Общество

Участковага звольнілі за верш

22-гадовы Аляксандар Кучынскі з Нарачы працаваў участковым інспэктарам міліцыі ў Мядзельскім РАУС. Яго звольнілі 14 сьнежня 2020 году «за разьмяшчэньне інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы, што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды іміджу і аўтарытэту органаў унутраных спраў», піша Радыё Свабода.

Аляксандар Кучынскі

Аляксандар захварэў на каранавірус і выйшаў на працу 10 сьнежня. Кажа, што і не падазраваў, што супраць яго праводзіцца службовая праверка. На наступны дзень па абедзе начальнік паклікаў у кабінэт, дзе яму сказалі знаёміцца з матэрыяламі праверкі. Потым забралі пасьведчаньне і жэтон, паехалі дахаты, забралі форму.

— Канкрэтна ў заключэньні праверкі было ўказана, што разьмясьціў верш, на які ёсьць спасылка «ЎКантакце», — сказаў Аляксандар.

Паводле правяраючых, гэты верш выклікаў вялізны грамадзкі рэзананс, то бок набраў больш за сто праглядаў. Аляксандар спрабаваў гэта абвергнуць у рапарце. Ён зрабіў скрыншот і ўказаў, што на 12 сьнежня верш набраў усяго 38 праглядаў. Прычым палову зь іх зрабілі супрацоўнікі падчас службовай праверкі.

— Далей у заключэньні ёсьць сказ, які невядома як там зьявіўся, што ў той жа час у тэлеграм-каналах «Выбар нарачанцаў» і «ProНарач» зьявіліся вершы зьневажальнага характару на адрас намесьніка начальніка Мядзельскага РАУС Дзьмітрыя Рыбакова. Гэтых вершаў я не пісаў. Якім чынам гэта адносіцца да мяне і да майго верша, я не разумею, — сказаў Аляксандар.

«У «мундзірах» бывае нават бульба»

Верш, аўтар якога — Аляксандар, быў напісаны 31 жніўня. Яго можна прачытаць «УКантакце».

«Идейные вдохновители без свежих идей.

О чести забыли люди в мундирах.

На улицах толпы свободных людей,

И вы не сидите в квартирах!

 

Идет за свободой весь мир.

Никто не остался в квартирах.

Нет правды в ударах дубин,

Не выстоят люди в мундирах».

—  Яны палічылі, што гэтым вершам я дыскрэдытаваў гонар і годнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Я сам юрыст. Я пісаў, каб да мяне не падкапаліся ў выпадку чаго, — кажа Аляксандар. — Там жа няма згадкі пра саміх работнікаў унутраных спраў. «Люди в мундирах», але ў «мундзірах» бывае нават бульба. Таму дакапацца тут складана.

Аляксандар у вершы выказаў сваё меркаваньне пра сытуацыю і ўпэўнены, што мае на гэта поўнае права, прадугледжанае Канстытуцыяй.

— Лічу, што такім чынам яны парушылі мае канстытуцыйныя правы, — кажа Аляксандар. — Але ўсё пачыналася нашмат раней, калі была перадвыбарчая кампанія, нас прымушалі ісьці на датэрміновыя выбары, я не пайшоў, былі праблемы. Потым забіралі людзей у Мядзелі, я адмовіўся складаць пратаколы па артыкуле 23.34. Са мной праводзілі гутарку. У выніку ўсё вылілася ў звальненьне.

Да звальненьня Аляксандра былыя таварышы па службе паставіліся па-рознаму.

— Калі падпісваў абходны ліст, некаторыя нават плакалі, некаторыя спачувалі, зь некаторымі працягваю зносіны, добрыя людзі там таксама ёсьць. Але ў бальшыні перасталі пускаць у РАУС, перасталі вітацца і размаўляць.

Цяпер Аляксандар шукае працу.

— Пакуль, шчыра кажучы, ня ведаю, што рабіць. Месяц быў у дэпрэсіі, цяпер крыху ачуўся, пачаў дзейнічаць.

«Не адпрацаваў кантракт, і Акадэмія МУС выставіць рахунак»

Аляксандар вучыўся на вочнай форме ў Акадэміі МУС на сьледча-экспэртным факультэце з 2016 па 2020 год. Зь ім быў падпісаны кантракт на 9 гадоў (4 гады навучаньня і 5 гадоў адпрацоўкі ў Сьледчым камітэце, міліцыі ці ў любой іншай сілавой структуры). Цяпер атрымліваецца, што ён не адпрацаваў кантракт, і Акадэмія МУС бліжэйшым часам выставіць яму рахунак за навучаньне ў памеры каля 50 тысяч рублёў.

Ён згадвае як падчас навучаньня ў Акадэміі, калі зьбіралі подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты, пасьля дзяржаўных іспытаў завіталі людзі, якія зьбіралі подпісы за Лукашэнку.

— Усе мы знаходзіліся ў вялікай залі, там сказалі, што справа добраахвотная і нікога прымушаць ня будуць, маўляў, калі хто подпіс ставіць ня хоча, прапанавалі пакінуць залю, — сказаў Аляксандар. — Дык за хвіліну ніводнага чалавека там не засталося. Празь дзень гэта, як нам сказалі, дайшло да міністра Караева, усім загадалі вярнуцца назад і паставіць подпіс, каб не было «праблем».

«Пры выезьдзе аўтазака я заўсёды паведамляў людзям»

Аляксандар лічыць, што яго звольнілі з парушэньнем заканадаўства. Па ягоных словах, цяпер усё, што адбываецца ў краіне, парушае Канстытуцыю і заканадаўства.

— Я ўсё рабіў правільна і нічога дрэннага не зрабіў. Я лічу, што галоўнае — ня грошы. Атрымліваецца, што мяне проста купілі за гэтыя 50 тысяч. А я ж так не прадаюся, — сказаў былы міліцыянт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)