Комментарии
Віталь Сіліцкі, ”Наша нiва”

Танцы з ваўкамі

«Маніфэст» Сініцына і Парфяновіча ня быў бы тэмай, вартай абмеркаваньня, калі б не даволі дзіўная рэакцыя на яго публікацыю. Калі я ў першы раз прачытаў гэты дакумэнт, то адразу пракамэнтаваў на форуме nn.by, што цяпер у беларускай апазыцыі знойдзецца занятак на год наперад — мачыць Сініцына. На шчасьце, хоць у нечым выпала прыемна памыліцца што да апазыцыі.

Выбрык дзьвюх асобаў лёгкіх палітычных паводзінаў праігнаравалі амаль усе (за выключэньнем, вядома ж, блогераў). Праведны гнеў толькі прыцягваў бы ўвагу, па трапным азначэньні блогера Фядуты, да «трызьненьня сівеючых палітычных мэрынаў».

Сапраўды, маніфэст у падтрымку анэксіі быў напісаны так, што імкненьне ягоных аўтараў знайсьці спонсара літаральна праступала праз радкі, а тон быў такі, што рабілася відавочным: гэтыя асобы ў сваіх пошуках ўжо гатовыя зьбіць цэны ўтрыманьня да «вакзальнага» ўзроўню. Любое абмеркаваньне ўздымала б аўтараў маніфэсту да ўзроўню гатэлю «Юбілейны».

Зь вераю ў цуды

Аднак «маніфэст» нечакана выклікаў нэрвовую рэакцыю зь іншага боку — з той часткі беларускага грамадзтва, якая дагэтуль не пазбылася надзеяў, што збаўленьне Беларусі ад Лукашэнкі прыйдзе з Расеі.

Некаторыя, як Сяргей Скрабец на сайце nmnby.org, хуценька адхрысьціліся ад колішніх палітычных паплечнікаў. Маніфэст занадта складна клаўся ў адзін «крэатыўны шэраг» з акцыяй 2 красавіка, арганізаванай ім і Фраловым. Асацыяцыя паміж аўтарамі самага недарэчнага палітычнага дакумэнту і самай правальнай палітычнай акцыі ў гісторыі незалежнай Беларусі напрошвалася па азначэньні.

Іншыя, як Сьвятлана Калінкіна на сайце «Беларускі партызан», пайшлі ў контратаку і пачалі намякаць, што маніфэст — гэта хіба што правакацыя лукашэнкаўскіх спэцслужбаў. Яго мэта — схіліць эўрапейскіх палітыкаў да «дыялёгу» паміж лукашэнкаўскім рэжымам і Эўрасаюзам.

Растлумачыць такую нэрвовую рэакцыю лёгка. Сваёй махровай антыбеларускасьцю і відавочным глупствам «маніфэст» стварыў дрэнны інфармацыйны фон іншым, больш лагодным і завуаляваным палітычным праектам (ці, больш дакладна, праектам палітычнах праектаў), што паходзяць амаль з таго ж асяродку і маюць тую ж ідэалёгію. Такую выснову можна зрабіць з таго, што мішэньню контратакі стала «тытульная» апазыцыя і ідэя дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі, і яшчэ больш канкрэтна — Мілінкевіч і яго вядомы зварот да кіраўніка дзяржавы ад 8 лютага.

Дыялёг за сьпінаю

Другая падстава для такой высновы — тое, што ў якасьці альтэрнатывы дыялёгу паміж ЭС і лукашыстамі чамусьці прасоўваецца таксама дыялёг, але... паміж ЭС і Расеяй. Ідэя пра тое, што ў Беларусі нешта зьменіцца толькі тады, калі яна стане «зонай пладатворнага супрацоўніцтва паміж Расеяй і ЭС» пачала даволі актыўна агучвацца. Узгадаем ліст, падпісаны Міхалам Марынічам і іншымі.

