Политика

Зміцер Панкавец, Наша Нiва

Васкрасенскі расказаў, як схадзіў у СІЗА КДБ да Эдуарда Бабарыкі

Сустрэча адбылася яшчэ 18 лістапада.

Юрый Васкрасенскі. Фота Надзеі Бужан

— Гэта адбылася з дазволу следчых органаў. Я напісаў хадайніцтва ў следчае ўпраўленне КДБ, і яно было задаволена. Эдуард быў у добрым настроі, у добрай знешняй форме.

Я паведаміў яму, што займаюся пытаннем змянення яму меры стрымання. Больш за месяц таму я падаў адпаведнае хадайніцтва аб змяненні меры для Віктара і Эдуарда Бабарыкаў на хатні арышт і маё паручальніцтва, — расказвае Юрый.

Візіцёра цікавіла, ці не будзе Эдуард супраць, каб той займаўся гэтай справай. Васкрасенскі кажа, што адмоўнага адказу не атрымаў. Агулам сустрэча доўжылася каля гадзіны. Паспелі абмеркаваць і грамадска-палітычныя тэмы.

— Ён пытаўся, што адбываецца «за сценамі», я расказаў пра няспынныя выхады людзей на вуліцы па нядзелях, расказаў пра наш «круглы стол», — кажа Васкрасенскі.

Ці ставіліся перад Эдуардам нейкія ўмовы для таго, каб ён мог выйсці з СІЗА? «Я асабіста нікому такіх умоваў не ставіў. Якія ўмовы ставіць следства? Гэта ўжо пытанні да самога следства і абвінавачаных».

Васкрасенскі кажа, што моцна засмуціўся праз нядаўняе выказванне Паўла Латушкі пра тое, што Віктар і Эдуард Бабарыкі хутка могуць быць на волі.

— У пагоні за палітычным хайпам многія не разумеюць, што пэўныя рэчы трэба рабіць у цішыні. Хайпаваць ужо можна потым, калі ўсё гэта рэалізавалася. Логіка нашай улады такая, што яна нічога не робіць пад прымусам. Калі ідзе ціхі працэс па вызваленні Эдуарда Бабарыкі, а тут вылазіць нейкі апазіцыйны дзеяч, які кажа, што хутка Эдуард Бабарыка павінен быць на волі, то з логікі ўладаў гэты працэс можа адразу спыніцца.

Гэты працэс, які быў запушчаны і ўжо ішоў да лагічнага вырашэння, рэзка затармазіўся. Гэта вельмі далікатная тэма і трэба разумець узровень адказнасці, калі ты пра нешта кажаш.

— Эдуард трымаецца добра, кажа, што цяжка лайдачыць. Ён чытае шмат кніг, перадае ўсім прывітанне, ні аб чым не шкадуе. Але паколькі ён чалавек актыўны, то яму ў гэтых чатырох сценках цяжка знаходзіцца без актыўнай дзейнасці. Адзінае, што ратуе і адцягвае, — гэта кнігі і перапіска, — расказвае Юрый.

— Наколькі я ведаю, Лаўроў не падымаў пытанне аб вызваленні Бабарыкі. Калі б ён падняў такое пытанне, то яно б было вырашана вельмі хутка, цягам дня, — мяркуе Васкрасенскі.

Эдуард Бабарыка, фота Надзеі Бужан

Факт такой сустрэчы «НН» пацвердзіла адвакатка Эдуарда Ірына Варанкова. Ні пра якія падрабязнасці спаткання яна расказваць не стала.

Эдуард Бабарыка — кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Быў затрыманы 18 чэрвеня разам з бацькам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. У гэты ж дзень Эдуард быў змешчаны ў СІЗА КДБ. 21 чэрвеня Эдуарду Бабарыку выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»). Прызнаны палітычным вязнем.

Юрый Васкрасенскі — гэта былы сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі, які пасля выбараў апынуўся ў «амерыканцы». У хуткім часе з’явілася ягонае інтэрв’ю Марату Маркаву, якое ён даваў у статусе зняволенага. А на сустрэчы з Лукашэнкам Васкрасенскі сядзеў ад яго па правую руку. Літаральна на наступны дзень ён выйшаў на волю з даручэннем «падрыхтаваць прапановы па зменах у Канстытуцыю».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(47)