Тышкевіч: «Кітай праводзіць з РФ тую ж палітыку, што і сама Расія ў Беларусі»

Як змяніліся ўкраінцы за тры месяцы вайны.

– Калі адказваць коратка, то ў 2014-м сваім уварваннем ва Ўкраіну і анэксіяй Крыма Пуцін зрабіў вельмі моцны штуршок да стварэння ўкраінскай палітычнай нацыі, – распавядае ў эфіры «Е*рарадыё» палітычны аналітык Ігар Тышкевіч. – Але працэс яшчэ ішоў, і ў прынцыпе Расія пакідала за сабою магчымасць адыграць гэта назад з пункту гледжання абароны сваіх інтарэсаў і свайго ўзмацнення. Узгадаем фактар Медведчука з 2017-га па 2020-ты.

За гэтыя крыху больш за 100 дзён вайны украінскае грамадства прайшло шлях, які б у мірны час з рознымі працэсамі, добрымі ці негатыўнымі, яно б праходзіла год 5-7.

Таму пэўны вынік ёсць, але наўрад ці ён радасны для Расійскай Федэрацыі.

З пункту гледжання таго, як змяняецца Ўкраіна ўнутры, то тут ёсць некалькі нечаканасцяў. Напрыклад, кансалідацыя палітычных элітаў, фактар таго ж самага Зяленскага і гэта было багата для каго нечаканасцю.

А яшчэ, калі браць знешнепалітычны контур, то роля Ўкраіны ў рэгіёне і ў свеце ўзрастае. Натуральна, нельга казаць, што Ўкраіна стала рэгіянальнай супердзяржавай, але гэта ўжо дакладна не дзяржава пра якую кажуць «і сярод іншых».

Плюс змяняецца агульны баланс, таму што Швецыя і Фінляндыя падалі заявы ў НАТО і гэта таксама шмат пра што гаворыць.

Калі казаць пра саму Ўкраіну як дзяржаву, то тут пакуль зарана рабіць высновы. Шмат што будзе залежыць ад таго, як скончыцца гэты этап вайны, таму што, на жаль, гэта толькі адзін з этапаў. А любая дамова будзе фактычным перапынкам у вайне. Дарэчы, гэта ўсведамляюць украінскія палітычныя эліты і ім трэба аддаць належнае…

Калі мы гаворым пра Кітай, то ён і так атрымлівае сваё без вайны. Кітай працуе на паслабленне Расіі разам са Злучанымі Штатамі, але ж з розных палюсоў. У гэтым, нягледзячы на іхняе супрацьстаянне, яны на адным баку. І навошта Кітаю ваяваць, калі аслабленая Расія і так будзе прывязвацца да яго?

Кітай праводзіць з РФ тую ж палітыку, якую Расія ўвесь час спрабавала праводзіць ў Беларусі. І дагэтуль праводзіць. Гэта ўваход у эканоміку і гэта прывязка ўсіх працэсаў да сябе, каб пасля немагчыма было сысці. Толькі памеры зусім іншыя.

Амбіцыі Расіі як глабальнай звышдзяржавы ўжо падарваныя. Калі казаць, што Ўкраіна адваёўвае свае межы і на гэтым усё, то тут вельмі цікавая сітуацыя. На гэтым этапе сама РФ, улічваючы спецыфіку яе палітычнага рэжыма, можа сысці ва ўнутрыпалітычны крызіс. Такое здаралася заўсёды, калі расійскія эліты вызнавалі або прызнавалі знешнепалітычную або знешневайсковую паразу.

А ўнутраны крызіс у Расіі – гэта аўтаматычны шанец для краін, кшталту Беларусі, Грузіі, Малдовы, якія знаходзяцца ў сферы ўплыву Расіі, каб адскочыць ад яе. Але гэта будзе ўжо пасля паразы і не адначасова.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)