Общество

У Польшчы памёр актывіст, які збіраў подпісы за Бабарыку

У Змітра Барэйчука засталіся жонка і чацвёра дзяцей. BYSOL абвясціла збор, каб ім дапамагчы.

Як паведаміла каманда BYSOL, Зміцер Барэйчук звярнуўся да іх некалькі месяцаў таму.

«Паводле адукацыі мужчына — інжынер-радыёфізік, яму 51 год.

З 1987 года ён працаваў у IT, а апошнім часам займаўся рамесніцтвам — рабіў сувенірную прадукцыю з выявамі гістарычных аб'ектаў Беларусі. У мужчыны 4 дзяцей. Старэйшаму 18 гадоў, малодшай дачцэ — 13.

У 2020 годзе Зміцер быў у камандзе Віктара Бабарыкі. Ён ездзіў па Беларусі і збіраў подпісы. Мужчына ўвайшоў у пяцёрку найбольш эфектыўных зборшчыкаў. За гэта яго арыштавалі і пасадзілі на суткі.

Пасля гэтага сям'ю Змітра больш не пакідалі ў спакоі.

У іх дома было некалькі ператрусаў. А ў лістападзе 2022 года пасля чарговага пераварочвання кватэры, мужчыну затрымалі і даставілі на Акрэсціна для «разбіральніцтва».

З камеры Зміцер выйшаў падазраваным паводле дзвюх крымінальных справаў і са скаргамі на болі ў жываце. Мужчыну шпіталізавалі, і ў жніўні 2023 года ў РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава яму быў пастаўлены дыягназ: суцэльна-кістозная пухліна, і паказаная аперацыя па яе выдаленні як мага хутчэй.

Паколькі на той момант да заканчэння дзеяння візы заставалася толькі некалькі дзён, на сямейнай нарадзе Зміцер і яго блізкія вырашылі пакінуць краіну. Аперацыю па выдаленні пухліны разам з часткай кішэчніка мужчыну зрабілі ўжо ў Беластоку.

Прагнозы былі добрыя, і некалькі месяцаў таму мы абвяшчалі збор на санаторнае лячэнне і рэабілітацыю мужчыны. Але хвароба ўзяла сваё.

8 траўня Зміцер Барэйчук памёр. А ў чужой краіне без мужа і бацькі засталася яго сям'я — жонка і чацвёра дзяцей.

Мы суперажываем блізкім Змітра і запускаем гэты збор на пахаванне мужчыны, а таксама для падтрымкі ягонай сям'і.

Сума збору: €10000

€4000 — прыкладна ў такую суму абыйдуцца выдаткі на пахаванне мужчыны

€6000 — дапамога сям'і Змітра (жонка і 4 дзяцей), якія засталіся ў чужой краіне без мужа і бацькі».