У сканструяванай такім чынам дылеме (альбо «дрэнны» дыялёг паміж ЭС і Лукашэнкам, які вядзе да «ўсёдараваньня рэжыму», альбо «добры» дыялёг паміж ЭС і Расеяй, які мусіць прывесьці да станоўчых зьменаў) ёсьць толькі адзін пераменны фактар — альбо Лукашэнка, альбо Расея. Такім чынам, канструюецца простая ўмова — калі не Расея, тады Лукашэнка. Аднак гэтая формула — усяго толькі павернутая наадварот лукашэнкаўская страшылка, якую ён выкарыстоўваў падчас нафтагазавай вайны з Расеяй як на ўнутраным, так і на зьнешнім франтах!

Калі на ўласным палітычным полі поўнае зацішша, калі апазіцыйныя палітычныя гульцы не праяўляюць аніякай волі да рэальнага змаганьня за ўладу, калі яны ня ў стане генэраваць зьмястоўных палітычных праектаў, то пераарыентацыя ўвагі і надзеяў на зьнешніх гульцоў цалкам лягічная. Але гэтая лёгіка працэсу не абвяргае канцэптуальную нелягічнасьць некаторых спадзяваньняў і памкненьняў. Альтэрнатыва дохламу, нерэальнаму праекту можа быць ня толькі дохлай і нерэальнай, але й небясьпечнай.

Агітаваць супраць дыялёгу з уладамі ў тым выглядзе, у якім ён прасоўваецца Рэнэ ван дэр Ліндэнам і Утай Цапф, мяне не трэба. Такі «дыялёг» нагадвае хіба памкненьні аднаго з бакоў, які толькі што ўдзельнічаў ва ўсім вядомым фізіялягічным акце ў сужэнскім ложку, схіліць іншы бок да таго, каб пагутарыць, у той час, калі ён адварочваецца і ўжо храпіць.

Дыялёг — гэта прывілей моцнага. Толькі тады ён будзе пачуты і толькі тады яго аргумэнты будуць мець сілу. Праблема прапанаванай стратэгіі Аб’яднаных дэмсілаў менавіта ў тым, што яны ў ёй выглядаюць менавіта як менавіта той самы ўдзельнік толькі што скончанага акту, які ў роспачы назірае за сыходзячым у сьпячку партнёрам.

Беспэрспэктыўны, але патрэбны

Тут, аднак, неабходна важная заўвага. Нягледзячы на тое, што дыялёг як каротка— і нават сярэднетэрміновая стратэгія беспэрспэктыўная, апазыцыя проста ня мае права адмаўляць такой магчымасьці ў прынцыпе, ня можа ня мець пляну і стратэгіі перамоваў на той выпадак, калі для яго высьпеюць умовы. Вопыт пераходу да дэмакратыі ў посткамуністычных краінах як падчас першай хвалі дэмакратызацыі ў рэгіёне (1989—1991 гады) так і падчас апошніх каляровых рэвалюцыяў паказвае, што без тактычнага альянсу з часткай прадстаўнікоў старога рэжыму апазыцыі ўзяць уладу ў свае рукі не ўдавалася амаль ніколі.

Больш за тое, рэжымы, загнаныя ў кут, для якіх адсечаныя магчымасьці для мірнай трансфармацыі, могуць існаваць у замарожаным стане дзесяцігодзьдзі, і нават калі наступае момант іх крызісу, гэтыя працэсу суправаджаюцца такімі сацыяльнымі ператрусамі, што сьвядома запраграмоўваць сваю краіну на такі шлях можа толькі той, хто яе вельмі моцна ня любіць. За «чаўшызацыю» ці «кастрызацыю» Беларусі мы дакладна заплацім ня толькі дзесяцігодзьдзямі аўтаркіі, але і жыцьцямі соцень юнакоў, якія ўрэшце кінуцца на шыхты службаў бясьпекі.

