Беседка
Юры Міхалевіч, Goals.by

Валянцін Акудовіч: «Штанге — Барбі мужчынскага полу»

Найбольш слынны філосаф сучаснай Беларусі разглядае феномен футбола і прыходзіць да высновы, што добры матч ля тэлевізара збярэ больш людзей, чым трансляцыя Апакаліпсісу. Яшчэ Валянцін Акудовіч прапануе задумацца Чыжу, тлумачыць, чым яму даспадобы Сікора і недаспадобы Штанге, а таксама выступае супраць другога беларускага клуба ў КХЛ.

«Можа наспеў час выходзіць «на прастор, на шырокі прастор»

— Хто такі Валянцін Акудовіч?

— Мяне няма. Прынамсі так называлася мая першая кніжка («Мяне няма. Роздум на руінах чалавека» — Goals.by). З назвы атрымліваецца даволі анекдатычна, але на самой справе ўсё даволі сур’ёзна.

— Дык як жа вас няма, калі вы сядзіце насупраць. Ці мяне таксама няма?

— Таксама. Тое, што вы лічыце сваім «Я», ёсць адно сумай фізічных, сацыяльных, вербальных, культурных ды іншых феноменаў, якія трывала атабарыліся на прасторы вашага цела. Насамрэч «Я» — гэта толькі граматычная фігура, якая патрэбная мове дзеля структурнай арганізацыі самой сябе.

— Ну вы філосаф!

— Так звычайна называюць мяне журналісты. Зрэшты, і ладная частка акадэмічнай супольнасці прымае мяне за філосафа, хаця сам сябе я адчуваю хутчэй літаратарам, схільным да філасофскіх развагаў. У 1980 годзе скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут, таму ў мяне і ў дыпломе напісана – «літаратар». Да таго ж слова «літаратар» ні да чаго не абавязвае: вельмі ўтульна за ім хавацца.

— Ваша тэма ў філасафаванні — метафізіка адсутнасці. Нешта вельмі складанае…

— Гэта філасафаванне на тэму «Нішто». Зараз пішу кніжку, якая так і будзе называцца: «Кніга пра Нішто». Увогуле, тэма Нішто тым ці іншым чынам праходзіць ці не праз ўсе мае кніжкі. Бачыце, мяне цікавіць не тое, што ёсць, а тое, чаго няма: нішто, адсутнасць, нябыт і да т.п... Другая інтэлектуальная тэма, якая вярэдзіць мяне ўжо шмат год, называецца «Беларусь». Спрабую асэнсаваць яе не толькі ў гістарычных, культурных ці геапалітычных, але і ў метафізічных катэгорыях.

— Ну вось што скажыце пра праблему самаіндыфікацыі беларусаў?

— Найпершая праблема беларусаў у зніжанай уласнай самаацэнцы. Ім не хапае гонару за сябе, за тое, што яны робяць і як робяць. Беларусы ўсё яшчэ ніяк не могуць выбрацца з тых стэрыатэпаў, якія ім стагоддзямі навязвалі з аднаго боку расійская каланіяльная адміністрацыя, а з другога — уласная дэмакратычная літараура: «я мужык, дурны мужык» і да т.п. Дзеля справядівасці заўважым, што гістарычна ў такім радыкальным самапрыніжэнні быў і ратаўнічы сэнс. Бо калі на нашую зямлю прыходзіў чарговы захопнік, дык ён лішне і не чапляўся да такога гаротнага чалавека. Так мы і пераседзелі да ХХІ стагоддзя ў сваёй «гнілой хатцы» пакуль не «зазірнула сонца і ў нашае ваконца». А колькі за гэтую пару знікла пыхлівых народаў і культур! Можа цяпер ужо наспеў час і нам выходзіць «на прастор, на шырокі прастор».

— Беларуская культура вялікая?

— Як постмадэрніст я не магу ацэньваць культуру праз апазіцыю «малая — вялікая». Культуру я ацэньваю адно праз тое, ці ў дастатковай ступені яна забяспечвае народ або нацыю ўласнай культурай. Таму калі культура эскімосаў дазволіла ім паўнавартасна існаваць цягам тысячагодзяў, да таго ж у неверагодна жорсткіх умовах, то гэтая культура вартая самай вялікай павагі. З беларускай культурай больш складана. Не думаю, што патэнцыйна яна менш багатая за хоць якую яшчэ. Але цягам многіх стагоддзяў нашая культура не мела магчымасці выяўляць і разгортваць свой патэнцыял. Увесь гэты час беларусам даводзілася прыстасоўвацца і адаптавацца да тых культураў, што прыносіў з сабой чарговы захопнік. Яны так звыкліся з чаргаваннем акупацыяў, што па звычцы і да ўласнай незалежнасці ставяцца з недаверама, маўляў, і гэта калісьці міне. А яшчэ пакручасты лёс прызвычаіў беларусаў да глыбокага скептыцызму адносна хоць якой ідэалогіі — нацыянальнай таксама. Таму, на маё меркаванне, нам трэба будаваць дзяржаву не па этна-лінгвістычнаму прыпцыпу, а па прынцыпу грамадзянскай супольнасці.

