Страляніна па ўласных нагах
Чым скончыцца перасьлед праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Меркаваньне Севярына Квяткоўскага на Радыё Свабода.
Ператрус на офісе БАЖ, 16 лютага 2021-га. Фота Радыё Свабода
Атака на праваабаронцаў і журналістаў выглядае ня больш як імітацыяй бурнай дзейнасьці. Нават калі ўсе праваабаронцы і журналісты апынуцца за кратамі ці пакінуць краіну, на пратэсты прынцыпова гэта ўжо не паўплывае.
Хіба падача інфармацыі станецца хаатычнай. А як тады ўлады будуць атрымліваць рэальную карціну падзеяў? Ад ідэолягаў дзяржаўных мэдыя?
Навошта ўладам татальная атака на беларускіх праваабаронцаў і незалежных журналістаў?
Як гэта бачаць «сілавікі»:
Працягваецца тэрор — людзі пазбаўляюцца жаданьня пратэставаць.
Ідзе адпрацоўка заданьня Лукашэнкі — знайсьці цэнтар ці цэнтры фінансаваньня пратэстаў.
Аплата штрафаў — тое самае фінансаваньне, бо «за свае грошы» людзі пратэставаць нібыта ня будуць.
Як бачыцца сытуацыя збоку:
Лукашэнка ня хоча прызнаць, што пратэсты не зьвязаныя ні зь нейкімі цэнтрамі кіраваньня, ні тым больш з грашыма.
Генэралы МУС і КДБ паўтараюць тактыку зачысткі грамадзянскага сэктару пасьля Плошчы-2010. Усё тое самае — тэрор супраць грамадзкіх актывістаў.
У ізалятарах «Валадаркі» і «Амэрыканкі» сярод іншых сядзяць лідэры няўрадавых арганізацый, якія па вэрсіі ўладаў датычныя да «цэнтраў кіраваньня» пратэстамі і «фінансаваньня пратэстаў».
Калі казаць пра грошы на сплату штрафаў, прынцыповае адрозьненьне ад папярэдніх гадоў найноўшай гісторыі Беларусі ў тым, што грошы зьбіралі ўсёй грамадой.
Таму закіды пра хоць якія «варожыя» фундацыі ў 2020–2021 гадах не працуюць. Народныя грошы для народу — вось што канфіскавалі ў мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава, якога вінавацяць у «фінансаваньні пратэстаў».
Сьляды такіх жа народных грошай для народу спрабуюць цяпер знайсьці ў кампутарнай тэхніцы сяброў самых розных праваабарончых арганізацый: ад журналісцкай (БАЖ) да рабочай (прафсаюз РЭП).
Якія могуць быць практычныя вынікі атакі на праваабаронцаў?
Генэралы МУС і КДБ могуць адсправаздачыцца Лукашэнку пра пасьпяхова праведзеную апэрацыю. Заадно часова суцішаныя самімі людзьмі пратэсты прыпісаць сабе як перамогу ў выніку плённай дзейнасьці «сілавікоў».
У рэальнасьці ва ўмовах прававога дэфолту ня толькі ператрусы, але нават арышты праваабаронцаў не саб’юць пратэставых настрояў, але яшчэ больш раззлуюць людзей.
Грошы і далей будуць перадаваць пацярпелым. Хіба беларусам давядзецца паскорана разьбірацца, як атрымліваць фінансы праз разнастайныя інтэрнэт-сэрвісы.
А цяпер самае непрыемнае для ўладаў. Краіны старой дэмакратыі могуць доўга вырашаць і не сьпяшацца рэагаваць на разгоны дэманстрантаў і нават на катаваньні ў засьценках.
Але як толькі дзесьці ідзе атака на журналістаў і праваабаронцаў, ва ўрадах дэмакратычных краінаў спрацоўвае сыгнал «Алярм!» і пачынае мігцець чырвоная лямпачка сур’ёзнай пагрозы.
Калісьці краіны сучасных дэмакратый перажылі свае дыктатарскія рэжымы, і цяпер журналісты і праваабаронцы — гэта гаранты таго, што дыктатуры ніколі ня вернуцца. І як вынік для Беларусі — «далейшыя санкцыі будуць прынятыя аднагалосна».
Чым хутчэй генэралы перастануць жыць мінулай вайной (у нашым выпадку разгромам дэмакратычнай апазыцыі пасьля Плошчы-2010), тым будзе лепей для ўсіх.
Тады дзясяткам тысяч гатовых выходзіць на пратэст спачувалі сотні тысяч. Цяпер сотням тысяч — мільёны.
«Дзікае паляваньне» на праваабаронцаў. Каму і навошта гэта трэба
Читайте еще
Избранное