«Светам і Беларуссю кіруюць злосныя курдупелі»

Класік сучаснай філасофіі, літаратар і жартаўнік пагутарыў з журналістам НЧ Аленай Барэль аб палітычных курдупелях, страйку на галерах Гаспадара, пошуках радовішчаў адэкватнай часу ўлады і аб тым, каму трэба натаўчы ў каршэнь, а на развітанне даць добрага выспятку.

Дзе Акудовіч — у бульбе ці ў лесе?

— Апошнім часам вас амаль немагчыма знайсці — мабільнік выключаны, ніхто не ведае, дзе вы. Стаміліся ад увагі прэсы, мітусні, ці сапраўдны філосаф павінен быць пустэльнікам і «мець свой сум», каб «у пару забуяла бульба»?

— І першае, і другое, і трэцяе. Але апошняе — перадусім. З гадамі патрэба адлюдства робіцца ўсё больш актуальнай. Яшчэ раней прамовілася: «У мае гады людзі ўжо не цікавяць, а толькі аблокі». Таму, як сапраўдны беларус, я і «хаваюся ў бульбу». Вядома, якая з той бульбы хованка — галава ў бацвінні, а азадак вытыркаецца кожнаму воку.

— Дзе бавіце час і чым зараз займаецеся?

— Летам, як звычайна, вандраваў з сябрамі на байдарках па рэках і азёрах Беларусі. Гэтым разам абралі азёры Мястра і Нарач, а затым па рэчцы Нарачанка плылі да Вяллі. Шлях выдаўся досыць напружаным, аднак і прыемнасцяў было з каптуром. Потым, як пайшлі грыбы, дык вымагаўся з апошняга, каб толькі апынуцца ў лесе. Уся лядоўня запханая грыбамі, а ў склепе чакаюць свайго часу бочачкі з засоленымі ваўнухамі ды груздамі. Лес — маё адхланне. І калі Караткевіч меў рацыю, вызнаўшы, што «на Беларусі Бог жыве», дык жыве ён ў лесе. Дакладней, Лес і ёсць нашым (прынамсі, маім) Богам… А займаюся я цяпер шмат чым, але найперш падрыхтоўкай да публічнай лекцыі ў «Лятучым універсітэце» і адначасна да прэзентацыі маёй апошняй кнігі, якая называецца «Кніга пра Нішто». Яна вельмі для мяне важная, бо тут задзіночанае ўсё маё думанне аб тайніцах — Няма, Нішто, Адсутнае, якія вярэдзілі мяне праз усё маё жыццё. Дарэчы, лекцыя разам з прэзентацыяй адбудуцца 2 лістапада ў галерыі «Ў» а 18:30.

— Назва папярэдняй вашай кнігі «Архіпелаг Беларусь», складзенай з фрагментаў інтэрв’ю за васямнаццаць гадоў, перагукаецца з «Архіпелагам ГУЛАГ» Салжаніцына выпадкова ці не?

— Што да тыпалагічнага падабенства, дык цалкам выпадкова. Мне пра гэта нагадалі чытачы, калі я ўжо надрукаваў эсэ «Архіпелаг Беларусь». (Праз шмат год яго назва і будзе скарыстаная для кніжкі.) Нават дзіўна, што я ні разу не згадаў Салжаніцына, пакуль пісаў тое эсэ. Зрэшты, можа нічога дзіўнага ў гэтым і няма, бо маё мысленне тады (на маё шчасце) яшчэ не было спалітызаваным. На тую пару Беларусь мяне вярэдзіла толькі ў метафізічным дыскурсе.

Волат у палітыцы неўпрыкмет ператвараецца ў курдупеля

— Гадоў сем таму вы распавядалі мне пра вясёлкавую будучыню Беларусі: не газ ці нафта, а прэсная вада стане галоўным багаццем у свеце, і нашая краіна блакітных азёраў — манапалістам, які будзе вырашаць, каму колькі даваць вадзічкі. Ці змянілася вашае меркаванне адносна квітнеючай будучыні радзімы?

