Але палякі добра ставяцца да беларусаў, яны больш раслабленыя чым мы, схільныя пазітыўна реагаваць на недарэчнасці, памылкі, нейкую нязграбнасць.
Валянціна Андрэева: «Калі свет коціцца ў бездань, то я прапаноўваю каціцца з густам і прыемным займальным чытвом»
Колькі трэба выдаць асобнікаў, каб зарабіць на кніжцы ці настолцы, чаму зараз час у тым ліку для гульняў і радасці, і як прайшоў першы год у эміграцыі, «Салідарнасці» распавяла галоўны рэдактар Еўрапейскага беларускага выдавецтва «Гутэнберг» Валянціна Андрэева.
– Валянціна, вы файна праматуеце кнігі і настолкі, у тым ліку ў сваім фэйсбуку: то жартуючы, што прадаваць кнігі трэба прыгожымі ножкамі, то параўноўваючы новы раман з якасным нямецкім порна.
Але ж не-не ды і знойдзецца той, хто падніме брыво: «Не час глупствамі займацца». І гэта насамрэч даволі шырокае пытанне: ці можна радавацца і думаць аб чым заўгодна яшчэ, акрамя як «свет коціцца ў бездань»? Як рэагуеце на негатыў?
– Свет, праўда, коціцца ў бездань, і я не настолькі самаўпэўненая, каб спадзявацца гэта спыніць. Усё што я магу і прапаноўваю – гэта каціцца ў бездань з густам, з прыемным займальным чытвом. І не падманваць сябе.
Так, мы коцімся ў бездань, але пры гэтым давайце знаходзіць і прыемныя куточкі ў гэтым нашым клубку, у якім усе разам апынуліся. Магчыма, я магу зрабіць трошачкі ўтульней, весялей канкрэтны момант для аднаго чалавека ці для нейкага кола людзей.
Нядаўна злавіла сябе на думцы: толькі што гаварыла з вельмі шанаваным чалавекам, які прасіў, каб я выцаніла ягоную кніжку. І я ведаю, што тая кніжка не можа быць легкадумнай, нязначнай, яна абавязкова прысвечана важнаму пытанню нашай культуры. Але я адказала, что не магу выцаніць яе хутка, гэта складаны працэс.
І ў той жа час я абмяркоўвала з камандай: «Можа, сапраўды варта выдаць які небудзь раман па-беларуску пра сэкс?» Пра важныя, але, на першы погляд, легкадумныя рэчы з нейкімі правакацыйнымі сцэнамі. Выходзіць, на гэта ў мяне час ёсць, а на сурьезную кніжку няма.
– Што ваша каманда адказала на прапанову выдаць кніжку про сэкс?
– Мы зараз шукаем што-небудзь такое, што сапраўды прымушала б людзей выдыхнуць. Расслабіць цягліцы. Мы ўвесь час заціснутыя ў камку, матку нерваў, дзікай зацятасці ад гэтых трагедый.
І калі б выйшла кніжка пра сэкс, гараскопы ці пра нешта такое яшчэ – здаецца, гэта б расслабіла, адпусціла б нашы плечы, вечна заціснутую грудную клетку, дало б магчымасць уздыхнуць і апынуцца ў тым моманце, у якім мы ёсць. Страсянуць гэтага чалавека, які разрываецца нервамі паміж трагічным мінулым і незразумелай будучыняй. Усё гэта цісне з усіх бакоў, і ад гэтага страшэннага ціску чалавек параўтвараецца ў чорную дзірку.
«Стрэсс і сапраўды можа зжэрці цябе знутры»
– Чаму і як вы з’яжджалі з Беларусі? Ці цяжка прайшла адаптацыя? Па фэйсбуку складаецца ўражанне, што у вас усё хоп – і атрымалася на выдатна!
– Я з дзецьмі з’язджала ў 2022-м. Мне было лягчэй, бо за год да гэтага ў Польшчу пераехаў мой муж. Ён знайшоў жытло, зразумеў, як тут жыць, дзе купляць прадукты, як ездзіць ў транспарце. То бок такія дробныя побытавыя моманты, якія складаюць штодзённасць. Але калі ты іх ня ведаеш, стрэсс і сапраўды можа зжэрці цябе знутры.
Не было лёгка, я не ведала польскую мову, ніколі яе не вучыла да пераезду. Ведала, як павітацца і як лічыць да дзесяці.
