Общество

«Хай Пазьняк задушыцца». Як апэратар Лукашэнкі зьняў зьнішчэньне бел-чырвона-белага сьцяга

14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які карэнным чынам зьмяніў расклад у грамадзтве, пiша Радыё Свабода.

Сам плебісцыт быў ініцыяваны абраным незадоўга да таго прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і складаўся з чатырох пытаньняў:

Аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай;

Аб зьмене дзяржаўнай сымболікі;

Аб падтрымцы дзеяньняў прэзыдэнта, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй;

Аб унясеньні ў Канстытуцыю зьменаў, якія дазвалялі прэзыдэнту датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету ў выпадку парушэньня Асноўнага Закону.

«Дзяржаўны рэбрэндынг»

​Рэфэрэндуму папярэднічала жорсткае супрацьстаяньне маладога кіраўніка краіны і апазыцыі, аж да галадоўкі і зьбіцьця дэпутатаў, але яго вынікі для дэмакратычнай часткі грамадзтва аказаліся несуцяшальнымі: па ўсіх вынесеных пытаньнях лукашэнкаўскія ініцыятывы перамаглі зь вялікай перавагай над апанэнтамі.

Афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму (працэнты ад колькасьці грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні):

    Мова: за наданьне расейскай статусу дзяржаўнай — 53,9%, супраць — 12,7%.

    Сымболіка: за вяртаньне савецкіх сымбаляў — 75,1%, супраць — 20,5%.

    Інтэграцыя з Расеяй: за шчыльнейшую супрацу — 83,3%, супраць — 12,5%.

    Спыненьне паўнамоцтваў парлямэнту: за разгон дэпутатаў — 77,7%, супраць — 17,8%.

Ужо 16 траўня бел-чырвона-белы сьцяг, які дагэтуль лунаў на шпілі будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, замянілі на чырвона-зялёны часоў савецкай Беларусі.

Спэцапэрацыю па «дзяржаўным рэбрэндынгу» праводзіў асабіста кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў і некалькі ягоных паплечнікаў. Чыноўнікі, якія толькі апынуліся ва ўладзе, проста на даху рвалі гістарычнае палотнішча на кавалкі, і «заўгас» з усьмешкай ставіў на «сувэнірах» свае аўтографы з датай адліку новай палітычнай эпохі.

Яшчэ праз тыдзень з фасаду Дому ўраду дэмантавалі герб «Пагоня», на яго месца пасадзілі копію бээсэсэраўскага вянка.

Раздача аўтографаў

Ёсьць толькі адзін запіс, які вяртае ў сярэдзіну траўня 1995 году. Працэдуру замены сьцягоў на даху прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі здымаў Зьміцер Завадзкі. Да таго ён працаваў на Беларускім тэлебачаньні, а пасьля атрымаў запрашэньне стаць асабістым відэаапэратарам Лукашэнкі.

Праўда, у навіны трапіў толькі момант узьняцьця новага сьцяга, раздача аўтографаў засталася па-за кадрам.

«Завадзкага выправілі зафіксаваць гістарычны момант — паказальна, што яшчэ нават да афіцыйнага зацьвярджэньня вынікаў галасаваньня, — згадвае калега відэаапэратара Сяргей Чырык. — Ну, і ясна, што дзеля „адбівак“ ён пачаў здымаць усё запар, у тым ліку — як Ціцянкоў расьпісваўся на шматках палотнішча. Сам Дзіма потым расказваў: толькі калі чыноўнікі зразумелі, што трапілі ў кадар буйным плянам, залямантавалі: што ты робіш, гад? Таму тое, як рвалі бел-чырвона-белы сьцяг, на стужку якраз і ня трапіла».

За кадрам чуваць урыўкі дыялёгу: «Ну, если это Позняк увидит... — Да пусть он задушится...».

Паводле Сяргея Чырыка, эксклюзіўныя відэаматэрыялы, якія ня мелі шанцаў зьявіцца на дзяржаўных тэлеканалах, у Зьмітра Завадзкага з камэрцыйным разьлікам у той жа вечар выкупіў Алесь Дайнэка — у той час ён кіраваў відэастудыяй радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Зрэшты, адбылася незаплянаваная ўцечка, і кадры сталі здабыткам галоснасьці.

«На гэтую стужку пайшоў увесь наш месячны заробак, — кажа Сяргей Чырык, які тады супрацоўнічаў зь «Беларускай маладзёжнай». — 600 даляраў, шалёныя грошы па тым часе, на дзясятку можна было паўмесяца жыць. Праўда, ніхто ні слова не сказаў, разумелі, што гэты дзяржаўны бандытызм людзі павінны пабачыць. Дайнэка потым зьбіраўся прадаць заходнім тэлекампаніям як унікальную карцінку, але нехта з супрацоўнікаў папрасіў паказаць відэа замежным калегам, і яно ў той жа момант пайшло гуляць па сьвеце. Дайнэка бегаў, псіхаваў, але што ўжо зробіш...»

