Филин

Юлія Кот

Вячорка: «Наш прыярытэт — каб на мяжы не паўстала жалезная заслона. І таму мы будзем змагацца»

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай — пра забарону на праезд у ЕС машын з беларускімі нумарамі і перспектыву змякчэння гэтага рашэння.

Суседнія з Беларуссю еўрапейскія краіны адна за адной перастаюць прапускаць аўтамабілі на беларускіх нумарах — гэта звязана з новым санкцыйным пакетам ЕС. Ад 16 ліпеня такое рашэнне прыняла Латвія, апоўначы 18 ліпеня аналагічная забарона пачне дзейнічаць у Літве.

Легкавікі, зарэгістраваныя ў Беларусі, ужо не могуць патрапіць у Эстонію, а ў Польшчу ім пакуль дазваляюць уехаць, толькі калі ў салоне ці за стырном ёсць уладальнік.

На аўто з беларускай рэгістрацыяй, калі яно не належыць юрыдычнай асобе і не выкарыстоўваецца ў камерцыйных мэтах, у Літву яшчэ можна будзе патрапіць да 16 жніўня.

А ў беларусаў, чые аўтамабілі ўжо знаходзяцца ў Еўропе, ёсць шэсць месяцаў, каб выехаць альбо перарэгістраваць машыну — потым знаходжанне ў ЕС на беларускіх нумарах будзе лічыцца правапарушэннем.

Ёсць, аднак, у новых абмежаваннях і выключэнні — гэта машыны на дыпламатычных нумарах, транспарт амбасадаў і кансулятаў, а таксама міжнародных арганізацый, якія маюць імунітэт. То бок, на афіцыйных прадстаўнікоў рэжыму забарона паўплывае прыкладна ніяк? Тады ў чым яе сэнс і эфект, акрамя страты нерваў, часу і грошай простых беларусаў?

— Гэта кепскае і паспешлівае рашэнне. Ніякім чынам абмежаванні на ўезд прыватных аўтамабіляў не б’юць па Лукашэнку, але шкодзіць беларусам, — адзначае ў каментары Филину галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

— У тых абмежаваннях, вядома, шмат правільных момантаў, якія закрываюць лазейкі абходу санкцыяў, б’юць па лукашэнкаўскіх алігархах. Аднак абмежаванні супраць аўтамабіляў — лішнія. Я думаю, што тыя, хто пісалі гэтыя абмежаванні, не пралічвалі палітычных наступстваў.

Ці ёсць спадзеў у дэмакратычных сіл, каб змягчыць ці «адкаціць назад» гэтыя забароны, альбо ў цяперашніх умовах гэта наўрад ці магчыма?

— Паводле ўдакладнення ад літоўскага МЗС, Літва адтэрмінавала выкананне абмежаванняў на месяц: пакуль беларусы на сваіх аўто змогуць уязджаць. Польшча таксама пакуль прапускае аўтамабілі. Латвія і Эстонія абмяркоўваюць магчымыя выключэнні.

Цалкам «адкаціць» не атрымаецца, пакуль вайна і пакуль рэжым у Мінску пагражае свету ядзернай дубінкай. Аднак нашая задача — дабіцца як мага большых выключэнняў для беларусаў.

Гэта складана. Таму што краіны найперш думаюць пра сваю бяспеку, і хочуць мінімізаваць магчымыя пагрозы. І менавіта мяжа з Беларуссю для нашых суседзяў — самая балючая кропка.

Наш прыярытэт — каб на гэтай мяжы не паўстала жалезная заслона, не пакідаць беларусаў сам-насам з Лукашэнкам і Пуціным. І таму мы будзем змагацца.

Але адных дзеянняў палітыкаў недастаткова. Патрэбны актыўны ўдзел грамадскасці, асабліва дыяспары. Нагадваць розніцу паміж беларусамі і рэжымам, падтрымліваць Украіну, падтрымліваць рэпрэсаваных, выходзіць на акцыі. Не маўчаць.

Бо як на Захадзе думаюць — калі беларусы маўчаць — значыць, згодныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(7)