Агулам жыццё беларускай суполкі ў эміграцыі вельмі падобна на сацыялізацыю ў школе. Мы ўсе жылі усталяваным дарослым жыццём на радзіме, а тут раптам нас ператасавалі ўсіх такіх розных.
Вольга Стрыжнёва: «Калі мы жывыя, то ўжо не бедныя»
Пра жартаўлівыя пасты, беларускую дыктоўку і як можа аб’яднаць жаночая торба, «Салідарнасці» распавяла дырэктарка Fundacja KUT Вольга Стрыжнёва.
— Самыя цікавыя тэмы ініцыююцца менавіта самімі людзьмі. Калі нехта пачынае хацець. І вось ад гэтага «хачу» выходзіць самае лепшае.
На мінулым тыдні ў нас у Познані выступала наша сяброўка Геня, што прыехала з Вены, ёй цікава ўсё, што тут адбываецца. Бо ў Вене беларуская суполка праяўляе сябе не так моцна. Геня прапанавала распавесці пра тое, што ўмее яна, пра феномен пратэстнай клаўнады.
На самой сустрэчы ўжо з госцем Рыгорам дамовіліся пра наступнае мерапрыемства. Усё натуральна і самастойна разбудоўваецца. Я раней неяк змагалася з гэтым незапланаваным рухам, але больш чалавечна рабіць тады, калі робіцца.
Вольга з вялікім трапятаннем ставіцца да магчымасці ладзіць Купалле ў Познані.
— Тое, што паганскае свята знайшло водгук і ператварылася ў сымбаль беларускасці ў эміграцыі, вельмі цікава і важна. Таму, што аб’ядноўвае. У мінулым годзе фестываль адбыўся больш маштабны за першае наша Купалле. Дзякуючы збору, які самі беларусы і прафінансавалі.
Сёлета Купалле ладзіцца ўжо не ў Познані. Дзякуючы нашым сябрам з NGO Logos, з’явілася магчымасць зрабіць мастацкую рэзідэнцыю пад Гнезна (былая сталіца Каралеўства Польскага, — С.), а фэст будзе натуральным фіналам гэтай рэзідэнцыі.
Нечакана аказалася, што музей, які знаходзіцца на другім баку возера ад нашай рэзідэнцыі, таксама ладзіць ноч Купалы, але польскую. Там шмат рытуалаў, падобных да нашых. Магчыма, на некаторы час да іх далучымся, каб пазнаёміцца з польскімі традыцыямі. Пабудзем гасцямі на іх фестывалі, а потым плануем вярнуцца каб працягнуць ужо наш фэст.
— Вы казалі, што эмігрант — гэта чалавек, якому ёсць што распавесці пра свой родны край. Што вы расказвалі палякам пра Беларусь і Берасце?
— Люблю распавядаць вельмі звычайныя рэчы. Мне падаецца, у гэтым і ёсць жыццё. Што маці мне гатавала на сняданне ў нядзелю мачанку з блінамі на кефіры. І гэта рытуал, бо пасля такога снядання ты яшчэ паўтары гадзіны не можаш нічога рабіць, як і трэба ў выходны.
Трошачкі дзіўна, калі нас успрымаюць праз стэрэатыпы. Я праводжу майстар-класы на польскіх фестывалях і, нягледзячы на мае заўсёды вельмі непрывязаныя да чагосьці прапановы, мяне часта клічуць, бо «вось ў гэтым годзе мы працуем з тэмай Усход», ці распавядаем пра рамёства, а ты ж з Беларусі, пэўна, «вы толькі рамёствамі займаецеся».
Так, часам хочацца яшчэ раз нагадаць, што ў нашай культуры ёсць асаблівасці народай вышыўкі, што мы павукоў з саломы пляцем. Але насамрэч мы таксама жывем звычайнае жыццё, а не сядзім ў вясковых хатах, як на вокладках энцыклапедый.
Я дзялюся ўсімі класнымі беларусамі, якіх ведаю: стараюся як мага больш пра іх распавесці. Калі бачу, што чалавеку іншага паходжання цікава, закідваю спасылкамі на інстаграмы і ютубы сяброў. Пакуль гэта лепшы спосаб паказаць, у якіх розных кірунках працуюць беларусы.
Распавядаю, як класна ў Беларусі падарожнічаць цягнікамі. У Польшчы па-іншаму. Правадніца не падыдзе да цябе, не кране далікатна за ногу, не скажа, каб ты ўжо прачынаўся ды рыхтаваўся выходзіць на сваёй станцыі.
«Можа здарыцца ўсё што заўгодна. І гэта ўсё — проста жыццё. А мы — проста людзі»
Шмат добрага і цікавага прыдумляе суполка беларусаў Познані. Вольга адчувае гонар, што фундацыя мае магчымасць іх прытуляць ды запрашаць да сябе. Кніжныя ды размоўныя клубы на розныя тэмы, гурткі вышыўкі ці жывапісу, гульні, музычныя эксперыменты.

