Комментарии
Л. Ушкін

Хранічныя няўдачнікі супраць паспяховых лідэраў

У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў з дня заснавання Беларускага Народнага Фронту. Мiж тым, як мяркуюць некаторыя назiральнiкi, ў старэйшай дэмакратычнай партыі Беларусі умацоўваюцца аўтарытарныя тэндэнцыі.

Хацелася б выключна пазітыўна ў юбілейны год гаварыць пра тое, што ўдалося БНФ дасягнуць за гэты час. Але пасля ўзнёслага рамантызму пачатку 1990-х, калі Фронт з’яўляўся афіцыйнай парламенцкай апазіцыяй, наступілі для яго складаныя часы.

Рух, які выступіў супраць таталітарнай сістэмы, праз 20 гадоў усё болей стаў набываць шматлікія прыкметы той сістэмы, супраць якой змагаўся ўвесь гэты час.

На з’ездзе у 1999 г. перамаглі прыхільнікі рэфармавання і ўнутранай дэмакратызацыі БНФ, а старшынём быў абраны Вінцук Вячорка, які пры Пазьняку выступаў на трэціх ролях, знаходзячыся ў цені не толькі самога Пазьняка, але і большасці фронтаўскіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

Пасля перамогі на з’ездзе, група пераможцаў пачала актыўную працу па кансалідацыі ўсёй улады ў сваіх руках.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 г., калі Партыя замест вылучэння ўласнага кандыдата падтрымала Сямёна Домаша, а адзіным кандыдатам у выніку стаў Уладзімір Ганчарык, канчаткова зніклі хуткія спадзяванні на Фронт як на пераможную Партыю. У выніку — некалькі паспяховых мэнэджэраў, такіх як Алесь Бяляцкі, адышлі ад актыўнай партыйнай працы, а ўлада ўсё больш канцэнтравалася ў руках хранічных няўдачнікаў.

Няўдачнікі бачылі патэнцыйную пагрозу для свайго кіравання ў кожным чалавеку са здольнасцямі і амбіцыямі, што і тлумачыць разыходжанне з лідэрам Маладога Фронту Паўлам Севярынцам, былымі намеснікамі старшыні Вячаславам Сіўчыкам і Анатолям Фёдаравым, прафесарам Астроўскім.

Не дзіўна, што напярэдадні выбараў 2006 г. Вячорка ахвотна падтрымаў блізкага па поглядах, але беспартыйнага Аляксандра Мілінкевіча, бо той не павінен быў стварыць унутрыпартыйнай канкурэнцыі яму самому і яго групе. Пры гэтым Вячорка адкрыта адмовіў у падтрымцы на выбарах дырэктару гуманітарнага ліцэя Уладзіміру Коласу, які, хоць і быў у БНФ, мог патэнцыйна сур’ёзна перашкодзіць самарэалізацыі Вінцука Вячоркі, для якога старшынства ў БНФ – ці адзінае жыццёвае дасягненне.

Планы па дасягненні поўнага кантролю над Партыяй БНФ былі парушаныя групай маладых актывістаў, якія прыйшлі ў актыўную палітыку у пачатку 2000-х. Гэтыя людзі мелі пазітыўны досвед працы ў студэнцкіх і моладзевых арганізацыях, досвед пераможных кампаніяў у мясцовыя саветы у 2003 г., а іх прадстаўнік Алесь Міхалевіч у 2003 г. быў абраны намеснікам старшыні БНФ насуперак жаданню Вінцука Вячоркі. Гэтыя маладыя людзі працавалі дзеля дасягнення рэальных, а не маральных перамогаў, пра якія так шмат гадоў казалі старэйшыя “палітыкі”. Аляксандр Мілінкевіч быў падтрыманы гэтымі маладымі людзьмі як чалавек нацыянальных поглядаў, які мог скласці рэальную канкурэнцыю Лукашэнку і праз некаторы час прыйсці да ўлады.

Мілінкевіч належным чынам ацаніў арганізацыйныя здольнасці паспяховых маладых людзей: ім былі давераныя важныя функцыі спачатку ў штабе, а пасля ў Руху “За Свабоду”. Пры гэтым Вячорка дэманстраваў сваю неадэкватнасць, выстаўляў дзіўныя ўльтыматумы, напрыклад, што ён сыдзе з штаба Аляксандра Мілінкевіча, калі ў ім апынецца Алесь Міхалевіч.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў кіруючая групоўка БНФ адчула, што стварэнне Руху “За Свабоду”, якое на пачатку яны актыўна віталі, можа зруйнаваць іх і без таго слабыя пазіцыі ў Партыі. Прапанова Вячоркі, каб Івашкевіч, чые слабыя арганізацыйныя здольнасці даўно вядомыя рэгіянальным фронтаўскім арганізацыям, павінен стаць кіраўніком выканаўчых структураў Руху, была адхіленая Мілінкевічам. І тады Вячорка і кампанія адчулі, што кантроль над Рухам дастанецца не ім, а людзям з добрымі арганізацыйнымі здольнасцямі, і што найгорш – з іх жа Партыі. Было знойдзена простае рашэнне – палітычна знішчыць Мілінкевіча праз Кангрэс дэмакратычных сілаў і вярнуцца ў добра знаёмы фармат шматгадзінных перамоваў у рамках Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Пры гэтым Юры Хадыка зацята пераконваў, што Калякін будзе добрым кандыдатам на прэзідэнта, а Баршчэўскі казаў, што нам патрэбны свой Януковіч, бо свайго Юшчанкі ці Цімашэнкі нам не займець. Пры гэтым, па змове некалькіх чалавек, Партыя БНФ адмовілася ад ўсіх перавагаў, якія для Фронту несла супрацоўніцтва з Аляксандрам Мілінкевічам, які, дарэчы, заўсёды прызнаваў, што менавіта БНФ зрабіў асноўную частку выбарчай кампаніі 2006 г.

