Общество

Хірург пра імавернае відэа сьмерці Ашурка: «Ён падае хутчэй за ўсё праз слабасьць»

Хірург Зьміцер Кароль пракамэнтаваў для Радыё Свабода кадры са шклоўскай калёніі № 17, на якіх меркавана апошнія хвіліны жыцьця палітвязьня Вітольда Ашурка.

Сьледчы камітэт апублікаваў 25 траўня мантаванае відэа са шклоўскай калёніі № 17, на якім відаць чалавека, які двойчы падае. Ён апрануты ў робу з надпісам «ШИЗО», што расшыфроўваецца як «штрафны ізалятар».

Пасьля першага падзеньня, каля прыбіральні, яму надалі мэдычную дапамогу. Пасьля другога выпадку ў камэру штрафнога ізалятару прыбеглі супрацоўнікі калёніі. Відэазапіс зроблены з камэры, якая знаходзіцца на вышыні. Адназначна на відэа ня бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак.

— Ён падае хутчэй за ўсё праз слабасьць — ці губляе прытомнасьць ці знаходзіцца ў вельмі слабым стане. Слабы стан у турме сьведчыць, што яго ці зьбівалі, ці не было ежы ці вады, ці тое і тое разам, — камэнтуе відэазапіс хірург Зьміцер Кароль. — Ён падае натуральна, як чалавек, які адключаецца.

Яму аказваюць дапамогу, перабінтоўваюць галаву. І ён стаіць у гэтым жа памяшканьні адзін, без дапамогі, без канвою і падае другі раз. І я так і не зразумеў, што там далей робіць гэты натоўп людзей. Калі кажуць пра сардэчны прыступ, чаму яму не аказваюць дапамогу пасьля падзеньня, а пакідаюць самога? Калі ў яго разьбітая галава, чаму ён гэтак жа стаіць адзін далей у гэтым памяшканьні?!

Прычынамі страты прытомнасьці можа быць і перабоі ў працы сэрца, і інсульт. Але гэта сур’ёзныя сытуацыі, якія, відавочна, здарыліся з чалавекам на відэа, таму яшчэ больш не зразумела, чаму чалавека пакідаюць самога, — задае пытаньні доктар.

Доктар сумняецца, што гэтае відэа можа быць пастановачным, але ня можа сьцьвярджаць, ці на відэа сапраўды Вітольд Ашурак, бо ня ведаў яго асабіста.

Зьміцер Кароль кажа, што пасьмяротная экспэртыза ў такіх выпадках неабходная і можа адказаць на пытаньні аб прычынах сьмерці.

— Ёсьць розьніца ў траўмах галавы, атрыманых калі чалавек упаў з вышыні свайго росту, і калі да чалавека прымененая фізычная сіла, — кажа доктар. — І пры ўскрыцьці гэта можна высьветліць.

Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.

Сёньня сваякі Вітольда Ашурка атрымалі пасьведчаньне аб ягонай сьмерці.

У дакумэнце адзначана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».

Сёньня ж брату Вітольда Ашурка Андрэю аддалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот».

Цела Ашурка яшчэ ў Шклове пераапранулі ў касьцюм, адразу паклалі ў труну, якую сваякі прывезьлі з сабой. Апрача перабінтаванай галавы, у Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.

Пахаваньне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 траўня. З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе разьвітацца ў будынку Дома быту (Наваградзкая вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касьцёле пройдзе імша. Пасьля яе Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадзкіх могілках.

Памяці Вітольда Ашурка: «Узяць адказнасць за будучыню і давесці справу да канца»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(21)