Политика

У што ператворыцца Ўсебеларускі сход?

Дыскусія экспэртаў на Радыё Свабода.

Як зьбіраецца мяняць Канстытуцыю Лукашэнка? Ці можа пратэст скарыстацца Усебеларускім сходам? Ці даможацца Расея сваіх мэтаў наконт канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і публіцыст і паліттэхноляг Аляксандар Фядута.

Казакевіч:

— Дыскусія пра новую Канстытуцыю вядзецца ўладамі ўжо некалькі гадоў. Аднак новую візію Лукашэнка сфармуляваць ня можа. Яго юрысты яму нешта прапаноўваюць, але ён ня можа вырашыць, што яму з гэтым рабіць.

Тая самая сытуацыя — з Усебеларускім народным сходам. Каб вырашыць цяперашні палітычны крызіс, трэба нешта істотна мяняць. А мяняць нічога ня хочацца.

Ёсьць экзатычныя варыянты з ператварэньнем Усебеларускага сходу ў канстытуцыйны орган. У Расеі шмат мэханізмаў, каб паўплываць на Беларусь. Але рабіць нешта радыкальнае яна ня хоча, бо гэта дадатковыя рызыкі і праблемы.

Лукашэнку далі ў Маскве даволі шырокі калідор магчымасьцяў, але плян ён павінен выконваць. У верасьні было паведамленьне пра тое, што Менск падаў у АБСЭ плян, паводле якога ў 2021 годзе пройдзе рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі. Калі гэта ня будзе зроблена, ціск з боку Масквы істотна ўзмацніцца.

Разьлік Лукашэнкі на тое, што зараз ён супакоіць грамадзтва, а потым забалбоча пытаньне аб канстытуцыйнай рэформе. І Захад, і Расея рэагавалі на беларускі палітычны крызіс — мусіць адбыцца інклюзіўны палітычны дыялёг. Не рэвалюцыя, а дыялёг.

Нейкае прымірэньне — гэта неабходная ўмова для вырашэньня палітычнага крызісу. Мяркую, што без вызваленьня палітвязьняў, спыненьня гвалту і мінімальных дамоўленасьцяў з асноўнымі гульцамі, ніякая рэформа ня будзе прынятая грамадзтвам.

Калі зараз назіраецца пэўная стабілізацыя сытуацыі на карысьць улады, гэта ня значыць, што яна будзе такой жа ўвесну, улетку, увосень.

Найбольш імаверны вынік — гэта ўсё ж дыялёг, калі сама ўлада стоміцца ад супрацьстаяньня. Эканамічная сытуацыя — не такая, каб пратэст можна было заліць грашыма.

Фядута:

— Ні пратэстоўцы, ні Захад, ні нават Расея няздольныя паўплываць на Лукашэнку. Ён разумее, што колькі ён захоча цягнуць гэтага ката за хвост, столькі і будзе цягнуць.

Расея — той партнэр, якому трэба дэманстраваць хаця б добрую волю. 25 сьнежня ў Расеі выплюхнулі інфармацыю пра стварэньне прарасейскай партыі ў Беларусі.

Гэта папярэджаньне Лукашэнку — альбо ты вытрымліваеш узгоднены графік, альбо мы пачынаем дзейнічаць самастойна. Пасьля гэтага Лукашэнка фактычна дэзавуяваў папярэднія пляны ператварэньня Усебеларускага сходу ў канстытуцыйны орган.

Было сказана — не, мы будзем праводзіць рэфэрэндум. А калі? А калі народ сасьпее. А калі ён сасьпее? А невядома. Пуцін зьбіраецца адыходзіць ад справаў у 2024 годзе. Ён хоча перадаць іх пераемніку ў парадку. А Лукашэнка — гэта непарадак, бо яго рэжым не карыстаецца падтрымкай большасьці.

Тыя крэдыты, якія былі выдзеленыя Беларусі — гэта не для ўмацаваньня нашага «зайчыка»-Лукашэнку, а каб ён падсілкаваўся перад тым, як яму давядзецца адказваць на пытаньне, калі ён хоча, каб яго зьелі.

Мы ня бачым ніводнага кроку з боку ўлады, які б сьведчыў пра тое, што рыхтуецца нейкая пляцоўка для дыялёгу з сапраўднымі апанэнтамі рэжыму.

У выбарах варта было ўдзельнічаць, таму што гэта канстытуцыйная працэдура. У выпадку Ўсебеларускага сходу гэтага няма. Трэба весьці дыялёг з сілавікамі і з тымі, хто стаіць за імі.

Формула дыялёгу не «пераможца атрымлівае ўсё», а «пераможаныя атрымліваюць пэўныя гарантыі ад пераможцаў». Гэта абмяркоўвалася ў Польшчы падчас «круглага стала» 1989 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(29)