На дзень роднай мовы ладзілі агульнанацыянальную дыктоўку на беларускай мове.
— Такая дыктоўка, зразумела, праводзілася па ўсёй Польшчы. А мы далучыліся.
Памылак усе дапусцілі вельмі шмат. Але я спадзяюся, не таму, што гэта беларуская мова. А таму, што вельмі даўно мы не пісалі без аўтакарэкцыі ні на воднай мове. Падумала тады, што было б цікава пахадзіць яшчэ ў школу, зноў.
І трэба зноў знаёміцца с сабой у новым грамадстве, вучыцца працаваць у камандзе. Але было вельмі ўтульна, людзі сабраліся, потым дыктоўка перайшла ў размовы, гранне музыкі на гітары.
Вольга кажа, што ў яе не было вымушанай эміграцыі, бо з’ехала з Берасця ў Польшчу ў 2018-м.
— Магчыма, можна было б падцягнуць ды сказаць, што яна вымушаная, бо мне хацелася пачаць зарабляць, каб хапала хаця б на месяц жыцця-быцця. Але сапраўдныя прычыны былі іншыя. Проста хацелася нешта змяніць.
Апошнім часам маю новае адчуванне, калі раптам вее вецер, а вочы глядзяць на ўсё навокал праз паветра,і быццам перастаеш думаць, што Познань чужы горад. Мяне гэта трошкі пужае, што горад ужо здаецца маім.
Адчуванне Шродзінгера, я ніколі не думала, што маю такое адчуванне, свайго і не свайго паветра. Палохае той падзел. І калі адчуваеш новае паветра як сваё, раптам разумееш, што ўвесь час тваім было паветра ў Берасці. Але ж тады агулам не звяртаў на гэта ўвагі.
І трошачкі здрада адчуваецца: калі гэта новае месца адчуваеш ужо як сваё, то нібыта здрадзіў свайму роднаму куточку, Берасцю. І горад пакрыўдзіцца, і нешта ўнутры пакрыўдзіцца. І будзе сорамна.
«Класна, што людзі ходзяць на ўсё, што развівае Беларусь як брэнд»
— Вы падтрымліваеце шмат розных мерапрыемстваў: музычныя стрымы, інтуітыўныя танцы, сустрэчы з псіхолагам, стварэнне аматарскага хору. На што больш попыт?
— Зараз вельмі цяжка чымсьці здзівіць. Попыт, на шчасце, на ўсё, апрабаванае гадамі, беларускае. Сустрэчы, на якіх можна паразмаўляць па-беларуску, паслухаць пра пісьменнікаў, сустрэцца з мастакамі. Класна, што людзі ходзяць на ўсё, што развівае Беларусь як брэнд.
Больш цяжка, калі мерапрыемства беларускае, а публіку чакаем польскую. І іх неяк трэба заманіць (усміхаецца). А я асабіста не люблю кагосьці змушаць да чагосьці, таму яшчэ больш складана.
— І як заманіць на імпрэзу пра балоты, пра якія распавядае Віктар Фянчук? Здаецца, «ну каму цікава пра балоты», а потым разумееш — дык файна ж!
— Віктар увогуле брэнд, на яго прыходзяць натоўпы. У мінулым годзе ён распавядаў пра ваўкоў. Людзі ідуць, бо кожны раз ведаюць, што з Віктарам будзе цікава. На Змітра Салодкага таксама так ідуць людзі.
Мне нават часам хочацца паперамешваць публіку і мерапрыемствы, на якія яна ідзе. Прывесці моладзь туды, дзе часцей усё такое сталае — і наадварот.
— Ці галасавалі вы ў 2020-м, і што для вас беларускія падзеі?
— Я ездзіла галасаваць у Варшаву. Наша чарга была такая доўгая і было зразумела, што ніхто насамрэч не прагаласуе. Так і здарылася, можа, чалавек 10 да канца дня прагаласавала. Але ж для нас гэта было вельмі святочна да пэўнай гадзіны, калі яшчэ не было навінаў пра гвалт. 2020-ы — гэта моцная салідарнасць сярод беларусаў і польскіх сяброў.
І пачуццё віны, яно і дагэтуль застаецца, не толькі ў мяне. Што мы тут, у бяспецы, былі тады і ёсць цяпер. Дагэтуль не адчуваю, што маю права нешта лічыць на тэму беларускага пратэсту. Бо мяне там не было.
Нават глядзець і чытаць усё гэта было цяжка. І адчуваеш сабе ў кожным разе дрэнным, таму што не ведаеш: ці ты маеш моц, ці ўвогуле маеш нейкія магчымасці дапамагчы. А можа меў і не дапамог…
«Памятаю, нехта вышыў на торбачцы ЦУМ у Берасці. І так цёпла адразу зрабілася»
— Па выніках мінулага года перамогу ў конкурсе «Лепшая ініцыятыва» атрымала Беларуская школка ў Познані. У журы, апроч жыхароў, была паэтка Наста Кудасава, музычны мэнэджэр Папа Бо...