— Не, не змянілася. Толькі сёння да вады я б яшчэ далучыў лясы, балоты і пакуль яшчэ не знойдзеныя радовішчы адэкватнай часу палітычнай улады. Бо без вынаходніцтва апошняга мы можам змарнаваць не на ўласную карысць усе свае прыродныя скарбы. Зрэшты, для беларусаў будучыня заўсёды праменілася святлом. Згадайма хаця б назву легендарнай выдавецкай суполкі «Загляне сонца ў наша аконца».

І хаця тая рамантычная вера ў прышласць, што была агучаная на пачатку ХХ стагоддзя, тым жа стагоддзем была і спляжаная да звання, сёння я не бачу ніякіх падставаў, каб у нас і надалей адбыванне быцця заставалася не як у людзей. Натуральна, наперадзе нас яшчэ чакае бязладны вэрхал пасля дзесяцігоддзяў «апошняй дыктатуры Еўропы», але ж яна сапраўды будзе апошняй.

— Яшчэ адно пытанне «праз гады»: айчынныя палітычныя «курдупелі» (так на радзіме Акудовіча клічуць недамеркаў — А.Б.), пра якіх мы калісьці вялі гаворку, эвалюцыянавалі ў волатаў? Ці гэта немагчыма ў «Беларусі як постмадэрновым праекце Бога»?

— Палітыка з сутнасці самой сябе не толькі зніжае, але і прыніжае чалавека. Таму нават калі ў палітыку прыходзіць «волат», ён неўпрыкмет і для самога сябе ператвараецца ў курдупеля. Асабліва гэта небяспечна для творчага чалавека. І зусім ужо бяда, калі ён да таго ж сумленны чалавек. «Не ходите дети в Африку гулять…» У вышэй згаданай вамі кнізе ёсць радкі: «Божа, цяпер я ведаю, якой была Твая апошняя кара нябесная. Сыходзячы ў нябыт, Ты аддаў нас у рукі палітыкаў». І цяпер гэтыя злосныя, закамплексаваныя недамеркі кіруюць светам і Беларуссю таксама. Можа, якраз таму, што постмадэрновы праект яшчэ не стаўся рэальнасцю Беларусі?..

Калі застрайкуем цывілізавана?

— Вы мяркуеце, цытую, што «ўсяму свету вядома, што нават авечкі нам у паслухмянстве саступаюць» і «нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных». Ці ўсё ж саспеў беларус для глабальнага страйку на руднях і галерах свайго Гаспадара?

— Верагодна, пакрысе мы забудземся на анталагічны кон свайго мужыцкага паклікання, набяромся шляхецкай годнасці і насамрэч (а не толькі ў паэтычных парываннях) зажадаем «людзьмі звацца». Тады, як будзе на тое патрэба, і застрайкуем цывілізавана. Але пакуль мы здольныя адно на бунт, што і натуральна, бо рабы і галернікі прагнуць толькі самім вырвацца з пекла, а не збудаваць рай для ўсіх. Між іншым, я ўвогуле досыць скептычна стаўлюся да сацыяльных пратэстаў як меры спеласці грамадства. Звычайна сацыяльна-палітычныя пратэсты найперш сведчаць, што грамадству зажадалася болей таго, чаго яно на гэты момант вартае.

— Вы неяк казалі, што чаканне свабоды не павінна быць пасіўным…

— Знакамітая кітайская показка распавядае, што калі доўга, вельмі доўга сядзець на беразе рэчкі, дык некалі пабачыш, як труп твайго ворага праплыве паўз цябе. Эўрыстыка неверагодная, таму показка і праз вякі памятаецца. Але я яе згадаў адно дзеля таго, каб заўважыць, што марна сядзець і выглядаць на даляглядзе смерць ворага тваёй свабоды. Бо ў тваёй свабоды ёсць толькі адзін вораг — гэта ты сам. І таму пакуль ты не падымеш свой азадак і не зробіш хоць колькі крокаў наўзбоч сваёй нерухомасці, да той пары і будзеш сядзець на «парашы».

— Дзе тое выйсце для краіны, якое стане яе ўваходам у Еўропу і цывілізаванае жыццё?

— У канцы тунэля…

Любоў да Беларусі як вычварэнства

— Вы казалі, што большасць свядомых носьбітаў роднай мовы скончылі жыццё калі не ў Курапатах, то ў галечы. Які лёс чакае сённяшніх беларускамоўных?

