Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

У закрытым ўладамі Нацыянальным гуманітарным ліцэі — час іспытаў

Калі ў сярэдніх школах краіны адбываюцца выпускныя іспыты, дык у Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа ладзяцца ўступныя. Канчатковая колькасьць залічаных на першы і другі курсы будзе вядомая пазьней, але ўжо цяпер кіраўніцтва забароненай ўладамі навучальнай установы падкрэсьлівае высокую цікаўнасьць менскіх падлеткаў да навучаньня ў ліцэі.

Тры гады Нацыянальны гуманітарны ліцэй працуе ў надзвычайным рэжыме. Спачатку ў ліцэістаў забралі будынак, а ў выніку няўдалай спробы прызначыць дзяржаўнага куратара — і права на легальную дзейнасьць. Аднак надзея ўладаў, што спыніцца праца адной з самых папулярных навучальных установаў ня спраўдзілася. Ужо сёлета адбыўся першы выпуск тых, хто пачаў навучаньне фактычна ў напаўпадпольных умовах. Між тым, намесьніца дырэктара па навучальнай працы Ірына Сідарэнка канстатуе: аўтарытэт установы па-ранейшаму высокі, а колькасьць ахвотных вучыцца нашмат большая, чым ліцэй можа сабе дазволіць.

(Сідарэнка: ) “Гэта ўжо вядомы факт: наша ўстанова ёсьць. Мы так і не змаглі разысьціся, не змаглі расстацца ні зь дзецьмі, ні з бацькамі. Дзеці перайшлі збольшага на самастойнае навучаньне, але наш дух, адзінства захаваліся. Такі творчы працэс навучаньня вельмі спадабаўся дзецям, і яны проста не змаглі вярнуцца ў школы. Гэта ўжо проста лад жыцьця; як кажуць нашыя навучэнцы, ліцэіст — гэта дыягназ, на ўсё жыцьцё. Сытуацыя такога навучаньня цягнецца ўжо тры гады, таму ёсьць навыкі працы ў любых умовах. Нас запрашалі розныя краіны, дзе мы разам прайшлі ўсе праграмы, добра здаем іспыты. Ні адно дзіця не хацела б разьвітацца з гэтай установай, а зараз да нас прыходзяць новыя дзеці. Гэта вельмі прыемна, бо пасяляе надзею на тое, што ліцэй будзе жыць. А ўвогуле беларускія дзеці не павінны быць пазбаўленыя магчымасьці атрымаць адукацыю на беларускай мове, яны не павінны быць выгнаньнікамі са сваёй краіны. Яны павінны вучыцца там, дзе ім падабаецца, дзе ім утульна і дзе ім добра”.

Ліцэй даў Беларусі вялізную колькасьць таленавітых выпускнікоў. Сярод іх і дзеці дзяржаўных чыноўнікаў. Аднак зьмена статусу ліцэю паўплывала і на кантынгент навучэнцаў. Вучыцца тут — значыць рызыкаваць, а таму рашэньне аб паступленьні дзіцяці сем’і сур’ёзна ўзважваюць.

Адзін з былых навучэнцаў — актор купалаўскага тэатру Раман Падаляка. Кажа, што ўспамін пра ліцэйскі пэрыяд — з самых яскравых у жыцьці. І ў пэўным сэнсе спачувае цяперашнім ліцэістам, якім даводзіцца атрымліваць веды насуперак палітыцы дзяржавы.

(Падаляка: ) “Гэта была і ёсьць адна з самых вышэйшых у сэнсе ацэнкі якасьці адукацыйных установаў. Прайшоўшы гэтую школу, для ВНУ палова матэрыялу ўжо засвоена. Таму калі б усе падцягваліся да нашага ліцэю, было б вельмі добра. Калі ў ліцэі вучыўся я, была трошку іншая атмасфэра, чым цяпер — і ў грамадзтве, і ўвогуле. Гэта было для нас абсалютна зразумела, правільна: мы разам жылі, усе адзін аднаго ў ліцэі ведалі; там існуе вельмі спэцыфічная добрая атмасфэра. І гэта ўсё спрыяе таму, што людзі займаюцца, набываюць грунтоўныя веды і займаюцца па-беларуску, што самае галоўнае”.

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы на рамкі, у якіх даводзіцца жыць, існаваць, адукацыя, на ваш погляд, горшай ад гэтага ня стала?”

(Падаляка: ) “Натуральна, што свае нейкія адбіткі такое становішча дае, бо людзі вымушаныя ў жорсткіх умовах займацца. Але трэба толькі выказаць падзяку тым людзям, якія ўсё гэта робяць, і даць ўзнагароды за сьмеласьць тым, хто выбраў ліцэй і займаецца там”.

Некаторыя выпускнікі ліцэю ў гэты час знаходзяцца за кратамі. Актывіст арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка чакае прысуду за “ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі й замах на правы грамадзянаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)