Политика
Аня Башкевич

Вячаслаў Сіўчык: “Мы ўсё роўна пераможам!”

Сёння ў 4 гадзіны раніцы, адбыўшы адміністрацыйны арышт, Вячаслаў Сіўчык выйшаў на свабоду. Па словах палітыка, час быў падабраны адмыслова, каб мінімізаваць колькасць сустракаючых.

Вячаслаў спакойна ставіцца да таго, што адбылося: “Не ў першы раз”. Як нацыянальную абразу ўспрыняў палітык рашэнне ўладаў аб пераносе суда Цэнтральнага раёна ў будынак былога Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. “Гэта абраза і для настаўнікаў, і для вучняў”, — дадаў Сіўчык.

У камеры на сем чалавек разам з Сіўчыкам знаходзіліся ў асноўным тыя, каго жонкі здалі на 15 сутак на перавыхаванне. “Насамрэч — гэта звычайны бамжатнік. Ежа і стаўленне аховы да арыштантаў — як звычайна — нічога новага”, — распавёў Вячаслаў пра ўмовы.

Цікавай здалася палітыку спецаперацыя, якую прадстаўнікі праваахоўных органаў правялі дзеля дастаўкі яго асобы ў будынак суда. У мінулую пятніцу, калі сваякі Вячаслава каля дзвярэй спецпрыёмніка-размеркавальніка чакалі, як адрэагуе кіраўніцтва гэтай установы на адмену судовага рашэння, Сіўчыка ўпотайкі везлі па тратуарах у напрамку будынка суда. У той час як іншая машына адцягвала ўвагу прысутных ля дзвярэй...

20 верасня, калі споўнілася шэсць месяцаў з дня ўсталявання намётаў на плошчы Кастуся Каліноўскага, Вячаслаў сустрэў за кратамі. У размове з карэспандэнтам “Салідарнасці” ён вырашыў павітаць усіх сваіх паплечнікаў. “Мы ўсё роўна пераможам!” — паабяцаў палітык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)