Филин

Юлія Кот

«Тыя самыя людзі, якія выказваюць энтузіязм на камеру, у прыватнай абстаноўцы будуць ад гэтага плявацца ці высмейваць»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч распавёў Филину пра нябачную ў афіцыйных справаздачах, але прынцыповую розніцу паміж колькасцю і якасцю наведвання музеяў.

У справаздачы да дня работнікаў культуры (адзначаецца ў Беларусі ў другія выходныя кастрычніка) Белстат назваў самыя папулярныя музеі ў краіне. Ачольвае рэйтынг па колькасці наведнікаў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», таксама ў топ-3 увайшлі мемарыяльны комплекс «Хатынь» і Музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

А вось Нясвіжскі палац, як і Мірскі, у справаздачу не трапіў.

Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2023 годзе беларускія музеі наведалі 7,6 мільёна чалавек (на 13% больш, чым год таму), пры гэтым наогул у краіне 156 музеяў:

  • 100 комплексных,
  • 39 гістарычных,
  • 11 мастацкіх,
  • 4 літаратурных,
  • па адным — прыродазнаўчым і навукова-тэхнічным.

Чым тлумачацца такі рост папулярнасці музеяў, звязаных з вайной — ідэалагізацыя ўсяе Беларусі і прасоўванне тэмы пра «генацыд беларускага народу» даюць плён, альбо і лічбы, і касу забяспечваюць сёння расійскія турысты?

Афіцыйную статыстыку і не толькі Филин абмеркаваў з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

— Гэтую інфармацыю трэба ацэньваць, зыходзячы з нашых бягучых рэалій, — заўважае гісторык. — Бо на інфаграфіцы Белстату мы бачым толькі «голыя» лічбы, без аніякай разбіўкі, якая дала б зразумець, як гэтыя лічбы ўтвараюцца. Можна таксама спрачацца і аб тым, наколькі яны праўдзівыя.

Але нават калі зыходзіць з таго, што так і ёсць — я б гэта найперш звязваў з той ідэалагічнай кампаніяй, якая ў апошнія гады праводзіцца ў Беларусі: акцэнт на вайне, на «генацыдзе беларускага народу».

Калі ўсе ідэолагі гэтым моцна занятыя, яны маюць свае планы, праводзяць нейкія мерапрыемствы ў гэтым рэчышчы і абавязаныя аб іх справаздачыцца. І сярод мерапрыемстваў, акрамя сустрэч з адпаведнымі асобамі, правядзення лекцый, ёсць і наведванне тэматычных музеяў і экспазіцый.

Думаю, туды масава водзяць школьнікаў, ладзяць паездкі для арганізацый, арганізаваныя «зверху». І гэта дае добрую статыстыку, лічбы, што дазваляюць вывесці музеі, звязаныя з вайной, у тройку лідараў. Але гэта зусім не сведчыць, што самі людзі хочуць менавіта гэта наведваць, бо добраахвотнасці ў такім мерапрыемствах няма.

Аляксандр Пашкевіч параўноўвае музейныя рэйтынгі са звесткамі кнігарняў: паводле адміністрацыі крам і адказных за галіну чыноўнікаў, каторы год папулярная кніга «Генацыд беларускага народу» пад рэдакцыяй генпракурора Андрэя Шведа; выданні нібыта карыстаюцца вялікім попытам і нават адзначаныя гран-пры нацыянальнага кніжнага конкурсу.

— Відавочна, не можа быць гэтая тэма настолькі запатрабаванай, каб людзі ішлі і масава скупалі тыя кнігі, таму што хочуць азнаёміцца з публікацыяй, — зазначае гісторык. — І калі выключаць нейкія прыпіскі, тлумачыцца гэта вельмі зразумелым чынам: розныя арганізацыі робяць кампаніі па забеспячэнні сваіх чальцоў, карпаратыўных бібліятэк гэтым выданнем.

Дзякуючы гэтаму і ствараецца «папулярнасць», нібыта кнігу змятаюць з паліц — але ж калі глянуць індывідуальныя куплі, перакананы, што яны будуць на вельмі нізкім узроўні.

Тое самае, хутчэй за ўсё, сталася і з ваеннымі музеямі. Перадусім іх папулярнасць дасягаецца намаганнямі ідэолагаў, прымусовымі наведваннямі, калі ёсць колькасць. Але які выхлап, які  ад гэтых экскурсій плён, можна паспрачацца. Таму, я лічу, не трэба асабліва з-за гэтага засмучацца, разумеючы ўнутраную сітуацыю.

