Скандалы

Улады ўзяліся за курсы польскай мовы: патрабуюць сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў

Пракуратура запытала ў прыватнага моўнага цэнтра ў Смаргонях сьпісы тых, хто вучыць і выкладае польскую мову, а таксама пацьверджаньні, як яны за гэта плацяць, піша Свабода.

Як расказала дырэктарка цэнтру замежных моваў «Акадэмія» ў Смаргонях Вольга Будай, ліст ад 25 сакавіка даслала пракуратура Смаргонскага раёну. У лісьце ёсьць запыт на інфармацыю менавіта па польскай мове, хоць у цэнтры выкладаюць таксама ангельскую і нямецкую.

Пракуратура хоча атрымаць:

– анкетныя дадзеныя выкладчыкаў;

– сьпіс студэнтаў за апошні навучальны год (з 1 верасьня 2020 па 24 сакавіка 2021), у тым ліку дзяцей;

– парадак аплаты і копіі плацёжных дакумэнтаў;

– копіі адукацыйных праграмаў.

Падставай для запыту пракуратура назвала «патрэбу, якая зьявілася» паводле «Закону аб пракуратуры», а менавіта артыкул 10 «Абавязковасьць выконваць патрабаваньні пракурора» і артыкул 27 «Паўнамоцтвы пракурора пры ажыцьцяўленьні нагляду за выкананьнем заканадаўства».

Вольга Будай паведаміла, што цяпер яны зь юрыстам рыхтуюць адказ пракуратуры. Яна мяркуе, што такі запыт — гэта перавышэньне пракуратурай ейных паўнамоцтваў. Сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў яны не плянуюць падаваць. Супраць перадачы сваіх асабістых дадзеных і самі студэнты.

«Навошта? Я ўпэўненая, калі ў іх будуць сьпісы, усе пойдуць да іх на размову», — мяркуе дырэктарка цэнтру.

Прычына такога запыту, на думку Вольгі, «ляжыць на паверхні» і зьвязаная з агульным ціскам на польскую супольнасьць у Беларусі. Ліст быў напісаны ў той жа дзень, калі пракуратура завяла справу на старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс і іншых людзей.

«Такім чынам хочуць насаліць Польшчы, паказаць, як яны ставяцца да польскай мовы і культуры. Гэта адна з пэдаляў, на якія можна націснуць. Гісторыя з польскімі дыпляматамі пачалася ня ўчора», — кажа Вольга Будай.

Як ёй вядома, падобныя праверкі ідуць шмат у якіх прыватных школах польскай мовы ў Беларусі.

Як расказала дырэктарка грамадзкай школы польскай мовы ў Горадні Polska Macierz Szkolna (Польскае школьнае таварыства) Гэлена Мелеш, у іхнай школе ідуць праверкі, як і ва ўсіх іншых прыватных школах польскай мовы.

«Мы школа, якая дзейнічае легальна. У нас ёсьць ліцэнзія. Мы дынамічна працуем і стараемся рэалізаваць усё, што плянавалі. Рыхтуемся да велікодных сьвятаў і заканчэньня школьнага году. Канечне, хвалюемся, але будзем спадзявацца на лепшае», — каротка сказала пра абстаноўку ў польскіх школах Гэлена Мелеш.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія консулы.

29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.

21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.

12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.

13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку, генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх паслоў.

23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.

24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.

25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).

Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» у якасьці падазраваных.

26 сакавіка ў Горадні затрымалі дырэктара культурнай пляцоўкі «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Паўла Мажэйку. У дачыненьні да яго і мастака Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу за карціну на выставе, на якой быў партрэт беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара (частка 3 артыкулу 130 КК). Дома ў Пушкіна правялі ператрус. Мажэйку выпусьцілі з-пад варты праз 72 гадзіны.

29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.

30 сакавіка затрымалі мастака Алеся Пушкіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(14)