Общество
Аліна МІКЛАШЭВІЧ

У Барысаве не адважваюцца зняць бел-чырвона-белы сцяг

28 лютага а 15.00 камунальныя службы Барысава ўсё яшчэ не маглі зняць з коміна гарадской кацельні нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які лунае з ночы намаганнямі барысаўскіх дыгераў-індастрыялістаў і актывістаў незарэгістраванага маладзёвага руху «Зубр».

Раніцай сцяг бачылі тысячы барысаўчан, бо комін вышынёй больш за 100 метраў месціцца ў самым буйным прамысловым раёне Барысава. Як паведаміў сайт «Хартыя’97», работнікі кацельні не наважыліся лезці на комін нават па загадзе начальства, бо, па правілах тэхнікі бяспекі, не рэкамендуецца ладзіць узыходжанні на такія тэхнічныя збудаванні ў зімовы перыяд.

Як высвятліла карэспандэнт «Салідарнасці», палову дня камунальшчыкі знаходзяцца ў роспачы, бо і прамысловыя альпіністы (а іх у горадзе няшмат) адмаўляюцца паўтараць подзвіг рызыкоўных хлопцаў, якія павесілі сцяг уначы. «Жыццё даражэй», — патлумачылі яны. Праваахоўныя органы Барысава прыкладваюць усе намаганні, каб адшукаць смельчакоў. Мяркуючы па ўсім не дзеля таго, каб тыя падзяліліся вопытам. Якраз учора, напужаўшыся бел-чырвона-белага сцяга, суд Маскоўскага раёна Мінска вынес прысуд актывісту Партыі БНФ Зміцеру Каспяровічу. Ён пакараны 5 месяцамі арышту толькі за тое, што імкнуўся замяніць афіцыйны чырвона-зялёны сцяг на будынку Мінгарвыканкама на нацыянальны бел-чырвона-белы.


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)