Топ выбітных беларускіх артыстаў, якіх пачулі сёлета па ўсім свеце
Музычная журналістка і арт-менеджарка Алена Варанец падчас падвядзення вынікаў 2024 года у Беларускай радзе культуры назвала самыя яркія, на яе думку, падзеі і артыстаў у беларускай музыцы.
— Выбітныя альбомы гэтага года выдали гурты Intelligency і Zui. Таксама варта адзначыць міні-альбом «Мутнага вока», дэбютнік Parus. І cапраўды файная падзея — першы беларускамоўны альбом «Пятлі прыхільнасці», які стаў важнай падзеяй не толькі для музыкі, але і для беларусізацыі, таму што слухачы «Пятлі Прыхільнасці» прынялі гэты рэліз з цеплынёй, — гаворыць Алена Варанец.
Таксама яна раіць слухачам звярнуць увагу на альбомы гуртоў «Молчат дома» і Nurnberg — беларускі пост-панк не проста стабільна паказвае высокі ўзровень, але сёлета абодва гурты мелі і паспяховыя еўрапейскія туры з аншлагамі.
Таксама гэтыя беларускія калектывы даехалі да Кітая і адыгралі там вялікія канцэрты (што для неазіяцкіх гуртоў — сапраўдны цуд), а Nurnberg прагучаў яшчэ і ў Лацінскай Амерыцы і давёз туды беларускую мову.
— З тэндэнцый года адна больш прыемная — гэта тое, што наклёўваюцца пэўныя калабарацыі беларускіх музыкаў з замежнікамі. І верагодна, калі б не сітуацыя з эміграцыяй, мы б не дайшлі да гэтага ў прынцыпе, але гэтыя абставіны падштурхоўваюць беларускіх выканаўцаў выходзіць на больш шырокую аўдыторыю, ладзіць сумесныя канцэрты з тымі музыкамі, якія працуюць у іх гарадах. Такога пакуль не супершмат, але выглядае, што будзе рабіцца больш, — зазначае арт-менеджарка.
— З менш прыемных тэндэнцый — хаатычнасць музычнага руху. У адрозненне ад іншых сфер, беларуская музыка не мае профільнай арганізацыі і наогул мае вобмаль аб’яднаўчых ініцыятыў. Фактычна беларускія выканаўцы робяць толькі тое, што могуць і лічаць правільным — канцэрты і рэлізы, і на гэтым усё. Магчыма, у наступным годзе гэтая сіутацыя зменіцца.
Нарэшце, самае непрыемнае — сітуацыя ўнутры Беларусі, дзе з’яўляецца ўсё больш абмежаванняў для таго, каб правесці канцэрты. Рэестр арганізатарў, якія маюць права праводзіць канцэртаў, вельмі сціслы.
Вялікія ўстановы і фестывалі змаглі знайсці нейкі кантакт з дзяржаўнымі ўстановамі (звычайна іх «бралі пад крыло» філармоніі), але ў апошнія месяцы ўсё становіцца горш і горш. Заяўкі на гастрольнае пасведчанне разглядаюць супердоўга ці наогул не адказваюць, альбо спачатку даюць дазвол — а потым яго забіраюць.
Не хочацца, каб гэта выглядала зусім як выпаленае поле — і гэта так не ёсць. Людзі ідуць на пэўныя рызыкі, каб усё ж такі нешта зладзіць, шукаюць шляхі — аднак тое складана.
У процівагу, у Беларусі адбываецца цяпер шмат расейска-арыентаваных канцэртаў і фестываляў. Напрыклад, на Viva Braslaw сёлета гралі такія артысты, як Клава Кока, МакSим, Kristina Si, а на рок-фестывалю «Сонцастаянне» ў Пружанах гралі Кіпелаў, Бабунец, Самойлаў — і фэст сабраў каля 20 тысяч чалавек. Для параўнання: на кватэрніку незалежнага беларускага выканаўца ў Менску прысутнічала 15 чалавек.
І ўсё ж пазітыву ў беларускім музычным руху таксама хапае, падкрэслівае Алена Варанец. На яе думку, топ-3 падзей года выглядаюць наступным чынам:
— «Пятля Прыхільнасці», іх сёмы паўнафарматны і першы беларускамоўны альбом «Суперпазіцыя», пасля якога нават расейскім прыхільнікам давялося прызнаць: беларуская мова — не руская і не ейны дыялект;
— «Молчат дома», іх сусветныя поспехі і, як працяг, рэкордная колькасць спрэчак пра беларускую музыку ў інфармацыйным полі (заўважым, студзень-люты 2025 года таксама ўжо распісаныя для беларускага гурта гастролямі па ЗША);
— гурт «Ралля» — дзявочы фолк-дуэт, які з’явіўся ў Мінску і зацікавіў сваёй творчасцю нават тых, хто не любіць фолк.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное