апазыцыйная стратэгія аказалася ня надта ўдалай. Але ж была б хоць спроба каманднай гульні, была б напрацоўка досьведу супольнай барацьбы. А так — проста селі ў галёш.

Самае ж сумнае тое, што кааліцыя канчаткова распаўзаецца па швох у той момант, калі перад апанэнтамі ўлады ў кантэксьце двубою Лукашэнкі з Масквой абмалёўваецца пэрспэктыўная ніша.

Зрэшты, уладная крыза — стыхія моцнай апазыцыі. Але ж айчынныя змагары з рэжымам самі разадраныя крызай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)