Усаў: «Тое, што мы назіраем сёння, гэта працяг працэсу зачысткі не толькі палітычнай прасторы, але і эканамічнай»

Палітолаг – пра тое, ці прывядзе рэгуляванне коштаў дзяржавай да стачкі прадпрымальнікаў або ўлада пойдзе на адмену свайго рашэння.

Павел Усаў

— У сённяшніх умовах спадзявацца на тое, што людзі змогуць неяк актыўна бараніць свае правы, наўрад ці прыходзіцца, — адзначае Павел Усаў на сваім ютуб-канале. — Хаця ўжо нават такое паказальнае дзеянне, як закрыццё крамаў з’яўляецца даволі смелым і відавочным паказчыкам таго, што тыя рашэнні, якія прымае Лукашэнка і намагаецца іх рэалізаваць, абсурдныя і характэрныя для палітыкі ваеннага камунізму, калі ўлада намагаецца выкачваць усе магчымыя рэсурсы з найбольш актыўнай часткі і найбольш актыўнай сферы беларускай гаспадаркі.

Прадпрымальнікі заўсёды для гэтага рэжыму з’яўляліся дойнай каровай, яны і без гэтага абкладаюцца падаткамі, дадатковымі абавязкамі нешта пабудаваць ці нешта зрабіць на загад лакальных ці цэнтральных уладаў. А па сутнасці, тая ідэя Лукашэнкі замарозіць кошты з’яўляецца авантурай і эканамічным валюнтарызмам.

У сучасным свеце, дзе большасць працэсаў рэгулюецца рынкам, замарозка коштаў – гэта знішчэнне актыўнай эканамічнай дзейнасці, яе абмежаванне, а таксама стварэнне дэфіцыту.

Ну ніхто – гэта абсалютна рацыянальна – не будзе працаваць сабе ва ўбытак. Гэта закон прадпрымальніцкай дзейнасці.

Канечне, Лукашэнка ва ўмовах вайсковага камунізму будзе імкнуцца да максімальнага дзяржаўнага кантролю і да максімальнага дзяржаўнага рэгулявання ва ўмовах, акрамя ўнутранага вайсковага камунізму, калі не працуюць ніякія прававыя нормы і рэгулятары, а працуе выключна воля і жаданне Лукашэнкі.

…І таму тое, што мы назіраем сёння, гэта працяг працэсу зачысткі не толькі палітычнай прасторы, але і эканамічнай. Намаганне максімальна пашырыць кантроль эканамічнай і сацыяльнай беларускай дзяржавы, ці лепей сказаць дзяржавы Лукашэнкі як пэўных палітычных інстытутаў.

Ну і канечне, з асноўнай мэтай – гэта выкачка рэсурсаў з найбольш актыўнай часткі беларускага грамадства – прадпрымальнікаў. Таксама выкачка рэсурсаў з кішэняў беларусаў, каб забяспечыць утрыманне ўласнай улады і забяспечыць механізмы сённяшняга функцыянавання дзяржавы, адмовіўшыся, па сутнасці, ад эканамічнай аўтаноміі беларускага грамадства.

На працягу двух гадоў мы назіралі працэс фактычна знішчэння ўмоўнай аўтаноміі і дэкаратыўнай прысутнасці дэмакратычных інстытутаў у беларускай дзяржаве, а з уводзінамі рэгуляцый коштаў і забароны на рост коштаў фактычна адмова ад рынкавых. Фармальна, бо казаць, што ў Беларусі функцыянавала рынкавая эканоміка мы не можам, але яе элементы былі прысутныя.

На сённяшні момант для Лукашэнкі якая заўгодна актыўнасць, як для кожнага аўтарытарнага лідэра, гэта выклік. І таму дзяржава Лукашэнкі ці адміністрацыя ягоная ідзе па дарозе зачышчэння, знішчэння якой заўгодна аўтаноміі, у тым ліку і эканамічнай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)