Калідоры выхаду

«Калідор выхаду» з гэтага стану ня мусіць быць завалены. Так, доступ да гэтага калідору мусіць быць старанна кантраляваны, але тая частка рэжыму, якая хоча ці захоча зьменаў, заўжды мусіць ведаць, што ў яе ёсьць іншы шлях, і, галоўнае, ведаць, што трэба рабіць, каб на гэты шлях стаць.

Такім чынам, прапанова дыялёгу мусіць быць ня лямантам пакрыўджанага боку, а выклікам адказнай палітычнай сілы, гульнёй на апярэджаньне і на ўзмацненьне супярэчнасьцяў унутры сыстэмы пры магчымым яе аслабленьні. Такая прапанова, калі яна адмыслова агучана — гэта ня акт капітуляцыі перад уладай, а выклік ёй.

Кінуць такі выклік уладзе мог Аляксандар Мілінкевіч падчас зімовага нафтагазавага канфлікту з Расеяй. Прычыны і прырода гэтага канфлікту сталі прадметам дыскусіяў унутры незалежнага грамадзтва. Адны бачылі ў ім штуршок да аслабленьня і трансфармацыі лукашэнкаўскага рэжыму, іншыя — спробу Масквы прымусіць беларускія ўлады да здачы сувэрэнітэту.

Праўда, насамрэч, была дзесьці пасярэдзіне. Відавочна, аднак, што палітычная падаплёка канфлікту была мінімальнай. Насуперак фантазіям беларускіх русафілаў, Пуцін ніяк не зьбіраўся «помсьціць Лукашэнку за трэці тэрмін». Зь іншага боку, можна ў чымсьці пагадзіцца з тымі, хто бачыў у гэтым канфлікце ня толькі яго непазьбежнасьць (датацыі рана ці позна мусілі скончыцца), але і пэўны станоўчы момант (непазьбежнасьць перагляду існуючай палітыка-эканамічнай мадэлі).

Сам рост цэнаў безумоўна ня нёс бы пагрозы незалежнасьці, калі б беларуская эліта была здольнай адказаць на новыя выклікі з пазыцыі нацыянальных інтарэсаў. Аднак, з аднаго боку, мы пабачылі як прафанацыю «абароны незалежнасьці» з боку ўлады, так і даволі дзіўную пазыцыю беларускай контрэліты. Яна часткова праігнаравала падзею. аддаўшы перавагу ўнутрыпалітычным разборкам. А часткова заняла пазіцыю заўзятара, смакуючы бойку і спадзеючыся, што хтосьці збоку нарэшце «ўрэжа» па ненавісным Лукашэнку.

Апазыцыя ня здолела выступіць як адказная сіла, здольная адказаць на вызначальнае нацыянальнае пытаньне — якім чынам абараніць нацыянальныя інтарэсы і гарантаваць энэргетычную бясьпеку краіны. У гэтых умовах Лукашэнка натуральна атрымаў усе магчымасьці зацьвердзіць свой імідж бацькі і выратавальніка нацыі, чым ён бліскуча і скарыстаўся.

Бяда і няўдача Мілінкевіча

Мілінкевіч быў адзіным, хто прынамсі паспрабаваў выйсьці за рамкі традыцыйнага стылю паводзінаў апазыцыі. Ягоны ліст да Лукашэнкі, што б ні пісалі крытыкі, ня быў ані прапановай калабарацыі, ані просьбай «падзяліцца ўладай” (гл. палеміку Пётры Рудкоўскага з Аляксандрам Адамянцам).

