Тышкевіч: «Адзін мой сусед выйшаў папаліць — яго застрэлілі, другі выносіў смецце — яго застрэлілі»

Беларускі аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч нядаўна змог выехаць з пасёлку Ворзеля, які знаходзіцца каля Ірпеня. У пасёлак ўвайшлі расейскія акупанты.

— У Беларусі распаўсюджана тэза ў афіцыйных каналах, якую яны паўтараюць за расейцамі, што тыя не ваююць з мірным насельніцтвам. Я прывяду прыклад майго жытлавога комплексу, — дзеліцца Ігар асабістымі жудаснымі назіраннямі. — На момант увахода расейцаў на тэрыторыю нашага комплексу ў сваіх кватэрах засталіся каля 40 чалавек. Чатырох яны забілі. Ні адзін з іх не быў ахвярай выпадковага стрэлу або выпадковага выбуху. Усе былі застрэленыя.

Адзін выйшаў папаліць — яго застрэлілі. Адзін выносіў смецце — яго застрэлілі. Адзін сядзеў дома, акупанты ехалі і палічылі, што ў вокнах ёсць нейкі рух, і проста растралялі вокны. Аднаго пасля вывелі з падвала і растралялі.

Вось так — чатыры чалавекі, дзесяць адсоткаў. Калі гэта так званая дэнацыфікацыя, то чым яна адрозніваецца ад нацызма, які дэманстравала гітлераўская Нямеччына?

Вось што Ігар расказвае на сваім канале пра асабістае сутыкненне з расейцамі, якія правяралі жыхароў яго дома, а таксама заставаліся начаваць у іх і суседніх дамах.

— З тых, хто к нам заходзіў, чачэнцаў не было. Хутчэй, гэта выхадцы з еўрапейскай часткі Расеі. Па стане — розныя. Першыя, якія ўварваліся, гэта рэальна тыя, у каго прапаганда з усіх вушэй. Мяне вырашылі не расстрэльваць, маўляў, што я, беларус, доўга жыву ў гэтым пекле, маючы на ўвазе Украіну.

Я ім адказаў на гэта: хлопцы, да таго, як вы прыехалі, гэты рэгіён мала быў падобны на пекла. У выніку ледзь не нарваўся…

Калі гэтыя сышлі, потым прыходзіў нейкі кіроўца БМП або БТР, увесь цёмны, спачатку я думаў, што гэта негр. Аказалася, што гэта сажа і яны толькі выйшлі з-пад абстрэлу.

Потым яны пакідалі сваю тэхніку і прыходзілі начаваць да жыхароў, кожны раз выбіраючы новую кватэру. Таму што яны марадзёрылі, прычым капітальна. Не грэбавалі нават жаночымі рэчамі. Тэхніку, якую не маглі панесці, разбівалі. Здзекаваліся над людзьмі.

Што цешыла? Пасля першай начоўкі з'язджалі восем машын — вярнуліся ўжо пяць. На наступную ноч вярнулася чатыры, — расказаў Ігар.

Асабіста да яго ў кватэру начаваць акупанты не прыходзілі, верагодна, з-за жывёл, лічыць беларус. У яго тры ката. Разам з імі Ігар змог уратавацца, з’ехаўшы з суседам на цалкам прастрэленай машыне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(53)