У сакавіку 2008 г. на Сойме Партыі было вырашана заявіць пра вылучэнне ўласнага кандыдата на наступныя прэзідэнцкія выбары, хаця з рэальна магчымых партыйных кандыдатураў пакуль прагучала толькі прозвішча Алеся Міхалевіча – непрымальнага для кіруючай партыйнай групоўкі. Рашэнне пра вылучэнне ўласнага кандыдата павінна было стварыць падставы для забароны партыйцам удзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, напрыклад, арганізацыі яго рэгіянальных масавых сустрэчаў з насельніцтвам. Больш таго, такое рашэнне дало б добрую падставу нарэшце пазбавіцца сённяшняму кіраўніцтву ад унутрыпартыйнага “канкурэнта” Юрася Губарэвіча, выключыўшы яго з Партыі за актыўную працу на “варожага” кандыдата. Праўда, на адным з пасяджэнняў Сойму Баршчэўскі сказаў, што “Рух за свабоду” – гэта ж не нейкая там варожая арганізацыя, кшталту СС ці “Гестапа”. Аднак сама праведзеная паралель шмат што гаворыць пра стаўленне да Мілінкевіча з боку фронтаўскіх хранічных палітычных неўдачнікаў.

Замест рэальнай працы, якой Фронт з гадамі робіць усё менш і менш, пасля абрання старшынём Баршчэўскага ў БНФ павялічылася паперавытворчасць (усемагчымыя загады, распараджэнні, палажэнні) і пачалі ўзнікаць шматлікія забароны.

Так, уяўляе цікаўнасць Рашэнне пра партыйную этыку і дысцыпліну. Гэты дакумент дагнаў шматлікія лукашэнкаўскія законы ў сваёй абсурднасці, а ў некаторых момантах нават іх пераўзышоў. Напрыклад, згаданае рашэнне Партыі БНФ цалкам забараняе публічную крытыку рашэнняў і дзеянняў старшыні і кіраўніцтва. Нагадаем, што Лукашэнка ўвёў крымінальную адказнасць за дыскрэдытацыю дзяржавы па-за яе межамі, пад якую тэарэтычна падпадаюць любыя крытычныя выказванні пра сітуацыю ў Беларусі. Тое ж рашэнне забараняе матэрыяльную дапамогу з боку аднаго сябра Партыі іншаму без згоды кіраўніка Партыі. Цікава, што Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці пры Адміністрацыі Прэзідэнта яшчэ не дадумаўся даваць дазволы на ўзаемную дапамогу ўнутры краіны, а толькі на дапамогу з замежжа.

Лукашэнка толькі ўнёс законапраект, які забараняе чыноўнікам выказвацца ў прэсе без згоды непасрэднага начальства, а ў Партыі БНФ ужо ўвялі забарону выступаць ад імя Партыі без згоды яе старшыні.

Для правядзення рэпрэсій у дзяржаве існуюць міліцыя, суды, пракуратура. У Партыі БНФ гэтая функцыя была аддадзена Камісіі партыйнага кантролю (не думайце, што вы вярнуліся ў СССР). У камісію запрасілі былых членаў КПСС, бо тыя добра ведаюць метады душэння іншадумства ў савецкія часы.

Так, 9 красавіка 2088 г. адбылося пасяджэнне Камісіі партыйнага кантролю Партыі БНФ. На камісію ў якасці “падсуднага” быў выкліканы намеснік старшыні Партыі Юрась Губарэвіч. Пры гэтым метады ціску, якія прымяняюць Вячорка з Баршчэўскім, моцна падобныя на лукашэнкаўскія, толькі рэпрэсіўны апарат слабей. Як казаў Сталін, “няма чалавека – няма праблемы”, таму яшчэ на з’ездзе Баршчэўскі заявіў, што выключыць з Партыі кожнага, хто застанецца з Мілінкевічам. Камісія парткантролю пачала працу. Пры сённяшняй сітуацыі ў партыі ці ёсць гэта пачатак чыстак партыйных шэрагаў.

Бачна, што хранічныя няўдачнікі добра разумеюць, што пройгрыш на наступным з’ездзе ім гарантаваны, бо здольнасцяў ніякіх, а за Калякіным на наступным з’ездзе не схаваешся. Таму стаўка робіцца пакуль што на выключэнне з Партыі намеснікаў старшыні, нязгодных з “генеральнай” лініяй Юрася Губарэвіча і Алеся Міхалевіча – людзей, якія засведчылі не толькі свае незалежніцкія перакананні, але і здольнасць дасягаць свае палітычныя мэты. А тады, можа, і альтэрнатывы на наступным з’ездзе не знойдзецца, і ўдасца далей задавальняць свае асабістыя комплексы, так і не робячы нічога для Беларусі.

Гэтым сённяшні кіраўнік партыі і яго адданыя паплечнікі адрозніваюцца ад маладых паспяховых палітычных лідэраў, якія робяць рэальную працу, знаходзяць паразуменне з іншымі і рэальна перамагаюць (а не толькі “маральна”), ды не звальваюць віну на “несвядомы народ” ці ўнутрыпартыйных ворагаў.

Матэрыялы па тэме: Юрася Губарэвіча выключаюць з Партыі БНФ

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)