Общество

Улады па даносе адмянілі канцэрт памяці ахвяр Халакосту

З 2018 года ў Мінску і іншых гарадах Беларусі штогод праводзілі канцэрты памяці ахвяраў Халакосту. Але сёлета канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў мінскай філармоніі адмянілі, нагодай стаў данос, піша Наша Ніва.

Нехта Іван Нікіфараў паскардзіўся ў Міністэрства культуры, што на канцэрце выступаюць «апазіцыяйныя» артысты, а грошы, атрыманыя ад продажу білетаў, перадавалі Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу, які неабыякавы грамадзянін таксама лічыць апазіцыйным.

Адмена канцэрта выклікала незадаволенасць у дыпламатычных колах Ізраіля, які прызнае Лукашэнку і ў адрозненне ад заходніх краінаў, нават вядзе з ім перамовы. І вось цяпер улады запускаюць свой канцэрт памяці ахвяр Халакосту.

Канцэрт «Жоўтыя зоркі» быў запланаваны на 20 і 22 студзеня, на яго быў запрошаны дырыжор з Аўстрыі, мелася выконвацца 13-я сымфонія Дзмітрыя Шастаковіча «Бабін Яр». Арганізатарка канцэртаў Ганна Лянькова — унучка «праведнікаў народаў свету». Гэтае званне Ізраіль надае тым, хто ў Другую сусветную вайну ратаваў габрэяў.

Альтэрнатыўны канцэрт адбудзецца ў філармоніі 27 студзеня. Удзел бярэ дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, харавая капэла імя Рыгора Шырмы, дзяржаўны камерны аркестр, хор Белтэлерадыёкампаніі.

У праграме творы Шастаковіча (у тым ліку сімфонія «Бабін яр»), Вердзі, Блоха, Бронера, Бруха. Кошт білетаў, незалежна ад месца ў вялікай зале, — 10 рублёў. На момант публікацыі выкупілі менш за дзесяць шэрагаў. Куды пойдуць грошы ад продажу білетаў, на сайце філармоніі не ўдакладняецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(29)