«У нас у Свіры столькі пнеўманій!» Памёр 53-гадовы бізнэсмен

10 мая Аляксандр Ляховіч памёр у мядзельскай бальніцы.

— Пачыналася ўсё з тэмпературы. Выклікалі хуткую, яны ўкалолі «трайчатку» і з’ехалі, — расказала «Нашай Ніве» Эдыта, дачка бізнэсмена Аляксандра Ляховіча. — Тады бацька з мамай самі паехалі ў Мядзел на рэнтген. Першы раз усё было нармальна. Праз тыдзень паехалі зноў: у мамы дыягнаставалі бранхіт, а ў бацькі — пнеўманію.

Праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі Ляховіча перавялі «на кісларод», яшчэ праз пару дзён паклалі ў рэанімацыю. Там увялі ў стан штучнай комы і падключылі да апарата вентыляцыі лёгкіх. Пад ім ён праляжаў 13 дзён.

Сваякі кінулі заклік па медыя і сацсетках: шукалі донараў плазмы, якія ўжо перахварэлі «каронай». На той момант мужчына ўжо ляжаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але выратаваць Ляховіча не ўдалося.

Аляксандр жыў у мястэчку Свір, што стаіць над аднайменным возерам. Займаўся бізнэсам, меў у Свіры сетку крамаў, якая гандлявала хатнімі таварамі. Яму было 53 гады.

— У рэанімацыі бацьку зрабілі тэст на каранавірус, ён быў адмоўны. Але ведаю, што прыязджалі прафесары з Мінска, казалі, што ў яго сімптомы «кароны», і лячылі яго як ад «кароны», — кажа дачка. — Але ў бацькі перасталі працаваць ныркі, а пасля не вытрывала сэрца. Ён памёр 10 мая.

Пасля цела адвезлі ў Бараўляны, там будуць ускрываць і тады скажуць дакладна, ці быў каранавірус. Дачка Аляксандра кажа, што ў яе ці яе мамы ніхто аналіз на каранавірус не браў.

— У нас у Свіры цяжкая сітуацыя ўвогуле. Тут столькі пнеўманій, а ў нас нават рэнтгена няма. Людзі ездзяць у Мядзел, там ім робяць здымак, ставяць пнеўманію і адпраўляюць лячыцца дадому. Тэстаў на каранавірус ніякіх не робяць, — кажа Эдыта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(31)