Общество

Уладзімер Арлоў: «Беларусь цяжарная вольнай будучыняй»

Пісьменнік ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў пра тое, калі наступяць перамены.

— Мінулым летам задоўга да жнівеньскіх падзеяў вы прадказалі, што перамены ў 2020 годзе не адбудуцца. Так і сталася, калі не лічыць вялікага скачка, які зрабіў народ на шляху нацыянальнага самаўсьведамленьня. Улада, як вы і казалі, засталася ранейшаю. Колькі яшчэ, на вашу думку, можа захоўвацца статус-кво ў Беларусі — год, тры, пяць, дзесяць?

— Мне згадваюцца словы сацыёляга, былога дырэктара Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі Навук Беларусі Генадзя Коршунава, які трапіў у лік тых вучоных, што страцілі працу за сваю пазыцыю. Коршунаў нядаўна сказаў, што рэвалюцыя высьпявала даўно. Сярод яе прычын — урбанізацыя, паскарэньне зьмены пакаленьняў, рост узроўню адукацыі, інтэрнэтызацыя грамадзтва. Для беларусаў вяртаньня да нацыянальнага не было нейкім прарывам, а было працэсам, які заняў не адзін год.

Цяпер у мяне ўваччу паўстае Вільня 22 лістапада 2019 году, калі там адбывалася ўрачыстае перапахаваньне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Нягледзячы на будзённы дзень і візавы бар’ер у старажытную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага — радзімы нашых продкаў, зьехаліся тысячы і тысячы беларусаў. (У выходны дзень іх, бясспрэчна, было б шматкроць больш.)

Вільня сталася тады амаль цалкам бел-чырвона-белай ад нашых сьцягоў, а вакол лунала «Жыве Беларусь». Гэта была велічная містэрыя, прысьвечаная тым, хто стаяў ля вытокаў нашай незалежнасьці. Пра гэта вы, Сяргей, выдатна сказалі ў сваёй кнізе «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».

Той дзень сапраўды стаўся гістарычным, ён увойдзе ў падручнікі. І калі я ішоў тады па Вільні, мне думалася: «Калі ж мы ўбачым такую народную маніфэстацыю ў Менску?» Не прамінула і году, як на вуліцы Менску пад сваімі сьцягамі выйшлі ўжо ня тысячы, а сотні тысяч беларусаў.

Таму я ўпэўнены, што ў 2020 годзе быў не скачок, а магутная дэманстрацыя таго, што нацыя сфармавалася і сталася суб’ектам палітыкі. А каталізатарамі да гэтай дэманстрацыі сталі, па-першае, пандэмія, калі беларусы адчулі сябе кінутымі дзяржавай, па-другое, зьяўленьне рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, па-трэцяе, абвяшчэньне 9 жніўня тых дзівосных працэнтаў.

Што да няўдзячнай справы прагнозаў. Сапраўды мінулым летам я сказаў, што 9 жніўня будзе толькі этапам на шляху да той Беларусі, якая пакуль нам толькі сьніцца. Тады я таксама казаў, што можа быць уведзенае надзвычайнае становішча. Яно ня ўведзена афіцыйна, але гэта ўжо рэальнасьць цяперашняй Беларусі, мы жывем у такім становішчы.

Колькі яно можа працягвацца? Цяпер, ва ўмовах сусьветных апакаліптычных выклікаў і туманнай будучыні, наша сытуацыя можа зьмяніцца імкліва, але можа і закансэрвавацца на некалькі гадоў.

Адно што я ведаю дакладна — павярнуць час назад, да кнопкавых тэлефонаў і тэлевізара як галоўнай крыніцы інфармацыі немагчыма. Беларусы ўжо гатовыя жыць у дэмакратычнай краіне, краіне з рынкавай эканомікай, дзе яны самі будуць выбіраць сваю будучыню.

— Адрозна ад, напрыклад, палітолягаў, эканамістаў ці сацыёлягаў літаратары ў сваёй ацэнцы пераломных гістарычных момантаў часта зьвяртаюцца да ўласьцівых ім вобразных сродкаў, напрыклад, мэтафараў. Ці можаце вы акрэсьліць сёньняшнія падзеі менавіта такім чынам?

— Сапраўды, палітолягі ці сацыёлягі, якія па-свойму глыбока аналізуюць сёньняшні стан рэчаў, сьцьвярджаюць, што Беларусь ня толькі ідзе ўпоравень з заходняй цывілізацыяй у інфармацыйнай, камунікацыйнай і сацыяльнай перабудове, але ў нечым гэтую заходнюю цывілізацыю і апярэджвае.

А вось пісьменьнік і філёзаф Ігар Бабкоў нядаўна сказаў, што ў нас на вачах ствараецца сучасны беларускі эпас, а сама краіна стала такой лябараторыяй будучыні, і вынікі працы гэтай лябараторыі могуць быць цікавыя ўсяму сьвету.

Я маю сваю мэтафару. Я б сказаў так: у гэтым непрадказальным, ахопленым пандэміяй сьвеце, у гэтым вусьцішным крывавым абсурдзе, дзе мы апынуліся, Беларусь нагадвае мне жанчыну, якая не зважаючы ні на што, адважылася нарадзіць — яна цяжарная вольнай будучыняй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)