«Тыя суткі, што я адсядзеў у СІЗО, былі аднымі з лепшых у маім жыцці»
Тры гады таму маладыя беларусы пайшлі на неімаверны для нашага грамадства крок: на хвалі нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу і паставілі там намёты. «Салідарнасць» даведалася, як склаўся лёс некаторых удзельнікаў Плошчы, і што яны думаюць пра тыя падзеі сёння.
Лявон Маліноўскі, студэнт Ягелонскага
універсітэта, 24 гады: «Плошча і яе вынікі шмат у чым расчаравалі»
— У 2006-м я
вучыўся на 3-м курсе філалагічнага факультэта БДУ. Палітычнымі акцыямі ніколі
не цікавіўся, але ў выпадку Плошчы спрацавала нейкае унутранае пачуццё абавязку.
Мяне забралі ў
першую ж ноч з 20 на 21 сакавіка, калі я павёў праводзіць з плошчы сябра. Мяне,
студэнта аддзялення беларускай філалогіі, абвінавацілі ў тым, што я лаяўся
матам, і далі 10 сутак.
Калі вярнуўся ва
універсітэт, мне зрабілі вымову, але ўсё ж не адлічылі. Тым не менш, тым летам
я вырашыў паехаць вучыцца ў Польшчу па праграме Каліноўскага. Гэта быў выдатны
шанец атрымаць класічную еўрапейскую адукацыю. Цяпер я вучуся ў знакамітым Ягелонскім
універсітэце ў Кракаве на аддзяленні класічнай філалогіі.
Калі шчыра, то Плошча
і яе вынікі шмат у чым мяне расчаравалі: расчаравалі палітыкі, расчаравалі
калегі па праграме. Але наогул я пазітыўна ацэньваю свой удзел у тых сакавіцкіх
падзеях. Гэта быў момант, калі я не з газетаў убачыў рэчаіснасць, сапраўдную
ўладу і сапраўдную апазіцыю.
Цяпер думаю
паехаць далей на захад на далейшае навучанне. Вярнуся ў Беларусь толькі калі
атрымаю поўную адукацыю.
Зміцер Панкавец, журналіст, 23 гады: «Гэта была паэзія чыстай красы»
— У сакавіку
2006-га я працаваў па размеркаванні педагогам-арганізатарам у вясковай школе ў
Барысаўскім раёне. На Плошчу з-за занятасці на працы трапіў толькі ў самы
апошні дзень, 23 сакавіка. У намётавым мястэчку стаялі мая сястра, мае знаёмыя,
і мне таксама захацелася спрычыніцца да гэтай падзеі. Атрымалася, прыехаў якраз
на тую ноч, калі Плошчу разагналі.
Хоць пратакол на
мяне складаў зямляк з Барысаўскага раёна, у выніку мне далі 10 сутак у
Жодзінскім СІЗО.
Калі выйшаў на
волю, з працай прыйшлося развітацца — гэта пры тым, што працаваў я ў школе па
размеркаванні. Дзіўна, але ніякага смутку я тады не адчуваў: запал атрыманы на
Плошчы яшчэ дзейнічаў. Мне прапаноўвалі паехаць вучыцца ў Польшчу па праграме
Каліноўскага, але я чалавек даволі цяжкі на пад’ём, таму гэту прапанову не
прыняў.
Месяцы праз тры
пасля сакавіцкіх падзей я рашыўся папрасіцца на працу ў «Нашу ніву». Рэдактар Андрэй Дынько на кухні доўга
адгаворваў мяне ад гэтай задумы, але ўжо праз два тыдні я выйшаў на працу. Так
Плошча прывяла мяне ў журналістыку.
Скажу шчыра, я
даволі часта ўзгадваю пра падзеі трохгадовай даўніны і спрабую іх асэнсаваць.
Тая плошча была паэзіяй чыстай красы, прыгожым і самаахвярным крокам.
