Тышкевіч: «Аб’яднанне — гэта пакуль што не крок да перамогі»

Аналітык — пра вынікі віленскай канферэнцыі «Новая Беларусь».

Ігар Тышкевіч

— Ёсць некалькі рэчаў, якія вярнулі долю аптымізму, — кажа Ігар Тышкевіч у інтэрв’ю. — Першае — хаця б частка груп пачала размаўляць паміж сабой. Па-другое, прагучалі словы пра кадравы рэзерв.

Бо ў 2023 годзе будуць мясцовыя выбары: каб ведаць сітуацыю ў канкрэтным раёне ці регіёне — трэба мінімум тры чалавекі. Тое, што пачалі гаварыць пра патрэбнасць кадраў — гэта вельмі добра. Трэцяе — абмяркоўвалася пытанне з’яўлення суб’екта.

Таксама было пытанне перафармавання КС — гэта спроба перайсці з незразумела як узнікшым чалавекам у кабінеце або ва ўпраўленні на празрыстую сістэму фармавання. Гэта пазітыў, але гэта не азначае перамогі.

Што да негатыўных уражанняў, то аналітык зважае на панэль, прысвечаную эканамічнай скіраванасці.

 — Гэта быў сорам. Прадстаўнік офісу казаў, што Беларусь не мае тэхналогій і гэтак далей. Але я ведаю не меньш чым за 40 кампаній, якія маюць патэнты. Гэта тое, што сярод іншага трымае і беларускую фундаментальную навуку. Тое, куда людзі ідуць пасля фізфаку, радыёфізікі.

Я разумею, што айці — гэта прарыўная галіна. Але не можа эканоміка быць пабудаваная на адным айці. Такая эканоміка можа быць у краіне з насельніцтвам 2-3 мільёны чалавек.

Трэба ўяўляць, што мы будзем будаваць. Іначай трымаецца саўковае: «Капаем адсюль і да абеда».

У Беларусі ёсць моцныя аналітычныя цэнтры па эканоміцы, якім можа пазайздросціць, напрыклад, Украіна, нягледзячы на ​​тое, што там гэта таксама развіваецца. Беларускія даследчыкі сапраўды моцныя. Тое, што яны незапатрабаваныя, — ну, бо гэта не мейнстрым, гэта «нецікава».

Таксама Тышкевіч лічыць, што аб’яднанне — гэта пакуль што не крок да перамогі.

— Трэба паглядзець, як гэта ўсё будзе працаваць. Гэта будзе бачна праз 4-6 месяцаў. Ключавыя пытанні пакуль што не знятыя.

Гэта пэўная ступень недаверу да офісу Ціханоўскай і недавер офіса да іншых групаў. Да гэтага датычыцца і пытанне фінансавай сістэмы: аўдыт анансаваны, але ён пакуль што толькі анансаваны.

У пачатку канферэнцыі гаварылася: «Мы, беларусы, дасягнулі чагосьці вялікага». Добра, але дзе праца над памылкамі? Я разумею, што трэба людзей падбадзёрыць. Але калі казаць, што наша дасягненне — гэта тое, што частка арганізацый аднавіла сваю працу…

Давайце глядзець на структуру няўрадавых арганізацый. Так, ёсць рэпрэсіі, частка з арганізацый знікла, частка аднавіла дзейнасць за мяжой. Стала горш ці лепш? Тое ж самае з аднаўленнем дзейнасці незалежнай прэсы. Распавядзіце, колькі было, колькі стала: стала горш ці лепш?

Усе спісваць на рэпрэсіі — не зусім добра. Гэта важны фактар, але калі ты палітык, то мусіш планаваць сваю дзейнасць з разліку, што будуць рэпрэсіі. З аднагу боку — беларускія ўлады, з другога — а дзе контрдзейнасць?

Прызнаць крызіс — гэта таксама аналіз, гэта таксама да поспехаў. Быў зроблены крок у бок ад катастрофы, але крок у бок ад выхаду з крызісу — пакуль яшчэ не.

Выказаў сваё меркаванне аналітык і з нагоды прызначэння Валерыя Сахашчыка на пасаду адказнага за абарону і нацбяспеку. Тышкевіч адзначае, што гэтае прызначэнне не было для яго нечаканым, бо прозвішча Сахашчыка гучала апошнія месяцы.

 — Такі чалавек быў патрэбен. Узнікала пытанне і ў партнёраў, і ў саміх беларускіх арганізацыях: як каардынаваць дзейнасць беларускіх арганізацый, якія працуюць у сілавым накірунку?

Гэта і тыя, хто ваюе ці збіраецца ваяваць за Украіну, і арганізацыі кшалту B*POL і «К*берпартызаны». Быў патрэбен чалавек, якога ўспрымаюць у тым ліку тыя, хто служыць у Беларусі. Сахашчык у сваёй працы нешта давёў, пасля ў яго быў досвед бізнесу — гэта важна. Пытанне ў тым, якія будуць практычныя крокі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(6)