Скандалы

Затрыманы ў Польшчы беларус Малахоўскі выйшаў з пракуратуры

Макарыю Малахоўскаму 26 гадоў, родам з Гарадзішча Мінскага раёна. Яго вінавацяць у нібыта наездзе на супрацоўніка ДАІ, паведамляе Наша Ніва.

Ён сын святара Андрэя Малахоўскага, клірыка Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску.

Як патлумачылі «Нашай Ніве» блізкія хлопца, у Беларусі на яго завялі крымінальную справу за нібыта наезд на супрацоўніка ДПС, які адбыўся 13 жніўня 2020 года на праспекце Незалежнасці. Ён абвінавачваецца па 364 арт. КК РБ (Гвалт або пагроза гвалту ў дачынні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Тады людзі выйшлі на праспект, машыны спыніліся.

Відэа- ці фотасведчанняў наездаў на супрацоўнікаў у гэты дзень у тым раёне не фіксавалася. Але ў архівах інтэрнэту ёсць відэазапіс з канцом канфлікту ў троху іншым раёне праспекта, дзе чалавека з доўгімі, сабранымі ў пучок валасамі, выводзяць з машыны — каб дастаць яго адтуль, у машыну распылілі газ.

Гэта быў Малахоўскі. Хлопца адправілі на Акрэсціна і выпусцілі ў рамках агульнай хвалі выпускаў — ён прабыў там тры дні. Праз пару дзён пасля выхаду ён выехаў у Польшчу.

Затрымалі Малахоўскага 12 верасня ў прыгарадзе Варшавы.

— Прыйшла паліцыя, з нагоды нібыта гучнай музыкі, далей праверка дакументаў, праверылі на сваіх прыладах, а потым у кайданкі і ў пастарунак, — патлумачылі нам знаёмыя, потым стала вядома, што да яго прыйшлі, бо ён быў у базе Інтэрпала.

Цяпер хлопец у польскай пракуратуры. Пакуль ён затрыманы на тэрмін да 45 сутак.

Яго затрыманне, імаверна, адбылося ў межах міжнароднай дамовы аб прававой дапамозе, заключанай між Беларуссю і Польшчай.

Але факт затрымання не кажа пра тое, што Малахоўскага выдадуць — наперадзе доўгая працэдура з магчымасцю абскарджвання.

Грамадзянін Беларусі Макарый Малахоўскі выйшаў з польскай пракуратуры. Ён расказаў Еўрарадыё пра свой цяперашні статус і акалічнасці затрымання:

— Цяпер я вольны, мушу быць на сувязі, паведамляць у пракуратуру, калі вырашу змяніць места жыхарства. Затрыманне было нечаканым. У 22:30 прыйшла паліцыя ў кватэру, дзе я жыву. Праверылі дакументы і арыштавалі. У пастарунку склалі пратакол затрымання. Папрасіў адваката і перакладчыка. Сказалі чакаць раніцы. Раніцай прыйшоў адвакат і перакладчык. Гутарылі з пракурорам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(22)