Мілінкевіч не адступіў ад прынцыповых пазіцый, зазначыў, што дыялёг улады з Захадам магчымы толькі пры зьмене палітычнай сыстэмы знутры краіны, і папярэдзіў, што менавіта гэтыя зьмены неабходныя дзеля захаваньня эканамічнай бясьпекі краіны. Ліст быў ня столькі пасланьнем Лукашэнку, колькі кіруючай эліце, якая ўсё больш схіляецца да незалежнасьці Беларусі, хай і па сваіх уласных прычынах. Мілінкевіч падаў сыгнал, што ён, а зь ім і тая частка незалежнага грамадзтва, якая на яго арыентуецца, устрымаецца ад такіх прыёмаў ва ўнутрапалітычнай барацьбе, якія могуць паставіць незалежнасьць краіны (а разам зь ёй — інтарэсы пэўных элітных колаў) пад пагрозу.

Бяда і няўдача Мілінкевіча ў тым, што ён не зрабіў наступнага лягічнага кроку. Пасьля выразна выказанай Лукашэнкам адмовы ў дыялёгу для яго стваралася магчымасьць інтэрпрэтаваць гэтую адмову як доказ няшчырасьці афіцыйнай незалежніцкай рыторыкі і пазыцыянаваць сябе і дэмакратычныя сілы як адзінага сапраўднага абаронцу беларускіх інтарэсаў. На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што гэта далёка не адзіны выпадак, калі былы лідэр дэмакратычных сілаў праявіў непасьлядоўнасьць — чаму, уласна кажучы, і прыходзіцца казаць пра яго як пра лідэра ў прошлым часе.

Тактыка ўстрыманьня

Аднак цкаваньне Мілінкевіча было распачатае не за яго згодніцтва з рэжымам (якога не было), а акурат за гэтую заяву аб самаўстрыманьні ад дзеяньняў, якія могуць пашкодзіць сувэрэнітэту Беларусі. Частка апазыцыі і незалежнага грамадзтва падчас зімовых падзеяў усур’ёз разлічвала, што за эканамічным ціскам на Лукашэнку з боку Расеі пойдуць пэўныя палітычныя праекты, у якія можна было б упісацца.

Дапускаю, што тыя, хто спадзяваўся на такія праекты, шчыра вераць, нібы перамагчы Лукашэнку можна толькі такім чынам. Адпаведна, атака на Мілінкевіча была выкліканая тым, што ягоная заява і пастава выключалі нават гіпатэтычны ўдзел незалежнага грамадзтва ў падобных праектах. Што зьвяло шанцы на іх ажыцьцяўленьне (ці нават распачынаньне) да нуля. Мітынг Скрабца і Фралова 2 красавіка таму сьведчаньне.

Маляваць Лукашэнку абаронцам беларускай незалежнасьці — гэта значыць ствараць дадатковую легітымнасьць рэжыму, але і ставіць пад пагрозу саму незалежнасьць. Маючы такія ілюзіі, грамадзтва рызыкуе праспаць здачу краіны.

У адносінах да Лукашэнкі тут усё верна. Аднак ці выцякае з таго, што Лукашэнка — гэта галоўная пагроза незалежнасьці, тое, што гэткай пагрозы з боку Расеі няма? Сардэчныя захворваньні — галоўная прычына сьмерці, але гэта ня значыць, што на хваробы пячонак можна «забіць». Калі Лукашэнка ўсё ж здасьць незалежнасьць, то здасьць ён яе не Вэнэсуэле і не Ірану.

Што трэба Маскве

Лукашэнка ператварыўся ў галоўную пагрозу незалежнасьці акурат таму, што іншыя за апошнія дзесяць год удалося зьмінімізаваць. Такая пагроза цяпер не сыходзіць ані з боку беларускага грамадзтва (дзе памкненьні да аб’яднання значна паменшыліся), ані з боку ўладных элітаў (гэты сэгмэнт грамадзтва наагул найбольш настроены супраць інтэграцыі). Гэтаму паспрыяла таксама выхаваньне інстынкту самазахаваньня ў беларускіх контрэлітаў і як вынік — адсутнасьць «прарасейскай эліты» ў тым сэнсе, у якім гэта разумеюць у Маскве. Ствараць, нават з самых добрых памкненьняў, поле для рэалізацыі прарасейскіх палітычных праектаў — значыць ствараць легітымнае поле для фактычнай (калі не юрыдычнай) страты незалежнасьці, не атрымоўваючы ўзамен ніякіх шанцаў на станоўчыя палітычныя зьмены ўнутры Беларусі.