— Так, усяго было 13 ініцыятываў.
Беларуская школка ў Познані існуе на базе Акадэміі Добрай Адукацыі і «жыве» у польскай школе, дзе яны арэндуюць памяшканні. Кожную суботу дзеці прыходзяць на заняткі, а выкладаюць настаўнікі, якія ёсць у Познані.

То бок скампанавалася праграма з тых ведаў, якія можа даць наша беларуская супольнасць. Гісторыя Беларусі, літаратура, беларуская мова, мастацтва, тэатр. Прыдумляюць цікавыя івэнты, бываюць канцэртныя суботы, калі дзецям даюць магчымасць больш пабавіцца.
— На адным з вашых праектаў Зміцер Салодкі распавёў у форме Reels пра торбы, клункі, катомкі — у чым нашы бабулі насілі самае дарагое. Як вы ўвогуле знаходзіце цікавых экспертаў і тэмы?
— Усё чапляецца адно за адно. Мы захацелі зрабіць мапу беларускіх месцаў Познані. Але хацелася не толькі яе перадаць камусьці, але і ўступіць у дыялог з аўдыторыяй.
Дыялог заўсёды лепш успрымаецца, калі вы нешта творчае разам робіце. І мы вырашылі вышываць торбы.
А прыгадалі такія вось торбы на кіёчку мы з маёй польскай сяброўкай Йоаннай Панчак, калі хадзілі па лесе. Нас цікавіла не столькі форма і выгляд, колькі магчымасць на кіёчку яе насіць. Я падумала, што лепш, чым хадзіць з мапай па свеце, толькі хадзіць па свеце з мапай у торбачцы.
Акрамя цікавага матэрыяла, які прыгатаваў Зміцер Салодкі, прыгадалі што беларуская мастачка і дызайнерка Таня Тур ужо раней распрацавала свае аўтарскія хатулёчкі. Яна дазволіла нам для варштатаў выкарыстоўваць лекала яе аўтарства, бо яны мелі такія элементы, якія адразу адрознівалі выраб ад звычайнага мяшочка. А мы ў дадатак даведаліся ад яе, што ёсць такая форма клунка як хатулёк.
Памятаю, нехта вышыў на сваім хатулёчку ЦУМ з Берасця. І так цёпла адразу зрабілася... Увогуле класна, калі з’яўляюцца такія памятныя рэчы, раптам і ў вельмі такой творчай форме і калі атрымліваецца праз гэта распавесці пра таленавітых беларускіх творцаў.
«Чалавек павінен вучыцца быць шчаслівым, не абапіраючыся ні на што і ні на кога. Гэта толькі ў сабе»
— «В Палермо меня обманули на деньги, за которые можно было купить много канноли», — напісалі вы пра набыты на плошчы апероль за 5 еўра, за які з вас знялі 50. Думалі вярнуць грошы, але Джузэппе не з’яўляўся, бо ў наступны раз на плошчы была паліцыя...
— Вандроўкі, канешне ж, пераасэнсоўваюцца. Вельмі люблю паўднёвую Італію, і Палерма мне спадабаўся.
Падобныя гісторыі можна ператварыць у нейкі смутак, але ж калі потым згадваеш ды смяешся — гэта ж тое, за што мы любім жыццё. І вось жа гэта не вельмі прыемная гісторыя ператварылася ў такі тэкст, які вы ўзгадалі. А гэта азначае, што гісторыя была цікавая.
— Яшчэ вы пісалі, што павінны былі нарадзіцца «на Средиземноморье, в тени виноградников, в загородном поместье моих родителей, унаследовав фамильный титул и трехлитровую банку бриллиантов»...
— Гэты пост таксама жартаўлівы. Калі заглянуць у глыбіню, ён пра тое, што я магу сабе дазволіць напісаць такі пост і не саромецца, нават калі яго пачытае мая маці. Бо яна ў мяне жанчына з пачуццём гумару і пасмяялася б таксама.
Я часам запытваю, ці яна мяне не падманвае і не жыве нейкім багатым жыццём (смяемся). Бо я б тады атрымала ў спадчыну куфры з грашыма. Маці заўсёды смяецца, што не-не, я сапраўды бедная.
Таму і той пост гэта жарт, бо насамрэч мне не патрэбны вінаграднікі і слоік з дыяментамі.
Самая вялікая мая радасць, што я ўмею быць шчаслівай. Гэта лепшае, што са мной магло здарыцца. І гэта акурат заслуга і маёй «небагатай» сям’і таксама. Але ж калі мы жывыя, то мы ўсе ўжо не бедныя.
Так, магло быць лепш. Але кожны з нас сам можа зрабіць лепш. Чалавек павінен вучыцца быць шчаслівым, не абапіраючыся ні на што і ні на каго. Гэта толькі ў сабе, ніхто іншы табе шчасця не выдасць. Гэта толькі твой выбар.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное