Тышкевіч: Лукашэнку намалююць 90-92% галасоў, ён закрые псіхалагічную траўму 2020 года. А вось што будзе пасля?

Аналітык Ігар Тышкевіч — пра тое, што апошні электаральны цыкл Лукашэнкі ўжо завершаны, а перамены ў краіне непазбежныя. Але ёсць варыянты.

Аляксандр Лукашэнка будзе пераназначаны падчас «прэзідэнцкіх выбараў», але гэта не ёсць гарантыяй захавання яго ўлады. Якія сцэнары развіцця падзей найбольш верагодныя і чаму ў выпадку дэстабілізацыі важна, што адбудзецца ў першыя 72 гадзіны, — на гэты конт разважае аналітык Ігар Тышкевіч.

— Палітычная сістэма Беларусі будзе надалей ісці да зменаў, — гаворыць Тышкевіч у эфіры Рацыі. — Але, на жаль, не ў тым кірунку, які шмат каму падаваўся найбольш рэальным альбо жаданым — маю на ўвазе дэмакратызацыю.

Ігар Тышкевіч

Адным з важных чыннікаў, што пацвярджае гэта меркаванне, аналітык называе запрашэнне Лукашэнкі ў Пекін. Ён падкрэслівае, што калі такое запрашэнне гучыць яшчэ перад электаральнай кампаніяй, гэта пэўная палітычная падтрымка і дэманстрацыя сваёй пазіцыі навонкі, іншым палітычным гульцам.

— Гэтае запрашэнне не было анансаванае Пекінам, але, наколькі я разумею, яно рыхтавалася апошнія некалькі тыдняў. Дзеля чаго? Паказаць, хто ў хаце гаспадар. У дадзеным выпадку, у нашым рэгіёне.

Мы маем змяншэнне ўплыву РФ, прынамсі па Сірыі і, як ні парадаксальна, па афрыканскіх краінах, маем заявы пра магчымыя мірныя перамовы — і ўсё гэта збягаецца прыкладна ў адзін час.

І таму для Аляксандра Лукашэнкі будзе ўкрай важным далейшае стварэнне сістэмы, так бы мовіць, на іранскі ўзор (што ён рабіў з тым жа самым Усебеларускім народным сходам), падрыхтоўка да транзіту.

Плюс перадумовы палітычнага крызісу ўнутры Беларусі нікуды не зніклі, таму ёсць аб’ектыўныя працэсы, у выніку якіх мяняцца краіна будзе. Пытанне ў тэмпах і ў тым, хто наверсе. Гэта не абавязкова дэмакратыя адразу, і не абавязкова за некалькі месяцаў.

Шмат што ў гэтых зменах, дадае Ігар Тышкевіч, залежыць як ад падзей ва Украіне, так і ад стану расійскай эканомікі, на якую моцна завязана беларуская. Скарачэнне экспарту ў гэты бок, змяншэнне замоў што ад расейскага ВПК, што ад цывільнага сектару, фактычна на носе — гэта ў Мінску разумеюць, таму і шукаюць з усіх сіл выхады на іншыя рынкі. Альбо аднаўленне старых, і ў выпадку заканчэння вайны — перадусім украінскі.

Але ў такім сцэнары сяброўства з Расіяй для беларускага правіцеля робіцца ўсё больш небяспечным. А сам ён, мяркуе Ігар Тышкевіч, задавальняе цяпер Крэмль толькі часткова — бо ён прадказальны і вельмі любіць уладу, а таму мае патрэбу ў расійскай падтрымцы.

Калі ўявіць, што Расія вымушаная пайсці на пэўны глыбокі кампраміс па Украіне — для таго, каб стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю і даць карціну перамогі, патрэбная перамога на іншым флангу.

Хачу нагадаць 1995 год, калі Ельцын фактычна «купіў» інтэграцыйныя працэсы на чале з Лукашэнкам пасля паражэння ў Першай чачэнскай вайне. І гэта спрацавала. У 1996-м Ельцын выйшаў з прамовай кшталту, у Чачні не атрымалася, але ж я збіральнік земляў, «Беларусія да нас ідзе». Вуаля!

А цяпер гэтая «інтэграцыя» дайшла да таго моманту, што калі патрэбна зрабіць наступны крок — то Лукашэнка лішні. Дый і ў адваротным выпадку, калі Расія выходзіць з вайны ў моцнай пазіцыі, а Украіна саступае — навошта тады цацкацца з Лукашэнкам? Нават калі «нічыя», то пытанне, а што там у Мінску, будуць задаваць як з Кіева, так і з Масквы, зноў-такі, гэта для Лукашэнкі небяспека. Таму ён зараз і круціцца, хоча ўвайсці ў перамоўны працэс, каб атрымаць нейкую адносна бяспечную для сябе сітуацыю.

Зрэшты, хутчэй за ўсё, «выбары» для яго скончацца нармальна: яму намалююць падчас гэтай псеўдаэлектаральнай кампаніі 90-92% галасоў, ён закрые хаця б часткова сваю псіхалагічную траўму 2020 года. А вось што будзе пасля?

У РФ зараз няма рэсурсаў, каб падтрымліваць крызісы адначасова на некалькіх накірунках. Прыярытэты для іх — парламенцкія выбары ў Малдове, Грузія і ў пэўным сэнсе «ўтрыманне» Арменіі. Таму ў кароткатэрміновай перспектыве, цягам пары месяцаў, не думаю, што нешта такое адбудзецца ў Беларусі.

Але ці можа пасля «выбараў» нешта здарыцца з Лукашэнкам — ды канешне. Ёсць варыянт сысці па-добраму, нават з помнікам і з падзякамі, але ёсць і варыянт «унутрыпалацавага перавароту», і разбурэння ўсёй сістэмы, і дзеянняў Масквы.

І тут пытанне, што будзе пасля, у першыя 72 гадзіны. Хто будзе актарамі, якія абмяркуюць, што рабіць далей? Каму будуць тэлефанаваць як унутры Беларусі, так і з Мінску навонкі, і з іншых краін — у Мінск, ці ў Маскву, ці ў Пекін? Ад гэтага багата што залежыць.

Дарэчы, пасажы Расіі пра размяшчэнне ядзернай зброі — гэта таксама падстрахоўка на выпадак «а што, калі». Можна спрачацца, ёсць тая зброя ці яе няма, але палітычная заява аб яе размяшчэнні ёсць. І калі ў краіне нешта змяняецца — ёсць сістэма нераспаўсюджвання ядзернай зброі, і першы званок будзе не да новай беларускай улады, а ў Маскву: «Ребята, что там с вашими ракетами?»

Гэтаксама ў 1991 годзе амерыканскі прэзідэнт ездзіў па Беларусі, Украіне і Казахстану і пераконваў, што не патрэбная ім незалежнасць — бо там была ядзерная зброя. Скончылася, як мы помнім, Будапешцкім мемарандумам. І цяпер Расія спрабуе згуляць у тую ж самую гульню.