Филин

Вікторыя Захарава

Тышкевіч: «Калі за апошнія 20 год санкцыі ЕС прывялі да палітычнай трансфармацыі хаця б у якой-небудь дзяржаве свету?»

Працягваем разбіраць розныя варыянты развіцця палітычнага крызісу ў Беларусі і рэакцыі Захаду. Аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч распавёў Філіну, ці выпадае  параўноўваць заходнюю стратэгію адносна Беларусі і Украіны, якія механізмы  маглі б стаць эфектыўнымі для вырашэння зацяжнога крызісу і чаму гэтай «чароўнай палачкі» ўсё яшчэ няма.

Фота Еўрарадыё

– Ацэньваючы чацвёрты пакет санкцый Еўрасаюзу, многія сыходзяцца на думцы, што ў Захаду так і няма сістэмнага падыходу ў дачыненні да Белаурусі. На Ваш погляд, ці існуе такая агульная стратэгія адносна Украіны – і калі так, то ў які перыяд яна сфармавалася?

– Я б сказаў, што па Украіне ёсць частковая стратэгія. Ёсць разуменне, што яна патрэбная не як зона перыферыі Расіі адназначна. Была палітыка, звязаная з падпісаннем Украінай Дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Але доўгатэрміновай стратэгіі пакуль што няма – таксама, на жаль, ідзе палітыка рэагавання.

Ключавым пытаннем зараз ёсць вайна на ўсходзе Украіны і рэфармаванне краіны. Зыходзячы з таго, што няма агульнага падыходу, што і як рабіць, то назіраюцца супярэчнасці і паслядоўнасць дзеянняў, якія не заўсёды ідуць на карысць.

Адзін з найбольш яркіх прыкладаў – Украінай заяўлена жаданне ўступіць у НАТО, гэта нават запісана ў Канстытуцыі. Украіна чакае ПДС (План дзеянняў па сяброўстве, англ. Membership Action Plan – Філін). З іншага боку, міністр замежных спраў Нямеччыны абвяшчае, што Нямеччына адмаўляецца прадаваць Украіне зброю. На хвілінку: дзяржава–нібыта саюзнік Украіны адмаўляецца прадаваць зброю свайму саюзніку, які ваюе.

Тое ж самае – у пытаннях дамовы па асацыяцыі з ЕС, якая станам на сёння дастаткова выгадная для Еўрасаюзу. Тут і пытанне квотаў, і нармавання, і адсутнасць агульных падыходаў да трансфармацыі гэтай дамовы. З пункту гледжання замацавання пэўнага статусу Украіны паміж ЕС і Расіяй – ёсць, далей – няма. Па эканоміцы вельмі просты прыклад – апошні канфлікт Кіева і Брусэля па пытаннях так званага закону аб лакалізацыі, пасля таго як была агучаная прапанова, што на дзяржаўных тэндарах Украіны павінны мець перавагі ўкраінскія вытворцы. Гэта, у прынцыпе, нармальна для любой дзяржавы – аднак, аказваецца, супярэчыць дамове аб асацыяцыі…

Разумення шляху рэфармавання Украіны таксама няма, як і цэласных вялікіх праграмаў. Існуюць, канешне, праграмы падтрымкі, зафіксаваныя ў асноўных накірунках, палітыка рэалізацыя Дамовы аб асацыяцыі – але казаць пра глабальны план для Украіны, на мой погляд, не выпадае.

– Як вы ацэньваеце ролю, якую адыграў былы спецспрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША па Украіне Курт Волкер?

– Волкер займаўся дзвюма ключавымі справамі: кантакты з Масквою датычна Данбасу і Крыма, пошукі шляхоў супрацоўніцтва ў гэтым кірунку, і кантакты з украінскай уладай з пункту гледжання рэформаў, якія ў пэўнай ступені дазвалялі б ЗША перадаць Украіне ўзбраенне – то-бок, гэта барацьба з карупцыяй, кіраванне і г.д.

Казаць пра тое, што Курт Волкер стаў вызначальнай постаццю ва ўкраіна-амерыканскіх адносінах, я б не стаў. Так, гэта пазіцыя была важнай для Кіева як яшчэ адзін механізм данясення свайго бачання да Вашынгтона, але не вызначальнай для стратэгічных інтарэсаў.

Пры гэтым, трэба падзяляць, што ёсць інтарэсы асобна Еўрасаюза як цэлага, ёсць інтарэсы ядра ЕС – Францыі і Нямеччыны, інтарэсы краин Трохмор’я (Польшчы, Літвы, дзяржаў Вышаградскай групы – Венгрыі, Румыніі) і інтарэсы ЗША. І яны не заўсёды супадаюць. Гэта вельмі важна, бо ў Беларусі як ад праўладных бакоў, так і з колаў апазіцыі часта даводзіцца чытаць і чуць пра «інтарэсы заходняга свету» – а яны не аднолькавыя, яны ў кожнай дзяржавы свае.

…Калі мы гаворым пра ЕС, то для часткі дзяржаў Трохмор’я моцная, палітычна незалежная Украіна – пэўны буфер паміж іхняй тэрыторыяй і РФ, гэта рынак збыту, крыніца працоўных мігрантаў, асабліва для Польшчы. Для Нямеччыны – гэта добрасуседства, якое выбудоўваецца праз «Усходняе партнёрства», магчыма, крышку больш блізкае праз заключэнне Дамовы аб асацыяцыі – але пры гэтым неўспрыняццё на бягучы момант магчымасці хуткага ўступлення Украіны ў Еўрасаюз альбо ў НАТО. Хачу нагадаць, што нават рэферэндумы, якія прайшлі ў Нідэрляндах, Італіі, Нямеччыне перад ратыфікацыяй Дамовы аб асацыяцыі з ЕС, асобна падкрэслівалі, што гэты дакумент не ёсць для Украіны дарожнай картай па сяброўству ў ЕС. І гэты спіс разыходжанняў інтарэсаў можна працягваць.

Праблема Украіны багата ў чым палягала ў адсутнасці сярэднетэрміновага планавання, хаця б на 10-15 год, і, адпаведна, у немагчымасці сфармуляваць свае стратэгічныя мэты ў супрацоўніцтве з той ці іншай дзяржавай.

На сёння выхад на больш доўгае планаванне – задача, якая стаіць сёння перад украінскімі элітамі і якую яны спрабуюць вырашаць. Адсутнасць такога планавання запавольвае на тым баку фармуляванне бачання таго, якой іншыя дзяржавы хочуць бачыць Украіну.

– Якімі вам бачацца перспектывы агульнай стратэгіі ЕС і ЗША для Беларусі? Наколькі эфектыўным механізмам, напрыклад, будзе з’яўленне ў Еўрапарламенце спецдакладчыка па Беларусі?

– З пункту гледжання тактыкі спецдакладчык – гэта кансалідаваная пазіцыя ЕС на год-паўтара. Што да стратэгіі, калі разважаць пра доўгатэрміновыя планы – у Беларусі з гэтым было крышку лепей, прынамсі ў галіне эканомікі.

Я магу назваць з дзясятак прыкладаў, калі дзеянні афіцыйнага Менску – не палітычнага, а эканамічнага – былі вельмі цікавымі. Нават калі адкінуць калійную галіну, гэта, да прыкладу, выхад машынабудавання на рынкі суседніх краін. Гэта стратэгія пераводу беларускага ВПК на выраб уласнай прадукцыі, а не толькі камплектацыі для расійскага ўзбраення

Гэта тое, што Беларусь уваходзіць у топ-10 экспарцёраў малочнай прадукцыі свету. Праз мясцовыя бюджэты былі з 2007 года «пракачаныя» капітальныя сумы на тое, каб стварыць сістэму перапрацоўкі. Так, большая частка гэтых грошай была, даруйце, пражраная ці выкінутая ў смецце – гэта іншае пытанне. Але спробы планавання былі.

Аднак у Беларусі няма досведу комплекснага планавання, і гэта ключавое пытанне: як ва ўлады, так і ў яе апанентаў ёсць цікавыя ідэі, але яны вузкасектаральная, ніяк не перасякаюцца адно з адным, і сшыць з гэтага агульную тканіну не выпадае.

Нашая праблема ў адсутнасці эфектыўных тактычных крокаў, без якіх ва ўлады і апанентаў пачынаецца гульня не тое што ў рэакцыю, а ў прыняцце эмацыйных рашэнняў, наступствы якіх не пралічваюцца нават на самы кароткі перыяд. І цяперашні палітычны крызіс гэта выразна ілюструе.

На думку Ігара Тышкевіча, Еўрасаюз «не ведае і не бачыць, што рабіць з Беларуссю» нават у перспектыве бліжэйшых пяці год.

– Ёсць розныя падыходы: планы Літвы, Польшчы па пэўным уплыве на беларускія палітычныя працэсы, ёсць ідэя Нямеччыны, зафіксаваная ў восеньская рэзалюцыі Бундэстагу – каб Расія выступіла пасярэднікам, у ідэале, праз механізм АБСЕ. У чым усе сыходзяцца – гэта ў кароткачасовым ціску на беларускія ўлады. І з’яўленне спецдакладчыка – якраз кансалідацыя такога ціску.

Да наступнага этапу развіцця беларускага палітычнага крызісу ціск будзе, бо ніхто не можа сабе дазволіць саступіць назад. Умоўна кажучы, Лукашэнка не можа даць задняга – інакш ягонае ж атачэнне ўспрыме яго як няўдачніка; з іншага боку, Еўрасаюз не можа гэтага зрабіць, бо ўжо заявіў, што ў адказ на рэпрэсіі будзе ўзмацняць санкцыі.

Нават бачачы, што твае падыходы не працуюць, немагчыма ад іх адмаўляцца – гэта будзе ўспрынята ўсімі, ад тваіх выбаршчыкаў да канкурэнтаў, як палітычная параза.

На іншых этапах развіцця крызісу ў Беларусі – прэзентацыі Канстытуцыі ад Лукашэнкі і  рэферэндуму па ёй, размоў пра выбарчы кодэкс, падрыхтоўкі да выбараў – можа пачынацца дыялог, гандаль, як заўгодна. Але на сёння няма разумення, што адбываецца ў Беларусі, і няма адпаведнай рэакцыі.

– То-бок, вы лічыце, што адныя толькі санкцыі не працавалі і не спрацуюць далей?

– Санкцыі будуць мець уплыў пры ўмове іх рэальнага дзеяння. Не заб’юць эканоміку цалкам, але зробяць балюча – так, у гэтым сэнсе яны працаваць будуць. З пункту гледжання сыходу Лукашэнкі з-за санкцыйнага ціску – давайце ўзгадаем папярэднія гады, калі было менш знешнепалітычных альтэрнатываў ( Кітая, Турэччыны, не было перспектывы таго, што Іран выйдзе з-пад санкцый) – нават тады санкцыі не спрацоўвалі.

Плюс, калі мы гаворым пра еўрапейскія санкцыі, хачу звярнуцца да ўсіх зацікаўленых, чытачоў, журналістаў, аналітыкаў. Паспрабуйце назваць сабе хаця б адзін выпадак за апошнія 20 год, калі санкцыі менавіта Еўрапейскага саюза прывялі б да палітычнай трансфармацыі хаця б у якой-небудь дзяржаве свету?

Без іншых механізмаў ціску, без працэсаў, якія ідуць унутры Беларусі, санкцыі проста не дазволяць зарабіць лішнія пару соцень мільёнаў даляраў, вось і ўсё.

– І якія, з вашага пункту гледжання, могуць быць іншыя механізмы ціску, якія спрацавалі б не на зацягванне, а на вырашэнне крызісу?

– Я не бачу, якім чынам у цяперашняй сітуацыі гэта можна было б ініцыяваць з боку РФ. З Еўропы пакуль ідзе адзіны варыянт – згода, каб Расія разабралася, але ёсць дзяржавы, з гэтым не згодныя. Расія рэалізуе ўласныя планы, у якія не ўваходзіць дэмакратыя ў Беларусі, і разбірацца не спяшаецца.

Такія крызісы вырашаюцца, па-першае, альбо кантактамі з элітамі (калі ёсць дыктатар, то з ягоным атачэннем) – публічнымі, непублічнымі, як заўгодна. Па-другое, з іншымі сіламі, якія ўплываюць на сітуацыю ў Беларусі. Скажам, ёсць фактар Азербайджана, Турэччыны, з якімі Беларусь зараз моцна завязваецца.

Ці можам мы прыгадаць за час беларускага крызісу хоць адно паведамленне, што які-небудзь еўрапейскі палітык пагаварыў з Эрдаганам на прадмет уплыву на беларускія падзеі? Тое ж самае з Кітаем. Альбо з Іранам – зараз з яго будуць здымацца санкцыі, а ў Беларусі традыцыйна досыць вялікія віды на іранскую эканоміку, і гэта рэальна можа дапамагчы атачэнню Лукашэнкі. Пакуль не пачнуцца перамовы з трэцімі краінамі – зараз такіх і блізка не вядзецца – выніку не будзе.

І гэта калі не казаць пра еўрапейскую палітыку – моманты, звязаныя з лабізмам. Звярніце ўвагу нават на сектаральныя санкцыі, якія тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў: ЕС не збіраецца прымаць рэзкія рашэнні, якія б сталі шокам хаця б для некаторых іхніх кампаній.

Ніводнага разу не ўвайшоў – і далей не ўвойдзе – у санкцыйныя пакеты Дэпартамент выканання пакаранняў, які экспартуе пад выглядам брэндаў мэблю, трыкатаж, некаторыя выпадкі вопраткі. Натуральна, калі працоўная сіла вязняў амаль дармавая, то прапанова на рынку пры добрай якасці выглядае фантастычна танна. Я размаўляю на гэты конт з еўрапейскімі чыноўнікамі, з кім маю кантакт, пачынаючы з першага пакету санкцый, згадваю пра ДИН – але, як у вядомай песні, «а в ответ тишина»…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(16)