«На якую халеру мы патрэбныя Богу на тым свеце?»

— У Бога верыце?

— Для мяне адназначны адказ тут немагчымы. Мая кніжка «Дыялогі з Богам», — дарэчы, яна перакладзеная на польскую мову, — па-сутнасці ёсць лаянка з Ім, бо ў Яго паводзінах стасоўна чалавека мне шмат што не падабаецца. Па вялікаму рахунку, Бог — гэта ўсяго толькі аптымізацыя жаху небыцця. Прасцей кажучы, людзі хапаюцца за веру ў Бога, каб не так страшна было паміраць. Дарэчы, адзін з маіх сяброў неяк пажартаваў: «Добра табе, цябе няма — дык ты і не памрэш». Разам з тым, я не магу даць веры, што гэты фантастычна багаты і прыгожы свет, у які нам пашчасціла патрапіць, стварыўся неяк сам сабой. Мне ўяўляецца, што за неверагодна складанай і пры гэтым выключна згарманізаванай канструкцыяй сусвету мусіць стаяць Нехта, каго я называю Вялікім Інкогніта.

— У жыццё пасля смерці не верыце?

— А што чалавек можа прынесці з сабой у вечнае жыццё?

— Душу.

— Добра, давайце на хвілінку пагодзімся, што душа ўсё ж такі існуе. Але што яна будзе рабіць на тым свеце без цела — ды яшчэ цэлую вечнасць? Я не бачу сэнсу ў яе асобным, без чалавека, існаванні. Ды і ўвогуле, я ніяк не магу зразумець, на якую халеру мы патрэбныя Богу на тым свеце?

«Ніякі Сікора зборнай не дапаможа»

— Якое месца ў жыцці займае спорт?

— Я неспартовы чалавек, нягледзячы на тое, што майстар спорту СССР. У спартовы турызм прыйшоў, каб вандраваць, а не быць спартсменам. Хадзіў у горы чвэрць стагоддзя, працаваў у Інстытуце турызму — рыхтаваў інструктараў. Урал, Хібіны, Карпаты, Каўказ, Алтай, Памір, Цянь-Шань – пабываў амаль на ўсіх асноўных горных масівах СССР. На жаль, цяпер ужо ў горы не хажу, толькі штогод плаваю на байдарках па беларускіх рэках. Дарэчы, праз некалькі дзён зноў з сябрамі выпраўляюся на рэчку Дрыса.

— Можаце сябе назваць заўзятарам…

— Футболу? Безумоўна. Калі распачынаюцца еўракубкі, а тым болей чэмпіянат свету, забываюся пра ўсё на свеце. У апошнія гады БАТЭ мая адна з найвялікіх радасцяў. А вось Бернда Штанге не люблю, нават не гледзячы на тое, што за яго кіраўніцтвам нашая зборная добра паднялася ў рэйтынгу УЕФА.

— Штанге не падабаецца, таму што немец?

— Таму што нейкі ён лялечны. Такая сабе лялька Барбі мужчынскага полу. Аднак рэч, натуральна, не ў яго выглядзе. Ён прыгожа гаворыць, але застаецца чужым да таго, што гаворыць. Дый ўвогуле — ён ува ўсім чужаніца. Таму і не змог стварыць сапраўдную каманду. Не ўяўляю, каб пры ім зборная зрабіла нешта падобнае да таго, што зрабіла «маладзёжка» Кандрацьева з італьянцамі на стадыі кваліфікацыі ды і на самім чымпіянаце Еўропы! Я ў захапленні! Мы трапілі на Алімпійскія гульні! З асалодай сачу за жаночай зборнай па баскетболе, хаця апошні выступ на чэмпіянаце Еуропы атрымаўся, лічы, правальным. А вось стасоўна хакея нешта добрае сказаць цяжка. Я гледзеў усе матчы мінскага «Дынама» у КХЛ, і, пераважна, з горыччу. Адзіная радасць — Марэк Сікора.