З аднаго боку польская мова блізкая да беларускай, з другога – палякі адстаялі ў большасці тэрмінаў свае словы, не лацінскія, не запазычаныя. Яны кажуць учуленне, а не алергія, і гэтак далей.
– Што дапамагае, калі накрывае туга?
– Калі накрывае туга – я кладуся і тужу (усміхаецца). Дазваляю сабе нічога не рабіць, калі мне кепска: «Я не ў форме, будзе лепей не шкодзіць гэтаму свету, нікому не дакучаць такой вось сабой непрыемнай».
Яшчэ я зрабіла сабе працоўны графік. Дзякуючы гэтаму вечерамі і ў выходныя амаль не працую. Магу дзень сядзець дома, слухаць аўдыёкніжку, ляпіць алмазную мазаіку ці маляваць карціны па нумарах. Гэта не творчасць, гэта як фасолю лушчыць, як калісьці ў бабулі ўвосені. Гэта такая механічная справа без кантакту з людзьмі, без шопінгу, без забаў.
Я слухаю сябе, і калі мне гэтага хочацца – дазваляю сабе такі стан і прымаю яго.
«Папяровая беларуская кніжка – матэрыяльнае пацверджанне нашага існавання»
– Адзін час складвалася ўражанне, што электронныя кнігі пахаваюць папяровыя. Зараз, здаецца, што на беларускія папяровыя кніжкі расце попыт. Ці так гэта і з чым вы гэта звязваеце?
– Маё ўражанне – попыт на беларускія папяровыя кніжкі зараз расце істотна. У нашым кракаўскім чаце каля дзвух з паловай тысяч беларусаў, працуюць два кніжныя клубы. Людзі ў Штатах таксама хочуць чытаць беларускія папяровыя кніжкі, нягледзячы на перасылку і кошты. Замаўляюць і чытаюць.
Магчыма гэта перадоз ад гаджэтаў. Для мяне асабіста гэта магчымасць адкласці тэлефон і адцягнуцца на іншы занятак, які дазволіць думкам выйсці ў нейкім іншым кірунку. Электронную я чытаю, калі папяровую знайсці немагчыма.
– Мне падаецца, асабліва для тых, хто ў вымушанай эміграцыі, папяровая беларуская кніжка гэта яшчэ і нейкі сымбаль, кавалачак Радзімы і доказ таго, што мы існуем на гэтым свеце.
– Абсалютна. Згодна, гэта матэрыяльнае пацверджанне нашага існавання. Яно нам зараз вельмі патрэбна. Бачыць, што нашы ідэі не абстракцыя, што яны маюць матэрыяльнае ўвасабленне, што іх можна ўзяць у рукі. І гэта пацвярджае наша права існаваць, не згубіць сябе.
Вельмі важная рэч – каштоўнасці. Асабліва апошнім часам кідаецца ў вочы, што у кожнага яны свае, досыць розныя. І гэта бянтэжыць.
У нас розныя каштоўнасці з нашымі апанентамі ў Беларусі, якія маюць уладу. У кагосьці каштоўнасці – правы жанчын, а ў іншых – моцная сям’я. А кніга застаецца каштоўнасцю для ўсіх, гэта аб’ядноўвае.
«Спадзяюся, што беларусы захочуць кур’ёзнага і перастануць гэтага саромецца»
– Мо былі нейкія кур’ёзныя пытанні ці прапановы ад беларусаў на кніжных кірмашах ці наўпрост у прыватных размовах? Бо калі чуеш «выдавецтва» – адразу ўяўляеш сабе нешта сур’ёзнае. Але як паказвае рэакцыя ў сацсетках, шмат хто ўсё адно хоча пра сэкс і прыгожыя ножкі.
– Так, усе хочуць, але пры гэтам многія вельмі добра гэта хаваюць. Праблема ў тым, што я шукаю ў памяці і не магу знайсці кур’ёзных прапановаў ад беларусаў. Хацела каб былі кур’ёзныя прапановы, але яны ўсе, наадварот, даволі сур’ёзныя, нават пафасныя. Пра ратаванне свету, пра ратаванне гістарычнай памяці.
Па-добраму зайздрошчу Андрэю Янушкевічу, які выдаў зборнік Камілы Цень «Я прыду за табой у аўгусце». Гэта тое кур’ёзнае, чаго магло быць болей. І, спадзяюся, што гэтага калісьці стане болей, калі людзі перастануць саромецца, што хочуць кур’ёзнага.