— «Палюбіць Беларусь — і не памерці» (Ліда Наліўка). Надзвычай глыбокая і дакладная паэтычная філасафема беларускай сітуацыі. У ранейшыя часы любоў да Беларусі рэальна пагражала твайму фізічнаму існаванню, сёння — экзістэнцыйнаму. Вельмі не проста берагчы гэтую любоў праз усё жыццё, калі паноўная ўлада і бальшыня грамадства яе лічыць не толькі дурноццем, але і вычварэнствам, кшталту нетрадыцыйнай сэксуальнасці. Зрэшты, і хай сабе, затое ў нас ёсць вялікая любоў, а што маюць яны?

— Беларускасць застаецца прытулкам толькі для інтэлектуалаў — гэта захад нацыі?

— Калі б мы жылі не на пачатках постнацыянальнай эпохі, дык я сказаў бы цалкам наадварот: у актуальным нам свеце без трывалых інтэлектуальных дыскурсаў паўнавартасная нацыя немагчымая, таму яны не «захад», а «ўсход» (нарэшце «заглянула сонца ў наша аконца»).

Але калі тэарэтыкі і паспяшаліся з прагалошваннем «постнацыянальнай эпохі», дык усё роўна сучасная сітуацыя выглядвае куды больш складанай і пакручастай, раўнуючы з тым, як бачылася праблема нацыянальнага ідэолагам беларускага Адраджэння на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Толькі ў нашай кароткай гаворцы яе не прасветліш…

«Натаўчыце яму ў каршэнь, а на развітанне дайце добрага выспятку!»

— «Мы сеялі жыта, гадавалі дзяцей, слухаліся Бога, і нам было добра. Але неяк прывалокся да нас адзін разумнік…» Ці падкажа філосаф нашчадкам атэістаў, як вярнуць вытручаную за 70 гадоў веру?

— Калі гэта пытанне да наратара (апавядальніка), дык ён вам адкажа тымі ж самымі словамі: «Сеяць жыта, гадаваць дзяцей і слухацца Бога». Калі гэта пытанне да аўтара (Валянціна Акудовіча) кнігі «Дыялогі з Богам», скуль узятая цытата, дык я не памятаю, што аўтар тады думаў, бо пісалася яна ўжо досыць даўно. Калі гэта пытанне да мяне сённяшняга, дык у якасці адказу я проста згадаю першы радок з «Кнігі пра Нішто»: «Калі я ў нечым і падобны да Бога, дык гэта найперш у тым, што нас абодвух няма».

Але, незалежна ад маіх адказаў, трэба ясна ўсведамляць, што, у адрозненне ад постнацыянальнай эпохі, пачаткі пострэлігійнай эпохі досыць карэктна звязваць яшчэ з апошняй чвэрцю ХІХ стагоддзя, і яны ўмоўна могуць быць пазначаныя знакамітым здумленнем Фрыдрыха Ніцшэ аб смерці Бога. Шматлікія сацыялагічныя і аналітычныя даследаванні засведчылі проста жахлівае зніжэнне патрэбы ў рэлігійных канонах у другой палове нашага стагоддзя, і гэта тычыцца ўсіх веравызнанняў.

Натуральна, нічога добрага ў гэтым няма, бо той свет, які мы ведаем, пераважна ствараўся рэлігійным, у сваёй сутве, чалавекам. І калі рэлігійны чалавек ужо не галоўны чалавек на зямной кулі, дык, значыць, нас усіх чакаюць глабальныя перамены. І хто сёння скажа, што для нашага свету яны будуць да лепшага?!

— Вы не зважаеце на Багушэвіча і Міцкевіча, каб глядзець на Беларусь, нічога не ведаючы аб ёй для чысціні ўспрымання. «Разбураеце» Парыж, каб убачыць Мінск у яго сапраўднай значнасці. І як чалавек, якога «няма», пэўна, ведаеце, якім чынам нам пераадолець усё, што нас раз’ядноўвае, — ад каланіяльнай гісторыі да зрусіфікаванай дзяржавы?

— Калі нехта запэўніць вас, быццам нешта такое ён дакладна ведае і гатовы нават прадэманстраваць на практыцы, дык натаўчыце яму ў каршэнь, а на развітанне дайце добрага выспятку! Ад такіх «ведуноў» у нас уся зямля ў «Курапатах»…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)