Беседка
Руслан Гарбачоў, фота Міраслава Адамчыка

Уладзімір Адамчык: «Я не саромеюся свайго сэксуальнага досведу»

«Зноў пра бардэлі?» – стомленым голасам удакладніў Уладзімір Адамчык, ён жа Адам Глобус, тэму нашай размовы. Не, акрамя бардэлей мяне цікавалі разважанні літаратара і мастака пра грошы, п’янства і яго актыўнасць на могілках.

– Як вы будзеце адказваць на пытанні – як Уладзімір Адамчык ці як ваш літаратурны герой Адам Глобус?

– Буду адказваць як сумленны і адказны чалавек. Бо ў суд Адам Глобус не пойдзе (усміхаеццаС.).

– Не збіраўся закранаць гэтае пытанне, але паколькі вы самі па тэлефоне пра бардэлі сказалі, усё ж спытаю: у якіх краінах вам у плане сэкс-турызму найбольш падабаецца?

– Лічу, што ў Галандыі сітуацыя някепская. Мне, як чалавеку, які ніколі не меў вопыту паходаў у бардэлі ў Беларусі, было цікава там назіраць, як сябе паводзяць трансвестыты, як сябе паводзяць дзяўчаты з іншым колерам скуры. Нармальны чалавек – ён цікаўны. Ты жывеш, пакуль табе цікава. Цікава схадзіць у бардэль, цікава, як тая жанчына займаецца сэксам.

Але вышэй за Галандыю па якасці паслуг пастаўлю Таіланд: Бангкок, Патайю. Таму што там ёсць школа.

– Вы робіце высновы са свайго досведу?

– Менавіта. Я не саромеюся сваіх памылак і свайго сэксуальнага досведу.

– Жонка робіць вам заўвагі наконт падобных каментароў для прэсы?

– Калі жонка будзе рабіць заўвагі, якія мне не спадабаюцца… Калі я з чалавекам пражыў 30 гадоў, значыць, умею вырашаць гэтае пытанне.

– Мне заўсёды было цікава: як склаліся вашыя адносіны з Караткевічам?

– Ён быў суседам нашай сям’і па пляцоўцы ў доме на вуліцы Чарнышэўскага,7, а затым і ў доме на Карла Маркса, 36. Калі трэба была цыбуля, ці цукар, ці па бутэльку паслаць некага – ясна, што суседзі дапамагалі адзін аднаму. Ад дядзі Валодзі я заносіў Барадуліну зборнік вершаў «Быў. Ёсць. Буду», у выдавецтва перадаваў працы.

– Можаце якую смешную гісторыю ўзгадаць з Караткевічам?

– Неяк Караткевіч купіў у кнігарні бракаваны экземпляр кніжкі Бальзака: замест «Оноре де Бальзак» было напісана толькі «Оноре де ». Разам з сябрам мастаком Пятро Драчовым ён дапісаў туды: «Оноре де Лойка». Лойка – гэта вядомы філолаг і выкладчык, аўтар кніг пра Скарыну і Купалу. По пошце яны даслалі яму гэтую кнігу і ліст: віншуем вас, спадар Лойка, з выхадам новай кніжкі. Той, дарэчы, не ведаў ад каго прыйшоў экземпляр...

Караткевіч любіў розыгрышы. Ён быў чалавекам з вялікім гумарам, але крыўдаваў, калі я не смяяўся з яго жартаў. Але як сусед я мог сабе дазволіць не смяяцца.

– У часопісе «Крыніца» вы працавалі ў аддзеле Паўла Якубовіча…

– …Не ў аддзеле Паўла Якубовіча, а ў аддзеле сацыяльных праблем.

– Якім ён быў начальнікам?

– У аддзеле сацыяльных праблем быў адзін начальнік і адзін падначалены. Першае, што мне сказаў Павел Ізотавіч: Валодзя, як ты ставішся да іерархіі? Я адказаў: мне, як анархісту, яна не вельмі блізкая. Ён: разумееш, калі не будзе іерархіі, то часопіса не будзе.

Мы абгаварылі правілы гульні. Напрыклад, калі мы выпіваем вечарам, то гэта не значыць, што іерархія знікае.

Аднак погляды ў нас былі рознымі. Напрыклад, я быў не згодны з стаўленнем Святланы Алексіевіч да хлопцаў, якія загінулі ў Афганістане. Яна прынесла ў часопіс друкаваць кніжку, я адмовіўся падпісваць яе ў друк. Якубовіч сказаў: кніжка пойдзе без твайго подпісу.

Але калі афганцы вырашылі падаваць у суд і прыйшлі ў рэдакцыю качаць правы, старэйшыя таварышы сказалі: дык гэта ж Глобуса аддзел, ідзіце да яго разбірайцеся.

Я афганцам растлумачыў, што з’яўляюся ў часопісе радавым, а не камандзірам.

– Чаму такі прагрэсіўны чалавек як Павел Якубовіч перайшоў на бок лукашэнкаўскай ўлады?

– А ён нікуды не пераходзіў. Ён вельмі любіць іерархію.

– Кантактуеце зараз?

– Так, можам разам прайсціся па праспекту, пагаварыць пра дзяцей, унукаў. У рэшце рэшт ён надрукаваў у «Савецкай Беларусі» мой раман «Дом». Я падарыў яму пры сустрэчы кніжку, ён паглядзеў і сказаў: ты не супраць, калі мы надрукуем твой раман у газеце? Я адказаў, што, канешне, не супраць.

– Анатолю Сысу часта грошы пазычалі?

– Калі па патрэбе. Калі ён прыходзіў і казаў, што не заплочана за святло, ці за камунальныя, ці грошы патрэбны на квіток да маці ў Гарошкаў, тады я яму пазычаў. Але было зразумела, што гэта незваротна, што я не пазычаў, а даваў грошы.

У нас была такая гісторыя. Мы выпівалі ў Дранько-Майсюка з нагоды таго, што Сыса ўзялі ў Саюз пісьменнікаў, а мяне не. Някляеў прапанаваў зрабіць гамбурскі рахунак беларускай паэзіі і падбіў мяне, Сыса, Дранько-Майсюка і Уладзіміра Сцяпана: «Прачытаем па аднаму вершу і вырашым, хто з нас самы найлепшы паэт. А калі гэта вырашым, то, што б ні здарылася, будзем яму дапамагаць».

Напэўна, Пракопавіч спадзяваўся, што мы ўсе маладзейшыя выбярэм яго (смяеццаС.). Але ўсе выбралі Сыса.

– Чаму ж вы тады не ратавалі Сыса ад гарэлкі?

– Ратавалі. Чаму не ратавалі? Але ж павінна быць яшчэ жаданне чалавека, які ратуецца.

Як паказвае мой вопыт, выратавацца ад гарэлкі можа толькі той чалавек, у якога ёсць каштоўнасці большыя за яго. Ці то кахаеш жанчыну, больш за сябе. Ці то любіш дзіця, больш за сябе. І згодны сваё жыццё і задавальненні ахвяраваць дзеля іншых.

У Сыса не было каштоўнасці большай, чым ён сам. Дзеля каго і чаго кідаць задавальненне? Дарэчы, тое ж самае было і ў Караткевіча. Сыс быў для сябе геніяльны і неаспрэчны. Калі ён прыніжаўся (мог заплакаць, калі прасіў яшчэ чарачку, бутэлечку), то з яго боку гэта была гульня.

Сыс ведаў кошт сабе і казаў мне: нашто ты яшчэ працуеш, мы з табою класікі беларускай літаратуры, думаеш, цябе два разы ўставяць у школьную праграму? Самазадавальненне праяўляецца ў розных формах, у тым ліку і п’янстве.

– Ваша жонка, фатограф, запрашае людзей дадому, дзе знаходзіцца студыя. Хто вам найбольш запомніўся з гасцей?

– Руслан Салей. Я стаяў у двары, выдавец Саша Злотнік нешта завёўся, казаў: у Беларусі няма хакея і хакеістаў няма. Я кажу: ну як няма хакеістаў, а Салей? Ён: ды Салей у Штатах. Я: ды ў нас ён дома, у жонкі фатаграфуецца. Ён: быць не можа! І тут выходзіць Салей. Саша кажа: «Гэта хто, Салей? Не, не можа быць ён Салеем».

Здымак Руслана – адзін з самых кранальных, якія зрабіла жонка. На ім Салей трымае ў руках коціка – нашага Чарліка. Звычайна, людзі жывуць значна даўжэй за коцікаў. А тут Чарлік наш жыве, а Салея няма…

– Як вас занесла на пасаду старшыні таварыства па ахове мемарыялаў і могілак?

– Гісторыя была страшная. Вяртаўся я на машыне з сям’ёю з Вільні. Убачыў, што ідзе страшная навальніца. У дзяцінстве я пасвіў кароваў, таму мяне навучылі вызначаць па небу, якое будзе надвор`е – каб жывёлу не забіла маланкай. Сказаў пра гэта сямейнікам, мне не паверылі. Прыехалі ў Мінск, павярнулі на Нямізе, дзе якраз у тыя гадзіны падушыліся ў пераходзе метро дзеці. 53 чалавекі.

