Политика
Анастасія Зелянкова

Вячаслаў Сіўчык i Вiнцук Вячорка абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве

Вячаслаў Сіўчык i Вiнцук Вячорка адпушчаны на свабоду пад падпіску аб нявыездзе. 23 сакавіка яны павінны з’явіцца ў суд Савецкага раёна, дзе будуць разгледжаны справы па абвінавачванні iх ў дробным хуліганстве.

Нагадаем, учора Вячаслаў Сіўчык i Вiнцук Вячорка былi затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

— Я знаходзіся ў раёне помніка Якубу Коласу, калі да мяне падышлі трое ў цывільным, — расказаў “Салідарнасці” Вячаслаў Сіўчык. — Адзін з іх паказаў пасведчанне і патлумачыў, што я вельмі падобны на чалавека, які здзейсніў крымінальнае злачынства. Па іх словах, мне неабходна было праехаць з імі ў РУУС Савецкага раёна для апазнання пацярпелым.

Аднак ніякага апазнання не адбылося. Сіўчык проста сядзеў у актавай залі “дзяжуркі”, пакуль міліцыянты пісалі свае паперы. Пасля прыйшоў загад адвезці палітыка на Акрэсціна.

— Яшчэ ў машыне я пачуў, як міліцыянты казалі, што я такі не адзін — ёсць і нехта другі. Хто, яны не ведалі. Пазней высветлілася, што тым другім быў Вінцук Вячорка, якога таксама затрымалі ўчора.

На Акрэсціна Сіўчыка памясцілі ў камеру для допыту. Толькі апоўначы яму абвясцілі, што ён арыштаваны за дробнае хуліганства. Паводле пратакола, Сіўчык спраўляў “естественные надобности” каля дома на плошчы Незалежнасці (нагадаем, што затрыманы ён быў у раёне помніка Якубу Коласу, дзе дамоў увогуле няма), у дадатак да ўсяго ён яшчэ і вылаяўся на заўвагу міліцыянтаў.

— Я адмовіўся падпісваць гэтую брыдоту, — адзначае Сіўчык. — Адзінае толькі абурыўся, у які ж бруд загнала міліцыю сённяшняя ўлада. Я спытаў міліцыянтаў, ці не сорамна ім. І ўбачыў, што сапраўды сорамна.

Сёння ўвечары Сіўчык быў адпушчаны дадому. Суддзя знайшоў працэсуальную памылку ў састаўленні пратакола, таму суд прызначаны на 23 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)