Комментарии
Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”

Уладзімер Уладзімеравіч мяняе прафэсыю

Такім чынам, Пуцін пагадзіўся быць прэм'ерам пры прэзыдэнце Мядзьведзеву. Задуманая Крамлём дзьвюхгаловая канструкцыя пакуль што падаецца даволі рызыкоўнай. Магчыма, важныя дэталі сцэнару яшчэ ў цені?

Зразумела, папулярнасьць Пуціна зараз стане лякаматывам для рэйтынгу ягонага фаварыта. Ну а потым, пасьля элегантнай перамогі? З аднаго боку, Пуцін нібыта супраць перафарматаваньня ўладных паўнамоцтваў на карысьць кіраўніка ўраду. Зь іншага боку, зразумела ж, што пасьля васьмі гадоў у ролі гаспадара Крамля ён — фігура непараўнальна болей маштабная ды ўплывовая, чым "тэхнічныя" Фрадкоў ці Зубкоў. Звыш таго — фактычны лідэр кіроўнай партыі.

Ці не пачнецца перацягваньне вяроўкі? Гэта сёньня Мядзьведзеў выглядае цалкам кіраванай крэатурай. А калі прымерыць карону? Памятаеце мэтамарфозу сьціплага Буншы са старой камэдыі "Іван Васілевіч мяняе прафэсыю"?

Ва ўсякім разе, для беларускага кіраўніцтва зноў, пакуль што прывідна, паўстае шанец згуляць на імавернай расейскай смуце.

Але нават калі там абыдзецца без калізіі галінаў улады, то рызыкну выказаць меркаваньне, што ў наступным годзе Маскве будзе надта не да Беларусі. Бо так ці іначай спатрэбіцца час на прыцірку новай уладнай канфігурацыі.

Гэта дазволіць Менску яшчэ нейкі час доўжыць тактыку сядзеньня на двух крэслах: з аднаго боку, спробы накінуць Эўропе "прагматычны дыялёг", зь іншага — рэцыдывы рыторыкі пра асаблівыя дачыненьні з Расеяй (падтэкст: дайце хоць якую зьніжку!).

Але рана ці позна Масква пачне ціснуць па поўнай праграме. Паратунак маглі б даць эканамічная трансфармацыя (саскок з нафтагазавай іголкі) ды паступовае адкручваньне гаек у палітычным жыцьці, што дазволіла б сапраўды размарозіць эўрапейскі вэктар.

Але да такой мэтамарфозы беларуская ўлада сёньня яўна не гатовая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)