Мэты Крамля ў зімовым канфлікце былі відавочнымі. У сваім пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Пуцін падкрэсьліў, што пытаньне аб’яднаньня зь Беларусьсю застаецца адкрытым («Расея гатовая пайсьці ў інтэграцыі настолькі далёка, наколькі гатовая Беларусь».)

Прынятая яшчэ ў 2000 годзе замежнапалітычная дактрына Расеі дакладна і недвухсэнсоўна вызначае, што мэта замежнай палітыкі Расеі — недапушчэньне заходніх структураў і інстытутаў на постсавецкую прастору. Простая размова зь любым сур’ёзным расейскім аналітыкам дакладна акрэсьліць прыярытэты расейскай палітыкі што да Беларусі — гэта як мінімум абмежаваньне яе сувэрэнітэту (блякаваньне магчымасьці яе палітычнай і эканамічнай інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць) і захоп кантролю над крытычнай нафтагазавай і транзытнай інфраструктурай.

Аб такіх рэчах, як дэмакратызацыя ці правы чалавека, гаворкі проста не ідзе. Цешыць сябе надзеяй, што прасоўваньне эканамічнага і палітычнага кантролю Расеі над Беларусьсю прывядзе да дэмакратызацыі і лібэралізацыі нашай краіны, да вызваленьня палітвязьняў ці асуджэньня забойцаў Ганчара — значыць уводзіць сябе і іншых у зман.

І ў Расею, і ў Эўропу?

Пуцінская Расея сама па ўсіх паказчыках рэпрэсіўнасьці наблізілася да Беларусі. Моцны аўтарытарны рэжым цудоўна можа суіснаваць з алігархічным капіталізмам, пабудаваным на ўзаемасувязі кантролю сілавікоў над уладай і ўласнасьцю. Ніякага іншага капіталізму сюды Расея экспартаваць ня можа — іншага ў яе самой няма.

Нягледзячы на зьнешнюю прывабнасьць ідэі «расейска-эўрапейскага праекту для Беларусі», на яе фотагенічнасьць для шараговага беларускага абывацеля (большасьць якіх дагэтуль упэўненыя, што Беларусь можа інтэгравацца і ў Эўропу, і ў Расею адначасова), такая пастаноўка пытаньня выклікае сумныя паралелі. Некалькі разоў у сваёй гісторыі Беларусь ужо бывала «зонай канструктыўнага супрацоўніцтва» паміж Эўропай і Расеяй. Тры падзелы Рэчы Паспалітай, Берасьцейскі мір, дамова ў Рызе, пакт Рыбэнтропа-Молатава... Такое супрацоўніцтва канчалася, аднак, ня росквітам і вызваленьнем, а нацыянальнай катастрофай.

Дыялёг пра Беларусь безь Беларусі ня можа закончыцца чымсьці станоўчым і на гэты раз. Аб адзінай эўрапейскай пазыцыі ў адносінах да Беларусі (як і наагул аб адзінай замежнай палітыцы ЭС) гаварыць дагэтуль не прыходзіцца. Таму парадак дня падобнага «дыялёгу» будзе дыктавацца Крамлём.

Гутарка можа пайсьці толькі пра тое, каб схіліць ЭС да згоды на тыя палітычныя праекты, якія Расея захоча рэалізаваць у Беларусі. Ва ўмовах вуглевадароднай залежнасьці ЭС ад Расеі эўрапейцы наўрад ці маюць нейкія мэханізмы, каб схіліць Расею да зьмястоўнага дыялёгу, прапанаваць Расеі штосьці, каб тая ўзамен паспрыяла дэмакратызацыі лукашэнкаўскага рэжыму.

Да таго ж, на зьмястоўны дыялёг (а не перамовы з мэтай прымусіць ЭС выдаць Расеі карт-блянш на рэалізацыю сваіх палітычных і эканамічных праектаў у Беларусі) Расея ня пойдзе і з унутрыпалітычных прычынаў. Антызаходняя гістэрыя і ксэнафобія там ужо дасягнулі такіх вышыняў, якія беларусам толькі сьняцца. Масавая сьвядомасць там настолькі «накачаная» антыўкраінскай, антыгрузінскай і антыэстонскай кампаніямі, што любы дыялёг, мэтай якога была б хаця б вонкавая дэмакратызацыя заходняга суседа проста непазьбежна будзе інтэрпрэтаваны публікай як геапалітычная параза.

Не нашкодзіць

У сьвядомасьці расейскіх элітаў і грамадзтва тэрмін «дэмакратыя» набыў статус лаянкі і асацыюецца хіба што з прасоўваннем антырасейскіх рэжымаў. За апошнія месяцы толькі ўзмацніўся эканамічны і сілавы шантаж краінаў былога СССР — узгадайце дэманстратыўны мараторый на дамову аб звычайных узбраенняў і непрыхаваныя пагрозы дзяржаўнага перавароту ў Эстоніі праз выссаны з пальца канфлікт вакол помніка. Відавочна, што ў выпадку зьмяны палітычнай сытуацыі ў Беларусі наша краіна мусіць быць гатовая сутыкнуцца з такім жа прэсінгам, інфармацыйнай атакай, палітычным і эканамічным шантажом з мэтай прымусіць краіну прытрымлівацца той палітычнай траекторыі, якую для яе абярэ Расея. Супрацьстаяць такому прэсінгу можа толькі скансалідаваная нацыянальная эліта, а не спажывец чужых палітычных праектаў.

Рэалістычнасьць расейска-эўрапейскага супрацоўніцтва ў справе Беларусі ня большая, чым рэалістычнасьць дыялёгу з Лукашэнкам, які прасоўваюць некаторыя эўрапейскія палітыкі. Аднак палітычныя наступствы гэтага праекту могуць быць нашмат горшымі — ня робячы нічога дзеля зьмены палітычнай сытуацыі ўнутры краіны, такое прасоўваньне легітымізуе сам прынцып, што лёс Беларусі можна вырашаць за сьпінай самой Беларусі. Нічога добрага ад такога чакаць не выпадае.

***

P.S. Сказаўшы гэта, я цалкам усведамляю, што дыялёг з Расеяй патрэбны. Ён патрэбны для дасягненьня простай стратэгічнай мэты — вынаходжаньня формулы цывілізаванага суіснаваньня Беларусі і Расеі як дзьвюх незалежных дзяржаваў. Але яго мусіць весьці найперш беларуская грамадзянская супольнасьць, якая павінна сама прапанаваць парадак такога дыялёгу, вызначыць неабходны мінімум супольнай пазыцыі, якая акрэсьлівае нацыянальныя інтарэсы краіны, і ўмець актыўна і пасьлядоўна іх абараняць.

Нам трэба дарасьці да такога дыялёгу — калі хочаце, мы мусім выпрацаваць інстынкт нацыянальнага самазахаваньня, які дазволіць спакойна супрацоўнічаць і кантактаваць з усходнімі суседзямі. Любое дэлегаваньне адказнасьці за лёс краіны — ці то Эўропе, ці Лукашэнку, ці Расеі — робіць фармаваньне такога кансэнсусу немагчымым. Тады сапраўды Лукашэнка зноў перастане быць галоўнай пагрозай незалежнасьці Беларусі — аднак ані свабоды, ані незалежнасьці ў Беларусі не прыбавіцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)