Насамрэч, мы добра разумеем: прыватныя пансіянаты муляюць вока не таму, што нехта скардзіўся на цяжкія парушэнні. Іх зачыняюць таму, што не павінна быць нічога прыватнага. Трэба, каб усе былі ў роўных умовах. Альбо яшчэ адно тлумачэнне — just business. Дамы-інтэрнаты — вельмі выгадны рынак, таму дзяржава за яго ўзялася.
«У цывілізаванай краіне больш клапоцяцца пра лёс марскіх коцікаў, чым беларускія чыноўнікі пра пажылых людзей»
Намеснік прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей — пра ліцэнзаванне і закрыццё прыватных пансіянатаў для састарэлых у Беларусі.
У Беларусі з 1 кастрычніка бягучага года стане менш пансіянатаў для састарэлых —прынамсі, прыватных. Працаваць, згодна з папраўкамі ў закон аб сацабслугоўванні, змогуць толькі тыя недзяржаўныя ўстановы, якія атрымалі ліцэнзію ад мясцовых уладаў.
Але з 2022 года пасля праверак, распавяла намесніца міністра працы і сацабароны Марына Арцёменка, 11 з 35 прыватных устаноў ужо зачыніліся — самастойна або па рашэнні суда, бо ў іх «былі выяўленыя шматлікія парушэнні». А паводле звестак Нашай Нівы, ліцэнзіі на канец верасня не атрымаў яшчэ ніводны прыватны пансіянат.
І гэта значыць, што агульная колькасць пансіянатаў (а з 1 ліпеня «сацыяльнымі пансіянатамі» сталі і дзяржаўныя дамы-інтэрнаты, якіх у краіне 91 — Ф.) зменшыцца на трэць, а чэргі ў дзяржустановы павялічацца. Хто, уласна, выйграе ад такога рашэння і чым яно прадыктаванае, Филин абмеркаваў з лекарам, намеснікам прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Станіславам Салаўём.
На думку лекара, клопат пра пажылых беларусаў у спісе імаверных прычын стаіць на апошнім месцы — калі фігуруе наогул.
— У нас на сёння амаль пятая частка насельніцтва (без малога 1,6 мільёна чалавек — Ф.) — гэта пажылыя людзі, — зазначае Станіслаў Салавей.
І хоць зразумела, дадае ён, што ў сацыяльным і медыцынскім даглядзе маюць патрэбу не ўсе з іх, але ўсё адно пытанне пансіянатаў для пажылых закранае вельмі значную частку беларусаў.
— Тое, што робіць зараз дзяржава — гэта крывадушніцтва на 100%. Гэта аналагічна таму, што зараз выйдзе той, хто называе сябе «міністрам Данецкай вобласці Расіі» і скажа, што ўдалося вырашыць праблемы, з якімі не спраўлялася ўкраінская ўлада — а менавіта з парковачнымі месцамі ў спальных раёнах Бахмута.
Па сутнасці, тое самае робіць і беларуская дзяржава. Чыноўнікі і прапагандысты кажуць, што КДК пачаў правяраць прыватныя пансіянаты з-за пастаянных скаргаў сваякоў. Але тады ў мяне пытанне: калі мы кажам пра прыватны дом састарэлых, там жа не ўтрымліваюць нікога прымусова, і калі ёсць «шматлікія парушэнні», прэтэнзіі — можна забраць сваіх састарэлых родных, перавесці ў дзяржаўную ўстанову? Атрымліваецца, альбо ў дзяржаўных установах горш, альбо там няма месцаў.
Бо з’ехала многа моладзі, састарэлыя людзі засталіся, і ўмоўны айцішнік, які не можа вярнуцца, лепш плаціў бы за догляд сваіх пажылых сваякоў — але робіцца ўсё, каб грошы ішлі толькі ў дзяржаўную кішэню.
У любым разе, пра дзяржаўны клопат, апекаванне станам сваіх грамадзян гаворка не ідзе.
Калі паглыбіцца ў тэму, расказвае Станіслаў Салавей, высветліцца, што ў малых населеных пунктах старыя людзі перыядычна кладуцца ў шпіталі на зімовы час — таму што ў іх звычайнае пячное ацяпленне, цяжка за ім сачыць, і турбуюцца, каб перажыць зіму.
