Общество
Міхал Стэльмак, ”Радыё Свабода”

Сёньня прадпрымальнікі правядуць мітынг пратэсту

У сталіцы Беларусі пройдзе дазволены гарадзкімі ўладамі мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны зьбіраюцца пратэставаць супраць увядзеньня указам Аляксандра Лукашэнкі новых парадкаў, якія, на думку прадпрымальнікаў, пагаршаюць умовы іх працы і абмяжоўваюць правы.

Менгарвыканкам дазволіў дробным бізнэсоўцам правесьці мітынг у парку Дружбы народаў. Як паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня каардынацыйнай рады сталічных прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, яны будуць найперш дамагацца адмены прэзыдэнцкага ўказу №760:

Макаеў: “Адмяніць гэты ўказ №760 могуць толькі нашы пасьлядоўныя дзеяньні. Нормы гэтага ўказу робяць немагчымым занятак прадпрымальніцтвам у Рэспубліцы Беларусь. Мы будзем апэляваць да ўсёй грамадзянскай супольнасьці зь ініцыяваньнем рэфэрэндуму па ацэнцы ўказаў і дэкрэтаў прэзыдэнта, у тым ліку і ўказу №760. На мітынгу гэтая інфармацыя прагучыць”.

Напярэдадні Аляксандр Макаеў і яго паплечнікі інфармацыю пра сёньняшні мітынг распаўсюджвалі на рынках Менску й сталічнага рэгіёну. Большасьць прадпрымальнікаў рынку Ждановічы выказалі падтрымку ідэі акцыі:

Спадар: “Як гэта зразумець, што можна працаваць толькі блізкім сваякам?! Гэта што — мы вяртаемся да першабытнаабшчыннага ладу, калі працавалі кланамі, адным племем? А калі змадэляваць сытуацыю, што жонка цяжарная і чакае дзіця. Дык што, я не магу папрасіць на працу чужых людзей? Мы будзем пратэставаць”.

Спадар: “Тое, што прыдумалі сваякоў, то гэта несур’ёзна. У кагосьці гэтыя сваякі ёсьць, а ў кагосьці іх няма”.

Спадарыня: “Напрыклад, я працую адна. І мне патрэбна браць на працу чалавека. Каго браць? У мяне сваякі — толькі старыя бацькі. Як узяць наёмнага работніка? Атрымліваецца, што трэба хлусіць. Трэба афармляць сыну фіктыўны шлюб і нявестку браць на працу. А як жа па-іншаму?”

Спадар: “Я так разумею, што палітыка нашай дзяржавы — больш спагнаць з нас грошай. Мы ж будзем імкнуцца страйкаваць”.

Паводле арганізатараў мітынгу, яго падрыхтоўка праходзіла зь цяжкасьцямі. Напрыклад, 9 сакавіка на рынку Малінаўка затрымалі Аляксандра Макаева.

Макаеў: “Засталося ўзгадніць яшчэ зь 5 інстанцыямі: Савецкім райвыканкамам, Міністэрствам надзвычайных сытуацый, камітэтам аховы здароўя, Менскзелянбудам і гаррэмаўтадорам”.

Карэспандэнт: “У сувязі з чым узьніклі праблемы?”

Макаеў: “Дазвол з ГУУС Менгарвыканкаму мы атрымалі ўвечары 7 сакавіка. Пасьля былі сьвяточныя і выхадныя дні — 8-га, 9-га, 10-га і 11-га сакавіка, калі нашы дзяржаўныя органы не працуюць”.

Апроч сталічных прадпрымальнікаў, удзел у акцыі зьбіраюцца прыняць і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў. У прыватнасьці, мелі намер прыехаць у Менск кіраўнікі Страйкаму прадпрымальнікаў былыя палітвязьні Валеры Леванеўскі й Аляксандр Васільеў. Аднак, як паведаміў спадар Леванеўскі, у іх узьніклі праблемы з выездам з Горадні:

Леванеўскі: “11 сакавіка я выходзіў з дому — з пад’езду з сям’ёй. І Васільеў быў у мяне ў гасьцях. Толькі селі ў машыну, як нечакана выскачылі супрацоўнікі АМАП, перакрылі нам дарогу. Яны выскачылі, сказалі, каб мы падрыхтавалі дакумэнты і заявілі, што дадзены аўтамабіль ва ўгоне. Я думаю, што гэта была акцыя застрашэньня, каб мы з Васільевым на мітынг не патрапілі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)