Разлічваць на ўкраінскі варыянт, дзе падобны чынам змянілі ўладу, па многіх
прычынах не прыходзілася. Як ні парадаксальна, тыя суткі, што я адсядзеў у
СІЗО, былі аднымі з лепшых у маім жыцці. Як напісаў мой цяперашні шэф у сваім
турэмным дзённіку — светлыя дні сярод светлых людзей.
Міхаіл Пашкевіч, палітык, 23 гады: «Многія
працягваюць жыць тымі падзеямі»
— Я быў з сябрамі
на Плошчы толькі ў першую ноч 20-21 сакавіка, стаяў у ахове Мілінкевіча. Потым
з кампаніяй сваіх беспартыйных сяброў па гістфаку БДУ рабіў патрэбную на той
момант працу: шукалі арыштаваных, валаклі на Акрэсціна перадачы, збіралі
подпісы супраць адлічэння студэнтаў.
Пасля Плошчы я
ўсур’ёз зацікавіўся палітыкай і восенню гэтага ж года ва ўзросце 20 год
балатаваўся ў мясцовыя Саветы. Адразу пасля выбараў мяне спрабавалі адлічыць з
універсітэта, але дамагліся свайго толькі праз паўгады. Я працягваў
удзельнічаць у розных акцыях і потым вырашыў рэаніміраваць у Аб’яднанай
грамадзянскай партыі моладзевую структуру. Цяпер вось з’яўляюся старшынёй моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты».
Яшчэ адзін яскравы момант у маім жыцці з часоў Плошчы — завядзенне на
мяне ў сакавіку 2008-га
крымінальнай справы за «арганізацыю і ўдзел у массавых беспарадках» — за ўдзел
у дэманстрацыі прадпрымальнікаў. Я атрымаў два гады хатняй «хіміі».
Сёння, на мой
погляд, ва ўспрыманні людзьмі сакавіцкіх падзеяў 2006 года ёсць дзве праблемы.
Першая — многія, у тым ліку і палітычныя лідэры, працягваюць жыць тымі падзеямі
(мінулым), хаця час і людзі змяніліся. Другая праблема — некаторыя дагэтуль імкнуцца
раскруціць міфічны трэнд Плошчы, яны ўпэўненыя, што змяніць сітуацыю ў краіне
можна толькі такім чынам.
Віталь,
сістэмны адміністратар, 23 гады: «На Плошчы ўбачыў, хто чаго варты»
— У пачатку 2006
года я працаваў у Менску кампутаршчыкам. Мітынг у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19
сакавіка на Кастрычніцкай плошчы пакінуў у мяне непрыемнае пачуццё: на мой
погляд, хвалёныя дэмакратычныя лідэры проста «злілі» гэтую акцыю. Таму на
наступны дзень, калі я прыйшоў на Плошчу і пабачыў як нейкія хлапцы з юнацкім
запалам прапанавалі раставіць намёты, я паставіўся да гэтай ідэі скептычна.
Але неяк іх уздым
распаўсюдзіўся і на мяне, у выніку я прастаяў у ачапленні намётавага мястэчка
да самай раніцы.
Агулам правёў
потым на Плошчы тры ночы і адзін дзень. Але на суткі не трапіў: у тую ноч з 23
на 24 сакавіка, калі ўсіх забралі, я якраз адсыпаўся дома.
Па той прычыне,
што я працаваў нелегальна, праблем у мяне з-за знаходжання ў намётавым мястэчку
не ўзнікла. Але ў адрозненні ад многіх іншых маладзёнаў тыя сакавіцкія падзеі
мяне прызямлілі. Убачыў хто чаго варты, якімі няздатнымі да дзеянняў аказаліся
нашы лідэры.
Сёння я працую
сістэмным адміністратарам на замежную фірму. Па-ранейшаму не прапускаю ні
аднаго Дня Волі, але з кожным годам хаджу на акцыі з усё меншай ахвотай.
Ажаніўся, юнацкі максімалізм знік і я паступова станаўлюся «добропорядочным
гражданином».
Читайте еще
Избранное