– Вось, вы вельмі трапна сказалі пра саромецца і пра тое, зноў жа, што беларусы вельмі заціснутыя. Нервовы час, на жаль, не спрыяе іншаму. І калі сітуацыю не штурхаць, так і будзе.
– Так, я сама ненашмат лепш астатніх у гэтым плане. Таксама заціснутая, скаваная. Прыкладам стаў учорашні выпадак.
Стук у дзверы. І я раптам адчуваю, як сціскаюся ў камок і думаю: «Адчыняць ці не? Хто гэта можа быць? Што сказаць?»
Выдыхаю і прымушаю сябе пайсці адчыніць. А там чалавек, які праходзіў па нашай лесвічнай пляцоўцы і знайшоў школьнае пасведчанне маёй дачкі: «Гэта ваша?»
І калі я ківаю, ён знянацку: «Абняць, паўшчуваць, але не крычаць. Ні ў якім разе не крычаць на яе».
Незнаёмы чалавек кажа мне не крычаць на маё дзіця – такую магчымасць ён дапусціў, проста гледзячы на мяне? Такі выраз твару атрымаўся з-за таго, што я спалохалася банальнай штукі – нехта пагрукаў да мяне ў дзверы.
З настолак найлепш прадаецца гульня «Я ніколі не...»
– Як вы вызначаеце наклад той ці іншай кніжкі або на якую настолку будзе попыт?
– Мы ідзем ад канца гэтай гісторыі. Ад эканомікі і менавіта ад накладу. Самая трагедыя беларускай кнігі, што яе шмат выдаецца, але выдаецца яна для «кола абраных».
Вельмі шмат беларускіх кніг, выдадзеных ад ста до трохсот асобнікаў. І гэта ўтварае нейкі такі дысбаланс: «беларуская кніга не для ўсіх», «беларуская кніга не мае права быць масавай».
Мы сыходзім з таго, што, каб банальна пакрыць выдаткі, заплаціць аўтару, перакладчыку, рэдактару, таму, хто займаецца макетам, дызайнеру вокладкі – кніга павінна выйсці накладам тысяча асобнікаў.
Мы не працуем па схеме «дайце грошы, мы выпусцім кнігу, а далей не наш клопат». Наш заробак залежыць ад таго, наколькі прадасца гэтая кніга. У тым ліку і заробак аўтара, і заробак перакладчыка, заробак усяго выдавецта.
Таму сочым за продажам, робім прагнозы, шукаем піяршчыкаў. Зараз, напрыклад, з настолак найлепш прадаецца гульня «Я ніколі не... ». І гэта вынік сумеснай працы, у тым ліку аўтаркі Ганны Шымановіч, піяршчыцы ад Бога. Дзякуючы ёй, за палову года мы прадалі ўжо палову наклада з тысячы, і гэта вельмі добра.
Таксама добра прадаецца дзіцячая кніжка «Хто жыве ў гаражы?» А яшчэ «Беларускі народны соннік».
– Ці можна ўсё гэта набыць у Беларусі? Наколькі гэта бяспечна?
– Мы не можам прагназаваць, што паслужыць трыгерам у пэўнай сітуацыі. Адпраўляем у Беларусь нашыя кнігі і настолкі, але нічога, што можа нашкодзіць чалавеку ўнутры краіны.
– Былі такія прыклады?
– У мінулым годзе мы не адпраўлялі каляндар «Мова вольных». Палічылі, што гэта будзе небяспечна і безадказна. У ім былі гісторыка-культурныя каштоўнасці нашага народа.
Нам здаецца, новы каляндар не змяшчае нічога такога, што аб’ектыўна можна было б расцаніць, як небяспечнае. Таму сёлета яго можна будзе набыць і з Беларусі.
«Наша настолка ўся пра тое, што зразумеюць менавіта беларусы»
– А хто зараз замаўляе настолкі? Нехта, зноў жа, кіне, што не лепшы час для гульняў і радасці...
– Сапраўды людзей часам раздражняе, калі яны маюць іншы погляд на тое, чым мне трэба займацца.
Як я ўжо казала, лепш за усіх прадаецці «Я ніколі не... ». Многія бачылі рускамоўную версію, але яны вельмі розныя. Наша настолка ўся пра тое, што зразумеюць менавіта беларусы. Гэта гульня каб панастальгіраваць, па-светламу, по-добраму, пра тое, што рэальна было вакол нас.