Лекары пра гэта ведаюць, але ложкавы фонд дазваляе, план па шпіталізацыях трэба выконваць, а магчымасцяў сацслужбаў не стае — і людзей кладуць у лякарні.
— Апроч таго, у медыкаў ёсць такі тэрмін, «невыпісваемы пацыент»: пра чалавека, які ўжо даўно хварэе, і ў шпіталі яму нічога прапанаваць не могуць, бо яму патрэбны проста дагляд — але і выпісаць не могуць, бо родныя кажуць, «дома з ім не спраўляемся, не можам якасна даглядаць». Такім чынам, раённыя лякарні часам ператвараюцца ў сацыяльныя ўстановы.
— Мяркую, нельга агулам дэманізаваць дзяржаўныя інтэрнаты і казаць, што ўсе прыватныя пансіянаты добрыя — парушэнні могуць быць і там, і там. Але калі зачыніць адразу траціну такіх устаноў — гэта пазбавіць сваякоў альтэрнатывы, а некаторых састарэлых людзей — наогул магчымасці трапіць у «сацыяльны пансіянат», бо месцаў мала, а працэс збору дакументаў доўгі…
— Я перакананы, што парушэнні ў прыватных пансіянатах насамрэч знайшлі. Але вось прыгадваю перыяд «царствавання» Піневіча ў Мінздароўя, калі па краіне каталася пракурорская праверка і знаходзіла сотні парушэнняў — і чамусьці ўсе гэтыя дзяржаўныя лякарні працуюць, а прыватныя за такія ж «касякі» зачынілі б. А потым міністр змяніўся, і на парушэнні чароўным чынам забыліся.
Дзяржаўныя інтэрнаты не трэба дэманізаваць, там працуюць не мярзотнікі, садысты і забойцы. Але проста паглядзіце на іх заробкі. Не паленаваўся, зірнуў вакансіі: да 1000 рублёў. За цяжкую, няўдзячную працу.
Наогул, многія людзі ў гэтай сістэме, калі яны не вельмі ідэйныя і апантаныя жаданнем дапамагаць людзям, працуюць там ад безнадзейнасці: больш няма дзе, а тут хоць нешта атрымае. І якую якасць працы ў такіх умовах вы чакаеце?
— Пры тым чамусьці вынікі праверак дзяржаўных дамоў-інтэрнатаў выяўляюць «асобныя парушэнні», а грамадскага кантролю за імі няма, і як насамрэч ідуць справы ў такіх установах, мы таксама не ведаем — гэта месцы клопату і догляду, ці фактычна турмы?
— А куды чалавек пойдзе, калі яго адтуль выселяць? Не выключаю, што паскардзіцца немагчыма, як у нашых ЦІП скласці апеляцыю, бо не выдаюць паперу і асадкі, забіраюць сродкі камунікацыі. Але ўсё ж гэта не турмы, адпусцяць — але за агароджай нічога няма, і ты застанешся сам-насам з дзяржавай.
Насамрэч праблема сацыяльнай сферы, як і нашай медыцыны, ў тым, што ўпраўленцаў няма, а ёсць толькі кантралёры: прыйшоў, убачыў парушэнні, раздаў «люлей»… І нічога не змянілася, бо патрэбныя змены на сістэмным узроўні.
Як вы хочаце вырашыць пытанне, калі ў дырэктара дома-інтэрната не хапае грошай для найму кваліфікаванага персаналу? А чыноўнікаў гэта не хвалюе — яны не арганізатары, яны «правяраючыя інстанцыі». І таму за сістэмныя «касякі» яны не адказваюць, як шараговыя супрацоўнікі. Пашумець, адсправаздачыцца, што выявілі недахопы — так, нешта вырашыць — не.
Беларусь імітуе сацыяльную дзяржаву, задача чыноўнікаў розных узроўняў — стварыць карцінку. Прыватныя дамы састарэлых у яе не ўпісваюцца: нехта можа сабе дазволіць, а нехта не, там лепей, а тут не вельмі — навошта такое, зробім, каб усе жылі прыкладна аднолькава. Як у тым анекдоце: «Прыйшла савецкая ўлада, зараз зробяць так, каб не было багатых. — Прабачце, можа, бедных? — Не, багатых». Вось і ў нас тое самае: ўсіх «ураўнаць».