Што ж тычыцца расійскіх турыстаў, дадае Аляксандр Пашкевіч, — паводле інфармацыі знутры краіны, не варта пераацэньваць іхнюю ідэалагічную заангажаванасць і памкненне абавязкова наведаць ваенныя помнікі:

— Насамрэч любыя турысты, і расійскія ў тым ліку, ездзяць у іншыя краіны, каб паглядзець нешта такое, чаго няма ў іх. Таму іх цікавяць Мірскі і Нясвіжскі замкі, бо ў РФ такіх замкаў дзеля асаблівасцяў гісторыі няма.

Брэсцкая крэпасць — таксама раскручаны аб’ект, і калі ў іх маршруце ёсць Брэст, гэты музей турысты не мінаюць. А вось каб у Мінску ў музеі Вялікай Айчыннай вайны было так шмат расейцаў, каб ажно раіліся — такіх звестак я не сустракаў.

Хатынь жа для іх наогул не вельмі раскручаны аб’ект, не настолькі цікавы, каб яго трэба было абавязкова наведаць — плюс туды трэба адмыслова ехаць, нельга проста зазірнуць, ідучы па горадзе.

Таму, думаю, усё ж такі не расійскія турысты ствараюць папулярнасць музеям, звязаным з вайной, а тая ідэалагічная кампанія, якая вядзецца сёння ў Беларусі. Аднак, паўтаруся, колькасць гэтак можа забяспечыць, але колькасць не заўсёды перацякае ў якасць.

— Акурат хачу працягнуць ваша літаратурнае параўнанне: што б там ні казалі чыноўнікі пра кнігу «Генацыд беларускага народу», а паводле сацапытання Акадэміі навук, самымі чытанымі ў беларусаў застаюцца Караткевіч і Быкаў.

Можа, і з музеямі тая ж гісторыя, і нават няблага, што ўвага ўладаў скіравана на ваенныя мемарыялы, бо без пільнага нагляду іншыя музеі менш пацерпяць ад ідэалагічных чыстак?

— Тут цяжка сказаць, добра гэта ці нядобра, — трэба больш мець на вачах усю карціну. Але тэарэтычна так: чым больш да аднаго чагосьці звернута ўвага, тым больш у іншых установах гэтыя ідэалагічныя стэнды і экспазіцыі, скажам так, не тое каб зусім знаходзяцца ў баку, але і не на перадавой, і можна змяншаць інтэнсіўнасць ідэалогіі, калі яна зашкальвае.

Хоць, канешне, гэты лёс не мінае і невялікія краязнаўчыя музеі, якія абавязаныя мець стэнды пра Вялікую Айчынную вайну, пра «генацыд беларускага народу», і мясцовыя ідэолагі безумоўна арганізуюць тэматычныя экскурсіі гэтых устаноў. Але паколькі яны лакальныя, то нават за кошт адміністрацыйнага рэсурсу наведвальнасць можа павялічыцца, аднак на верхнія пазіцыі ў агульнадзяржаўным рэйтынгу гэтыя музеі ўбіцца не могуць.

Нясвіж і Мір, гаворыць Аляксандр Пашкевіч, відавочна не ўпісваюцца ў цяперашнюю ідэалагічную палітыку, — таму прымусовых арганізаваных паездак у гэтыя месцы ідэолагі і не ладзяць. Затое лічбы іх наведвальнасці, хай нават меншыя, не дзьмутыя:

— Туды рэальна едуць людзі, гатовыя добраахвотна плаціць за гэта рублём. І якасць гэтых паездак зусім іншая. Ад наведвання такога аб’екту, куды ты сам захацеў трапіць, сам зладзіў паездку, сам выдаткаваў на гэта грошы, зусім іншае ўздзеянне, чым ад «добраахвотна-прымусовага» адбывання нумара.

Ідэалагічная работа на паперы, у справаздачах можа выглядаць выніковай, а ў рэальнасці быць нікому не цікавай. Калі мы ацэньваем афіцыйную статыстыку, чуем заявы чыноўнікаў, і нават бачым відэа, што на нейкім афіцыйным мерапрыемстве ад людзей проста раіцца — трэба памятаць і разумець, як гэта арганізуецца ў падобных сістэмах.

Гэтая масавасць — не народны парыў, у якім усе разам узняліся, а разнарадкі, якія не адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. І тыя самыя людзі, якія выказваюць энтузіязм на камеру, у прыватнай абстаноўцы будуць ад гэтага плявацца ці высмейваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(15)