Цяпер Алесь Дайнэка працуе ў расейскім прапагандысцкім полі і ад беларускіх рэаліяў дыстанцыяваўся.

Ахвяра ідэалёгіі

​Зьміцер Завадзкі загадкавым чынам зьнік 7 ліпеня 2000-га, калі паехаў у менскі аэрапорт сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. (Тры гады таму вядомы журналіст трагічна загінуў у выніку тэракту ў Кіеве.)

«Наогул Дзіма ў статусе прэзыдэнцкага відэаапэратара шмат што пасьпеў наздымаць, чым потым актыўна карыстаўся Паша Шарамет, — кажа Сяргей Чырык. — Ёсьць інфармацыя, што яго за нейкія непажаданыя кадры ўрэшце і забілі, хоць Завадзкі і сам мог не падазраваць, куды менавіта ўлез, каго мог патурбаваць».

Што да публічнай расправы над бел-чырвона-белым сьцягам, учыненай прэзыдэнцкім заўгасам проста пад флягштокам, Сяргей Чырык перакананы: гэта паказьнік узроўню ўсёй плеяды новых кіраўнікоў.

«Ну што вы хочаце? Іван Ціцянкоў за ўсю сваю дэпутацкую кадэнцыю так і не зьвязаў двух словаў, — кажа Сяргей Чырык, які ў свой час быў акрэдытаваны відэаапэратарам у Вярхоўным Савеце. — Звычайны вясковы мужык, якому лаўчэй трымацца за вілы, чым за дзяржаўныя рычагі. Не яго гэта ўзровень, пра што тут казаць? Таму і паводзіны адпаведныя — чалавек з наскрозь саўковай ідэалёгіяй».

Іван Ціцянкоў у 1999 годзе праз рознагалосьсі з босам пакінуў сваю пасаду кіраўніка спраў і зьехаў у Маскву. Ня так даўно вярнуўся ў Беларусь, цяпер на пэнсіі.

Сумнеўная легітымнасьць

​Сяргей Чырык акцэнтуе ўвагу на тым, што згодна з заканадаўствам па кожным з прапанаваных пунктаў трэба было набраць 50% плюс адзін голас ад усіх зарэгістраваных выбарцаў — але не ад тых, хто ў выніку паставіў птушачку ў бюлетэні. У выпадку з сымболікай актыўнасьць аказалася найменшай, да патрэбнай лічбы не хапіла 1,5%.

Паводле статыстычных дадзеных, у сьпісе грамадзянаў, якія мелі права ўдзельнічаць у рэфэрэндуме, значылася 7 445 830 чалавек. Свае галасы за прапанаваныя прэзыдэнтам сьцяг і герб аддалі 3 622 851 выбарцаў.

«Таму ў выніку а-ля савецкія сьцяг і герб былі зацьверджаныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі, і толькі потым новаабраны Вярхоўны Савет гэтае рашэньне ратыфікаваў. А ўжо праз паўгода дэпутаты самі атрымалі прэзыдэнцкага высьпятка», — нагадвае суразмоўца.

Празь дзень пасьля пэрформансу Ціцянкова і кампаніі моладзевыя актывісты правялі акцыю каля прэзыдэнцкай адміністрацыі: чырвона-зялёны сьцяг спачатку паднялі над грамадзкай прыбіральняй, а потым парвалі і спалілі.

«Ініцыятарамі былі актывісты Партыі аматараў піва і Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, — працягвае Сяргей Чырык. — Многіх тады пахапалі, у тым ліку мяне, тэлежурналістку Вольгу Акуліч — я якраз падпрацоўваў для праграмы «Крок». Пашанцавала, што быў кандыдатам у дэпутаты гарсавету, дык ня толькі адпусьцілі, а адвезьлі туды, дзе ўзялі. Але, ужо навучаная горкім вопытам і каб ня страціць адзьнятае, пакуль пакавалі ў кутузку, Вольга засунула касэту... у трусы. Балазе, не абшуквалі».

Усе спробы грамадзкіх актывістаў прыцягнуць Івана Ціцянкова да адказнасьці плёну ня мелі. Між тым згодна з тагачасным Крымінальным кодэксам (арт. 186-2) падобныя дзеяньні кваліфікаваліся як злачынства — «Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».

Нават паплечнікі Аляксандра Лукашэнкі, якія прывялі яго да ўлады, былі ў шоку ад учынку калегі. Так, адзін зь першых прэзыдэнцкіх кантралёраў Віктар Кучынскі постфактум казаў, што сьцягу, пад якім прымаў прысягу першы прэзыдэнт, месца ў музэі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)