У Фаніпалі на самаізаляцыі ад каранавіруса памёр 56-гадовы доктар

Ілля Лемяза жыў у Фаніпалі Дзяржынскага раёна, а на працу ездзіў у Мінск. Ён працаваў доктарам УГД у прыватным медыцынскім цэнтры «Тамаграфія» на вуліцы Жылуновіча. Гэта, як мінімум, 11-я смерць медработніка ў Беларусі за час эпідэміі.

Ілля Лемяза. Фота mrt.by

Пра смерць Лемязы «Нашай Ніве» паведаміла ягоная жонка.

— У яго быў пацверджаны каранавірус. Не ведаю, дзе мог яго падчапіць, ён жа доктарам быў. Ён быў дома на самаізаляцыі. Ужо і тэмпература прайшла, і кашаль, мы радаваліся гэтаму. А потым за адзін дзень згарэў, — кажа жанчына.

Не стала Іллі Лемязы 28 красавіка. Пахаванне адбудзецца 1 мая.

— Труна будзе закрытай, — кажа жонка.

Што запісана як прычына смерці?

— Вы ж ведаеце, што яны цяпер пішуць усім — «неўдакладненая пнеўманія».

Доктару было 56 гадоў. Ён скончыў вайскова-медыцынскі факультэт пры Куйбышаўскім медыцынскім інстытуце (Расія). Меў больш за 30-гадовы стаж працы.

«Густы мужчынскі голас і заразлівы смех. Добрыя вочы і вялікія рукі. Сэрца, адкрытае для іншых… Вось так я і запомню свайго доктара, калегу і сябра Іллю Іванавіча Лемязу», — напісала ў фэйсбуку былая галоўная доктарка «Тамаграфіі» Эмілія Мезіна.

«Наша Ніва» пісала пра 11 выпадкаў смерці работнікаў медустаноў ад пнеўманій за апошнія пяць тыдняў.

«Очень хороший человек, его ценили». В Любани умер врач-рентгенолог с COVID-19

Яны здарыліся ў Віцебску, Бешанковічах, Докшыцах, Стоўбцах, Баранавічах, Фаніпалі, Любані, Барысаве і Мінску (памерлыя ў Стоўбцах і Фаніпалі працавалі ў сталіцы). Сярод памерлых — 41-гадовая медсястра з Віцебска, 45-гадовая медсястра з Докшыц, 47-гадовая медсястра з Віцебска і 50-гадовы фельчар хуткай дапамогі з Барысава. А ў Любані памёр памёр 54-гадовы доктар-рэнтгенолаг з пацверджаным каранавірусам.

Магчыма, гэта не поўны спіс. Мінздароўя не публікуе такой інфармацыі афіцыйна. СМІ таксама не маюць магчымасці праверыць афіцыйную статыстыку смерцяў, бо па асобных раёнах яна не публікуецца.