Турарбекава: Можа быць дасягнутае пэўнае кампраміснае рашэнне, тады Лукашэнка паедзе на перамовы «ў чамадане», у складзе расійскай дэлегацыі

Гісторык і палітолаг — пра тое, ці наладзяць беларускія ўлады стасункі з адміністрацыяй ЗША, і якія шансы на гэта ў дэмакратычных сіл.

Дзярждэп ЗША ў чарговы раз нагадаў амерыканцам пра неабходнасці «неадкладна пакінуць Беларусь». На думку гісторыка і палітолага Розы Турарбекавай, гэта не фармальная рэкамендацыя, а адказ на ўзмоцненую шпіёнаманію і перадвыбарчую хвалю рэпрэсій з боку беларускіх уладаў.

Прапагандысты ж угледзелі ў гэтым папярэджанні прыкметы таго, што Амерыка «рыхтуе пераварот» у Беларусі.

— Гэта дакладна калька з таго, што рабіла Расія ў Данецку і Луганску, тое, як яны сабе ўяўляюць «пераварот», — зазначыла Роза Турарбекава на Еўрарадыё. — Дзярждэп падобнымі сцэнарамі не кіруецца, для іх гэта дзікасць і валюнтарызм.

Роза Турарбекава

А як насамрэч амерыканскія палітыкі глядзяць сёння на беларускае пытанне? На думку эксперткі, для іх падзеі ў Беларусі і Украіне паказалі, што ранейшыя ацэнкі сітуацыі былі памылковымі, і што калі не спыніць Расію — тая насамрэч будзе пагрозай для Еўропы і для НАТО. Таму стратэгічны дыялог паміж беларускімі дэмсіламі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці  і адміністрацыяй ЗША яна лічыць вельмі важным:

— Такі дыялог з іншымі краінамі ўсталёўваецца, як правіла, калі гэтым краінам доўгі час не надавалася належнай увагі, і звычайна вядзецца з урадам, які кантралюе тэрыторыю краіны. Беларускія дэмсілы — гэта першы гістарычны прыклад таго, што стратэгічны дыялог як форма стасункаў усталяваны не з дзяржавай і рэжымам.

Адна з цэнтральных тэм гэтага дыялогу, акрамя палітзняволеных — тэма ідэнтычнасці. ЗША ўбачылі ў гэтым важны стратэгічны элемент. Таму яны будуць падтрымліваць нацыянальныя медыя, як  я разумею, і частку культурніцкіх праектаў, і гэтак далей. І ўсё гэта яны робяць паслядоўна, нават пры змене адміністрацыі.

З гэтай прычыны, гаворыць Роза Турарбекава, перад беларускімі дэмакратычнымі сіламі стаіць задача «знайсці дарогу да сэрца Трампа» — пракласці шлях не проста ў ягоную адміністрацыю, а менавіта да тых дарадцаў, да каго ён прыслухоўваецца.

Уласна, тое самае з усіх сіл спрабуе зрабіць афіцыйны Мінск — але сваім «сяброўствам» з Кітаем рэжым Лукашэнкі, мяркуе экспертка, выклікае хутчэй раздражненне і варожасць адміністрацыі Трампа, чым наладзіць з ім добрыя стасункі.

— Я думаю, наконт Беларусі будзе сказана паўсказа. Якое дачыненне маеце да Кітая? А, стратэгічныя саюзнікі. Ну, то мы не прызнавалі вас, і прызнаваць не будзем. І гэтая ўяўная размова цалкам блізкая да таго, што можа адбыцца. Бо кітайскі фактар у знешняй палітыцы ЗША будзе мець важнае значэнне ў негатыўным сэнсе, — разважае Турарбекава.

Украінскі фактар, я ў гэтым перакананая, для Трампа вельмі важны — ён будзе сустракацца з Зяленскім далёка не адзін раз, пра Украіну будуць пастаянна нагадваць. А вось месца Беларусі ў <міжнароднай> табліцы будзе складацца з некалькіх крытэрыяў, і нумар адзін — стасункі з Кітаем.

Ці атрымаецца ў беларускага рэжыму выбіць сабе месца за сталом мірных перамоў па Украіне? У гэтым Роза Турарбекава моцна сумняецца:

— Такі капітал, як давер, у палітыцы вельмі важны. А яго Лукашэнка пазбавіўся ўшчэнт. Яму трэба выбіраць: альбо ён кантралюе тэрыторыю Беларусі, і значыць, гэта з ягонага дазволу адбываўся напад на Украіну, альбо з гледзішча ваеннай бяспекі нічога не кантралюе — тады навошта яго клікаць на перамовы?

Ды і навошта ён там Пуціну, ёсць пытанні. Калі кіравацца той логікай, якую меў Сталін пры стварэнні ААН, каб БССР і УССР давалі Савецкаму Саюзу дадатковыя галасы (але рэальнай самастойнасцю рэспублікі не валодалі і голасу як такога не мелі) — то можа быць. Магчыма таксама, што Лукашэнка мог бы агучваць тое, што не можа казаць Пуцін, гэткі дадатковы канал сувязі. Але ж гэтага недастаткова, каб ён трапіў на перамовы.

Пытанне ў тым, ці пагодзяцца Злучаныя Штаты, Еўрапейскі саюз, а галоўнае Украіна, на прысутнасць Лукашэнкі ў якасці самастойнай дэлегацыі. Адказ: не. Але можа быць дасягнутае пэўнае кампраміснае рашэнне, тады Лукашэнка паедзе «ў чамадане», у складзе расійскай дэлегацыі — калі таго захоча Расія. Але пакуль уявіць іх матывацыю я не магу, і мяркую, што на сёння імавернасць прысутнасці Лукашэнкі на такіх перамовах не вельмі высокая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)