Политика
Уладзімер Глод, ”Радыё Свабода”

У Вільні абмеркавалі “малую Канстытуцыю” Беларусі

У нядзелю ў Вільні скончылася двухдзённая сустрэча-канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазыцыі і грамадзкасьці, якую правёў Нацыянальны камітэт аб'яднаных дэмакратычных сілаў пры дапамозе Рады Эўропы.

Мілінкевіч у Вільню ня быў запрошаны

Старшыня палітычнай рады аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч у Вільню не паехаў. Ягоны прэсавы сакратар Павал Мажэйка тлумачыць сытуацыю:

— Ён трошкі захварэў. Але мы спадзяемся, што ў панядзелак ужо ўсё будзе добра. А што тычыцца Вільні, дык наколькі я ведаю, ён туды не плянаваў ехаць, бо ня быў запрошаны. Я шчыра скажу, пра гэтую сустрэчу ён абсалютна ня ведае.

Вячорка: “Соймы нам даражэйшыя за Вільню. І БНФ таксама даражэйшы”

Застаўся ў Менску і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

— У нас сёньня сойм. А соймы нам даражэйшыя за Вільню. І Беларускі народны фронт таксама даражэйшы. А пытаньне падрыхтоўкі да Кангрэсу мы сёньня не абмяркоўвалі, бо нам важней былі свае стратэгія ды дзейнасьць.

Лябедзька: «Мы сталі больш моцнымі перад Палітрадай і перад Кангрэсам»

У першы дзень удзельнікі, а іх было больш за 40 асобаў, працавалі ў трох сэкцыях, дзе абмяркоўваліся галоўныя дакумэнты, якія рыхтуюць дэмакратычныя сілы. Гэта – малая Канстытуцыя, эканамічная плятформа і стратэгія дзеяньняў. Затым адбыліся пленарныя паседжаньні.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька так камэнтуе гэтую працу: "Я думаю, што мы сталі больш моцнымі перад Палітрадай і перад Кангрэсам. Я маю на ўвазе тых, хто выступаюць за правядзеньне Кангрэсу і аб'яднаньня вакол пазытыўнай альтэрнатывы, зь якой трэба ісьці да насельніцтва".

А ў нядзелю прайшоў круглы стол, прысьвечаны новаму Кангрэсу дэмсілаў. Бальшыня з тых, хто ўдзельнічаў у дыскусіі, выступае за правядзеньне гэтага форуму, паколькі разглядае яго, "як вышэйшы і стала дзеючы орган прыхільнікаў пераменаў".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)