Гульня пра тое, ці каштавалі вы баранавіцкія «лодачкі», гэта такі стрыт-фуд у Баранавічах. Ці ездзілі калі-небудзь на трактары, ці выбіралі бульбу, ці пілі самагонку, ці разбівалі сэрца пацана. Пытанні створаныя менавіта для беларусаў і іх сябраў, якія будут цікавіцца нашым жыццём.
І чаму не час для гульняў і радасці? Усё, што нам застаецца – гэта гульні і радасць. Тое, што мы можам рабіць, закрыўшыся дома за дзвярыма і баючыся выходзіць на двор. Даволі шмат дарослых людзей гуляюць у беларускія настолкі і находзяць у гэтым вялікую асалоду.
– Ці вы самі гуляеце ў настолкі? Я дык, калі не перамагаю, злуюся, таму са мной не ўсе любяць гуляць.
– А я, калі перамагаю – прашу прабачэння. У мяне ёсць гісторыя з дзяцінства, нават ня ведаю, ці трэба яе агучваць.
– Канешне трэба!
– Калісьці ў дзяцінстве я была выдатніцай, якой трэба было ўсё правільна рабіць, атрымліваць добрыя адзнакі. Перамагаць.
Недзе ў пятым класе ў нас быў урок беларускай літаратуры. А я вельмі добра чытала вершы па-беларуску, с выражэннем, пафасна. Зараз, канешне, я б не назвала гэта добрым чытаннем, змяніліся каардынаты, але тады мне ставілі шасцёркі па пяцібальнай сістэме. То бок я ўмела вельмі пышна чытаць.
І вось я чытаю каля дошкі чарговы беларускі верш, вяртаюся на месца, вядома, атрымаўшы выдатную адзнаку. А мой аднакласнік падымаецца з нейкай суседняй парты і... проста дае мне ў вуха. Пасярод класа.
Гэта, канешне, было страшна нечакана. У тым веку мне было вельмі цяжка зразумець: «Што здарылася?». Я ж яму нічога не зрабіла. Мяне выклікалі адказваць урок, я адказала і сядала на свае месца. Я яго ніякім чынам не крыўдзіла. Але вось у яго такая рэакцыя.
Сёння ў мяне няма крыўды. Відавочна, што так, як ён, рабіць нельга і гэтак далей. Але з вышыні дарослага разумею, што ён не стрымаў сябе і што ўбачыў у маіх паводзінах нейкае, магчыма, выхвалянне, нейкую ганарыстасць. І тое, што ён так не мог, можа, не мог і так той верш зразумець, як я. І што я ў гэтай сітуацыі выступіла трыгерам пераможца. А ён вырашыў, што можа перамагчы мяне сілаю.
З таго часу я шмат перагледзела свае пазіцыі. Паступова мне перастала быць важным перамагаць і вельмі важна гуляць. Але так каб усім навокал было цікава і прыемна. Каб было камфортна, каб ніхто не адчуваў сябе пакрыўджаным, што ён не разумее, што ён дурней за ўсіх. Для мяне гэта прыярытэт.
Таму, калі я перамагаю, прашу прабачэння. Для мяне гэта не добры вынік гульні. Добры вынік – каб усім было добра і весела.
– «Магчыма, у нейкім паралельным Сусвеце я – гусь для абдыманняў». Так вы падпісалі ў фэйсбуку фотаздымак с мяккімі гусямі-абдымашкамі. А што робіце самі, калі ўзнікае патрэба хуценька да кагосьці прытуліцца?
– Мне пашанцавала: дома ў мяне цудоўная сям’я, а на працы – цудоўная каманда. Дома я магу прытуліцца да мужа, таксама ў мяне ёсць двое дзяцей. Ёсць сэнс у тым, што я іх нарадзіла (смяецца).
Старэйшая дачка пад уплывам падлеткавых трансфармацый адзін час не згаджалася на абдыманні. Але мы шляхам доўгіх перамоваў дамовіліся, што абдыманні – гэта неад’емнае права кожнага.
Асабістыя межы – гэта адно. Але прыйсці па абдыманні – на гэта мае права разлічваць кожны з родных. І ведаць, што яго шчыра абдымуць, не задаючы лішніх пытанняў.
Читайте еще
Избранное