Аднак выйсце з гэтай сітуацыі, мяркуе Станіслаў Салавей, ёсць, і яно простае. Па-першае, не зачыняць прыватныя ўстановы — «калі ў іх няма прынцыпова жорсткіх парушэнняў, гэта вырашаецца штрафамі і іншымі метадамі», а канкурэнцыя заўжды лепш, чым устаноўка «ясі, што даюць». Калі ёсць запыт, будзе і прапанова — а там час і рынак расставіць усё па месах.
Другі момант, на які звяртае ўвагу лекар — перабольшаны ложкавы фонд у дзяржаўных шпіталях:
— Дык зрабіце вы на іх базе пансіянаты! Зараз ідзе праца па стварэнні міжраённых цэнтраў: зразумела, што ў двух блізкіх гарадах няма сэнсу трымаць аднолькава моцныя шпіталі, дзе прастойвае апаратура і, напрыклад, хірург робіць адну аперацыю на тыдзень — ён проста губляе кваліфікацыю.
Так у вольных шпіталях, на якія ўжо ёсць стабільнае фінансаванне, пакіньце аднаго сямейнага доктара, пару медычных сясцёр, пакіньце санітарак — і вось гатовы дом-інтэрнат.
І лекарам ад гэтага будзе лягчэй, бо яны не займаюцца сацыялкай не таму, што ўсе мы — цынічныя г**нюкі, якім трэба выштурхаць хутчэй старога чалавека. Мы разумеем і небяспеку унутрышпітальных інфекцый, і тое, што калі займаешся адначасова сацыялкай і медыцынай, будзе зніжацца якасць таго і другога.
А пакуль мы бачым, што дзяржава сама не робіць нічога, але і не дазваляе іншым, і залазіць яшчэ і ў гэтую кішэню да пажылых людзей, пазбаўляючы іх выбару. Як спявала Маргарыта Ляўчук, «жэстачайшэ ўсім хадзіць у дзяржаўны дзецкі садзік, школу і турму» — можна дадаць сюды радок і пра пансіянат.
Калі ён быў бы даступны і якасны дзяржаўны — гэта проста знішчыць амаль усе прыватныя ініцыятывы, бо навошта плаціць больш там, дзе можаш атрымаць тую ж якасць за меншыя грошы. Я не супраць дзяржаўных устаноў, я за іх — але каб яны былі якаснымі, каб пра іх не казалі, «мы здалі свайго старога ў дом састарэлых». Не на роўным месцы такое стаўленне склалася, бо туды адпраўляюць ад вачэй падалей. І гэта жудасна.
У ідэале, разважае наш суразмоўца, гэта павінна працаваць, «як у нармальных краінах»: стары чалавек, якому самотна, або цяжка сябе абслугоўваць, выбірае, якому пансіянату хоча плаціць з пенсіі за сваё ўтрыманне, дзе ў яго будзе добрая кампанія і заняткі для душы.
— Але гэта не ўкладваецца ў парадыгму беларускай дзяржавы, дзе добры грамадзянін — той, хто працуе ўсё жыццё, і памірае ў дзень выхаду на пенсію, пажадана хутка, каб дзяржава і тут на яго не трацілася.
Інтарэсы пенсіянераў, пажылых людзей вельмі добра «абараняць», аднак рэальна чыноўнікам яны цікавыя прыкладна так, як мне надвор’е ў Кеніі.
У цывілізаванай краіне чыноўнікі больш клапоцяцца пра лёс марскіх коцікаў, чым беларускія чыноўнікі пра пажылых людзей. Бо галоўнае — добрая карцінка, і каб было ціха, каб ніхто нікуды нічога.
І на падвышэнне пенсійнага ўзросту каб не скардзіліся — вунь паглядзіце, як адзін пенсіянер нястомна працуе на карысць дзяржавы, усім трэба гэтак жа.
Читайте еще
Избранное