Я зразумеў, што на гэту тэму будуць розныя спекуляцыі і што трэба выдаць кніжку, дзе людзі б не пратакольна расказалі, што здарылася. Тацяна Рэвяка і Паліна Качаткова сабралі неабходныя матэрыялы і кніга выйшла. Як помнік гэтым дзецям.

Разам з тым гэта трагедыя мабілізавала сілы, якія лічылі, што ў грамадстве неправільнае стаўленне да могілак. Яны пабачылі мяне ў тэлевізары, калі я выступаў у праграме Мацкевіча, прысвечанай беларуская мове. Ім падалося, што ў іх таварыстве «Кальварыя» павінен быць такі старшыня.

– Калі коратка, чым вы там займаецеся?

– Такі прыклад. Адміністрацыя Кальварыйскіх могілак на закінутых магілах павесіла шыльдачкі, што калі яны не будуць прыбраны, з ім абыйдуцца згодна з законам. Што гэта азначае? Што магілы могуць знесці. Але Кальварыя – гэта помнік культурны, таму адміністрацыя не мела права абыходзіцца з імі як са звычайнымі могілкамі. Мы аператыўна правялі сход, запрасілі журналістаў, якія распісалі сітуацыю. Адміністрацыя сказала: не-не, мы проста павесілі шыльдачкі, нікога перазахоўваць не збіраемся. А каб мы не зрэагавалі, невядома, якім быў бы вынік.

У перспектыве, я лічу, усе праблемы могілак павінны рэгламентавацца на ўзроўні закона. Павінна быць прапісана, да прыкладу, хто і за колькі капае магілы. А то чалавек пасля смерці блізкага ў шоку прыходзіць на могілкі і гатовы заплаціць, колькі яму скажуць. Няма агульных расцэнак. Я хачу празрыстасці на могілках.

– Пасля вядомага інцыдэнта, вы сказалі, што Рымашэўскі павінен вылавіць Фядуту ў пад’ездзе. А самі на падобны ўчынак калі-небудзь ішлі?

– Канешне. Я вырас на раёне і не баюся не толькі могілак. Калі я, як старшыня таварыстава па ахове могілак, прыйшоў на Кальварыйскія, мне спрабавалі растлумачыць, што яны тут галоўныя. Я ім сказаў: хлопцы, я ў школе адказваў за могілкі невядомых салдат, мой бацька таксама не сам сюды прыйшоў і пахаваўся, і я тут буду заўсёды. І нават пасля смерці. Таму я вас,бандытаў, не баюся.

– «Белсату» вы нядаўна сказалі: «Вова любіў выпіць». А што ўжо, кінулі?

– Даўно кінуў. Бо палічыў, што ў мяне ёсць шмат чаго больш значнага за мяне, за Вову Адамчыка. Той жа Глобус варты таго, каб напісаць яшчэ пару кніжак, пару карцін.

– Ваша галоўная рыса характару?

– Не хацелася б казаць «любоў да грошай» (смяеццаС.). Дзяцей я люблю.

– Як вы ставіцеся да грошай?

– Геніальная паэтэса Вера Маркава мяне навучыла: не саромейся перажываць за грошы, бо ты перажываеш не за свае грошы, а грошы сваёй дачкі Ядзенькі. Таму мне не сорамна нагадваць некаму, што ён вінен мне грошы. Бо гэта грошы маіх дзяцей і ўнукаў.

– Чуў меркаванне, што многія беларускія пісьменнікі жывуць не з таго, што выпускаюць творы пад сваім імем, а з таго, што робяць для вашага выдавецтва халтуру.

– У мастакоў першы тост заўсёды быў за халтуру, якая корміць, якая апранае. Так, многія пісьменнікі ў мяне працавалі і працуюць. І знакамітыя. І пад саімі імёнамі, і пад псеўданімамі. Быў час, калі прадаваліся кніжкі толькі пад амерыканскімі псеўданімамі.

– Бачыў вас раніцай у Купалаўскім скверы за прабежкаю.

– Я побач жыву, на Чырвонай. Бегаю, на турніках падцягваюся.

– Мечыслаў Грыб, відаць, на тым жа месцы на турніку падцягваецца.

– Так, Грыба я бачыў, але ён са сваёй тусоўкай раней прыходзіць. Ледзьве не а палове на сёмую. Алесь Бяляцкі раней таксама там бегаў, мы з ім перасякаліся.

Калі яго першы раз вылучылі на Нобелеўскую прэмію, я думаў, што будзе вялікі розгалас, а ў рэальнасці шмат хто перастаў з ім вітацца. Я жартам тады напісаў: мне прыемна, што я бегаю ў парку з кандыдатам на Нобеля. А зараз мне непрыемна, што я з ім не бегаю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)