— Дык ён жа, як Штанге, чужы!

— З чаго гэта славяне сталіся нам чужымі? Хаця, ўжо можа, і сапраўды чужы, бо з нядаўняга часу многія беларусы сталі лічыць сябе балтамі. Зрэшты, усё гэта як бы жарцікі. Проста Марэк Сікора — мужчына. Я ў ім амаль фізічна адчуваю інтэлект і адказнасць. А яшчэ глыбокае разуменне, што ў гэтым бардаку з невядома адкуль узятымі грашыма нічога вартага зрабіць немагчыма. Акрамя таго, што магчыма. І ён робіць гэтае магчымае.

Нядаўна ў інтэрв’ю Эдуард Занкавец, былы настаўнікам зборнай па хакеі, крытычна выказаўся адносна ролі мінскага «Дынама» для беларускага хакея як такога. Я з ім цалкам салідарызуюся. Калі стваралася каманда для ўдзелу ў КХЛ, дык асноўнай матывацыяй было тое, што яна падыме за сабой на больш высокі ўзровень і ўвесь наш чэмпіянат. Тэарытычна выглядала быццам слушна, але ў рэальнасці літаральна за некалькі год «Дынама», лічы, разваліла беларускі хакей. Што там з АЧБ? Хто там выступае? За якія грошы яны існуюць? Ды якая нам справа! Уся ўвага на «Дынама», а ў самім «Дынама» – на легіянераў, бо яны і на вядучых ролях, бо экзотыка, бо асноўныя грошы патрапляюць у іхнія кішэні. Карацей кажучы, беларускі хакей быў яшчэ не настолькі моцны, каб дэлегаваць з свайго цэлага каманду ў КХЛ. Але ж дэлегавалі — і цэлае без «Дынама» адразу пачало развальвацца. А тут некаторыя разумнікі прапаноўваюць выправіць у КХЛ яшчэ адну каманду. Тады ўжо дакладна нацыянальнаму чэмпіянату будзе капец.

— А напередзе чымпіянат свету у Мінску.

— Не бачу ніякіх падставаў хаця б марыць нават пра лядашчую медальку. За ўдачу будзе ўвайсці ў васьмерку лепшых каманд, а не бараніць месца у вышэйшым дывізіёне, як гэта было ў Славакіі. Калі за бліжэйшы час ў нашым хакеі нічога радыкальна не пераменіцца, дык ніякі Марэк Сікора ні «Дынама», ні зборнай не дапаможа.

— Давайце паспрабуем паглядзець на футбол з больш шырокай перспектывы.

— Футбол — адно з самых геніяльных вынаходніцтваў чалавецтва. Таму нават Апакаліпсіс наўрад ці прыцягне да экранаў тэлевізараў столькі гледачоў, колькі прыцягвае чэмпіянат свету па футболе. Сапраўдны росквіт футболу прыпадае на эпоху мадэрна, на якую прыпадае і час паўставання нацыяў. Між іншым, у справе паўставання нацыяў футбол адыграў надзвычай важную ролю. Што праўда, цяперашні футбол радыкальна інтэрналізаваўся і капіталізаваўся — ці, хутчэй, наадварот. Сучасны, прынамсі паспяховы, футбаліст, ужо не мае нацыянальнай прыналежнасці. Ён толькі прыватны бізнес-праект. Хаця сам футбол ад такой радыкальнай перамены сітуацыі не стаўся горшым. І, можа, найперш таму, што мы ўсё роўна хварэем за «сваіх».

— Як здарылася, што, будучы юнаком, працавалі токарам, слесарам, інжынерам па метале на маторным заводзе?

— Паходжу з мястэчка Свіслач, што знаходзіцца каля мяжы з Польшчай. Пасля школы спрабаваў паступіць у палітыхнічны інстытут, але не атрымалася. Увогуле дзесяць разоў няўдала паступаў у палітыхнічны, тэхналагічны, сельскагаспадарчы інстытуты, у БДУ на розныя факультэты. А вось з адзінадцатай спробы адразу патрапіў у Маскоўскі літаратурны інстытут, пра які марыў з дзяцінства. Дарэчы, адной з падставаў застацца ў Мінску была магчымасць глядзець гульні футбольнага «Дынама» не па тэлевізары, а на стадыёне. На жаль, цяпер таго «Дынама» і блізка няма. Бадай, Юрыю Чыжу трэбы думаць не пра тое, як мяняць адным за адным галоўных трэнераў, а як замяніць самога сябе. Бо нешта ў яго ўжо столькі год зусім нічога не атрымліваецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)